Павышаем педагагічную кампетэнтнасць праз творчыя групы

Эфектыўнай формай метадычнай работы з выхавальнікамі дашкольных устаноў з’яўляецца работа творчых груп, якія ўяўляюць сабой прафесійныя аб’яднанні педагогаў, зацікаўленых ва ўзаемным творчым вывучэнні, распрацоўцы і абагульненні матэрыялаў пэўнай тэматыкі з мэтай пошуку аптымальных шляхоў вырашэння актуальных адукацыйных праблем і атрымання канкрэтнага метадычнага прадукта.

Штогод на Століншчыне, зыходзячы з запытаў педагогаў, ствараюцца творчыя групы пэўнай тэматыкі. Іх пасяджэнні носяць практычны характар. Удзельнікі абменьваюцца цікавым вопытам, абмяркоўваюць надзённыя пытанні. Вынікам работы кожнай групы з’яўляецца метадычны прадукт, запатрабаваны выхавальнікамі дашкольных устаноў раёна.

У мінулым навучальным годзе працавалі 4 творчыя групы: намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці  (“Павышэнне якасці адукацыйнага працэсу на беларус­кай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі”), выхавальнікаў (“Фарміраванне культуры здаровага ладу жыцця ў дашкольнікаў праз праектную дзейнасць”, “Змест работы па выкарыстанні тэхналогіі інтэлектуальна-творчага развіцця дзяцей “Казачныя лабірынты гульні” В.В.Васкабовіча з да­школьнікамі”) і настаўнікаў-дэфектолагаў (“Выкарыстанне гульнявых камп’ютарных тэхналогій у адукацыйным працэсе з да­школьнікамі”). Члены творчых груп распрацавалі і сістэматызавалі матэрыялы, якія можна паспяхова выкарыстоўваць у практычнай дзейнасці.

Асабліва плённай аказалася дзей­насць творчай групы выхавальнікаў па фарміраванні культуры здаровага ладу жыцця ў дашкольнікаў праз праектную дзей­насць. Асноўныя намаганні членаў групы пад кіраўніцтвам Г.І.Харашун былі накіраваны на павышэнне педагагічнай кампетэнтнасці па фарміраванні навыкаў ЗЛЖ у дашкольнікаў, прапаганду ЗЛЖ сярод дзяцей і іх бацькоў.

Педагогі распрацавалі і прэзентавалі на пасяджэннях 8 адукацыйных праектаў па фарміраванні валеалагічнай культуры ў старшых дашкольнікаў: “Здаровае харчаванне — умова здароўя”, “Вітаміны для здароўя”, “Гігіена ўсім карысна і неабходна”, “Рэжым дня дома і ў дзіцячым садзе”, “Фарміраванне ЗЛЖ сродкамі алімпійскай адукацыі” і інш. Асаблівай увагі заслугоўвае праект выхавальніцы Т.С.Шаровай з рэчыцкага ясляў-сада № 3 “Здаровае харчаванне — умова здароўя”, які складаецца з розных творчых прадуктаў: картатэк гульняў, доследаў, дыдактычных гульняў, лэпбукаў, творчых работ дзяцей і бацькоў, тэматычных метадычных і інфармацыйных матэрыялаў у дапамогу педагогам і бацькам. 

Не менш цікавымі і змяс­тоўнымі атрымаліся развіццёвыя лэпбукі валеалагічнай тэматыкі выхавальніц М.А.Ліцвінка з ясляў-сада № 3 Століна, Г.М.Гойка з рэчыцкага ясляў-сада № 2 і В.А.Чайкі з ясляў-сада № 1 Століна.

Падчас пасяджэнняў творчай групы педагогі атрымалі не толькі каштоўны вопыт, які будзе прыменены на практыцы, але і яркія і пазітыўныя эмоцыі ад цікавых зносін з калегамі. Метадычным прадуктам стаў зборнік, які ўключае адукацыйныя праекты па фарміраванні валеалагічнай культуры ў дашкольнікаў і мультымедыйны дадатак з дыдактычнымі гульнямі і лэпбукамі. Зборнік карысны і педагогам, і бацькам выхаванцаў.

Даволі цікавы вопыт работы назапашаны творчай групай намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці дашкольных устаноў. Пасяджэнні групы праводзяцца ў форме круглых сталоў і дыскусій. На працягу апошніх гадоў яе ўдзельнікі працавалі ў рамках Года малой радзімы па далучэнні дашкольнікаў да беларускай мовы.

Для больш уважлівага знаёмства дзяцей з гісторыяй, традыцыямі і культурай Століншчыны быў створаны дзіцячы атлас з 10 раздзелаў: “Герб, карта раёна”, “Прырода роднага краю”, “Вядомыя мясціны роднага краю”, “Вядомыя людзі”, “Цікавыя факты”, “Святы і традыцыі роднага краю”, “Адзенне, нацыянальныя касцюмы”, “Рамёствы”, “Прамысловасць, вытворчасць”. Да кожнага раздзела распрацаваны дыдактычныя, электронныя і сюжэтна-ролевыя гульні “Мытня”, “Палескія вострыя прыправы”, “Кансервавы завод” і “Конеферма “Палясяначка”, лэпбукі “Мая малая радзіма”, “Святы Століншчыны” і інш., якія дазваля­юць дзецям самастойна пашыраць веды пра родны край.

У мінулым навучальным годзе ўдзельнікі творчай групы працавалі над тэмай, звязанай з павышэннем якасці адукацыйнага працэсу на беларускай мове ў дашкольных установах. У цэнтры ўвагі знаходзіліся пытанні, якія тычыліся метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу па далучэнні дашкольнікаў да роднай мовы, беларускіх традыцый і культуры малой радзімы, распрацоўкі канспектаў і сценарыяў заняткаў, мерапрыемстваў, экскурсій і гульняў па раздзелах дзіцячага атласа Століншчыны.

На пасяджэннях абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з выкарыстаннем ІКТ у арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове і далучэнні дашкольнікаў да беларускіх традыцый і культуры, метадычнымі аспектамі прымянення практычных распрацовак дзіцячага атласа ў рабоце з дзецьмі. Разглядаліся пытанні па стварэнні і выкарыстанні электронных гульняў і мультымедыйных прэзентацый на занятках і ў іншых відах дзейнасці.

Вынікам работы ўдзельнікаў групы стаў мультымедыйны дадатак да метадычнага зборніка з відэаролікамі і мультымедыйнымі прэзентацыямі пра знакамітых людзей і мясціны Століншчыны (“Альманскія балоты”, “Парк Манькавічы”, “Наш родны горад — Столін”, “Вандроўка па славутых мясцінах роднага Давыд-Гарадка”, “Прырода роднага краю”, “Святы і традыцыі роднага краю”).

Удзельнікі групы шукалі  звесткі пра ўнікальныя рэгіянальныя святы: народнае свята-абрад “Конікі” ў Давыд-Гарадку, конны фестываль у вёсцы Рамель, свята журавін у вёсцы Альманы, свята “Гараднянскі кірмаш” у весцы Гарадная. Вынікі даследчай дзейнасці адлюстраваны ў шэрагу праектаў (“Ад камяка гліны да гаршка“, “Самая карысная ягада — журавіны” і інш.) і беларускамоўным зборніку з мультымедыйным дадаткам “Знаёмімся з родным краем”.

Далучаць дзяцей да вытокаў народнай культуры нельга без паслядоўнай і мэтанакіраванай работы з бацькамі. У новым навучальным годзе ўдзельнікі творчай групы працягнуць распрацоўваць практычныя матэрыялы па ўзаемадзеянні з бацькамі па далучэнні дашкольнікаў да беларускай мовы, традыцый і культуры роднага краю.

Наталля КАВАЛЬСКАЯ,
метадыст Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.