Павышаецца градус хваляванняў

Застаецца некалькі месяцаў да пачатку Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Kazan — 2019. Перад спаборніцтвамі разам з летняй тэмпературай павышаецца градус хваляванняў. Увесь летні перыяд члены нацыянальнай зборнай толькі мараць пра канікулы. Даводзіцца напружана трэніравацца, а некаторым нават удаецца паўдзельнічаць у конкурсах і прывезці перамогу.

Так атрымалася ў хлопцаў з Індустрыяльна-педагагічнага каледжа, філіяла РІПА, якія прывезлі залатыя медалі з прэстыжнага спаборніцтва Knauf Junior Trophy, якое прайшло ў Аўстрыі. Knauf Junior Trophy — конкурс прафесійнага майстэрства, які праводзіўся па прафесійнай кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкоўка”. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі 12 краін: Беларусі, Сербіі, Бельгіі, Харватыі, Літвы, Казахстана, Латвіі, Балгарыі, Чэхіі, Аўстрыі, Грузіі, Славеніі. Каманду Knauf Belarus прадстаўлялі А.С.Іўчанка, кіраўнік службы маркетынгу ЗААТ “Kнаўф Маркетынг”, міжнародны эксперт WorldSkills Belarus у прафесійнай кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкоўка”, А.Л.Мажэйка, кіраўнік вучэбнага цэнтра ЗААТ “Kнаўф Маркетынг”, нацыянальны эксперт гэтай жа кампетэнцыі, і два канкурсанты Мікіта Самсончык і Максім Варажбіт з Індустрыяльна-педагагічнага каледжа, філіяла РІПА.

Як праходзілі спаборніцтвы, расказаў Аляксандр Сяргеевіч Іўчанка — чалавек вядомы ў нашай сістэме прафесійнай адукацыі, які, па сутнасці, стаў адным з заснавальнікаў прафесійнай кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва” ў Беларусі.

Knauf Junior Trophy праводзіцца 15-ы раз, арганізатарам выступае кампанія Knauf, якая прадстаўляе тэхналогіі сухога будаўніцтва і развівае комплексныя сістэмы ў будаўнічай галіне. Паняцце “сухое будаўніцтва”, якое многім не знаёма, можна патлумачыць літаральна: сухое — значыць без вады, без тых мокрых працэсаў, якія выкарыстоўваюцца пры тынкоўцы ці бетанаванні. Першым і самым галоўным крокам у сухім будаўніцтве з’яўляецца зборка каркаса з металічнага профілю, затым прымяняюцца гіпсакардонныя, гіпсавалакністыя лісты і сухія сумесі для падрыхтоўкі паверхняў збудавання.

Калі параўноўваць Knauf Junior Trophy з конкурсамі WorldSkills, то, безумоўна, гэта не той маштаб. Спаборніцтву ўласціва і вузкая прафесійная накіраванасць. Заданні для канкурсантаў крыху спрошчаныя, а ад кожнай каманды выступаюць па два ўдзельнікі. І самае характэрнае для Knauf Junior Trophy — ён праходзіць у два этапы (тэарэтычны і практычны), як і нашы конкурсы прафесійнага майстэрства рэгіянальнага маштабу.

У тэарэтычны тур былі ўключаны каля 160 пытанняў па ўсіх відах тэхналогій сухога будаўніцтва. Трэба было адказаць на 50 з іх. Мікіта Самсончык і Максім Варажбіт справіліся з заданнем на ўсе 100%. На другім, практычным, этапе ўдзельнікам трэба было за 4 гадзіны сабраць канструкцыю, праект якой быў дадзены загадзя. Акрамя самой зборкі, неабходна было выканаць малярныя работы — шпаклёўку, устанавіць будаўнічыя вугалкі і вывесці паверхню да катэгорыі Q4 (катэгорыя якасці). Практычная частка конкурсу ацэньвалася экспертамі па трох крытэрыях: лінейныя памеры, узроўні і вуглы, знешні выгляд (шпаклёўка). Нашым хлопцам удалося выканаць і гэтае заданне лепш за ўсіх. У выніку — ганаровае 1-е месца!

Мікіта і Максім аб’ездзілі шмат спаборніцтваў і заўсёды выступалі ўдала. Стаялі яны побач і на п’едэстале ў час узнагароджання на ІІІ Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2018. Максім Варажбіт, тады яшчэ навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12, заваяваў 1-е месца ў прафесійнай кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкоўка”, а Мікіта Самсончык з Індустрыяльна-педагагічнага каледжа, філіяла РІПА, атрымаў “серабро”.

Цяпер Мікіта рыхтуецца да Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Kazan — 2019. Сапернікаў там у яго будзе дастаткова: заяўкі для ўдзелу ў прафесійнай кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкоўка” падалі канкурсанты з 23 краін. Байцоўскі дух Мікіта ўмацоўвае праз спецыяльную псіхалагічную падрыхтоўку. І, безумоўна, трэніруецца і трэніруецца, бо перамагчы можна, толькі дзякуючы прафесійнаму майстэрству.

Змест задання WorldSkills удзельнікі атрымаюць напярэдадні спаборніцтва. Кожнаму будзе дадзена магчы­масць толькі прадумаць, як яго выканаць, а сама работа разгорнецца ўжо непасрэдна на конкурснай пляцоўцы. Трэба будзе выканаць 4 модулі. Першы, на які адводзіцца 15 гадзін, прадугле­джвае зборку канструкцыі па зададзеным чарцяжы. Другі модуль — шпаклёўка і дэкаратыўная тынкоўка. На яго адво­дзіцца 6 гадзін.Трэці — работа на хуткасць з гіпсавымі молдынгамі, якія, згодна з заданнем, трэба ўмацаваць на канструкцыі. Апошні модуль — творчы, у якім канкурсанты будуць вырабляць гіпсавыя вырабы любой канфігурацыі і мацаваць на свабодную паверхню канструкцыі. На яго адводзіцца 2 гадзіны. Усе модулі будуць выконвацца пад пільным наглядам экспертнай групы чэмпіянату. Ацэнкі за выкананне кожнага модуля суміруюцца, і выводзіцца адзіны вынік работы.

Аляксандр Іўчанка паведаміў, што да пэўнага часу сухому будаўніцтву ў Беларусі прафесійна ніхто не вучыў, пакуль кампанія Knauf, прадпрыемства “Белгіпс” і РІПА не пачалі пралангацыю. Папярэдне кампанія Knauf ужо назапасіла багаты вопыт падрыхтоўкі кадраў для сухога будаўніцтва ў краінах СНД. З 2015 года і ў нас пачалася пралангацыя прафесіі мантажніка каркасна-абшывачнай кан­струкцыі сухога будаўніцтва. Падрыхтоўка кадраў па гэтых тэхналогіях была арганізавана ў шэрагу сталічных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінска і ў некалькіх рэгіёнах. Зараз ставіцца задача ўдасканальваць навучанне па гэтым напрамку з улікам міжнародных стандартаў.

Прыкметнай асаблівасцю чарговага, 45 па ліку Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Kazan — 2019 стане з’яўленне на яго грандыёзнай пляцоўцы Future Skills творчай зоны, якая будзе ўяў­ляць сабой мадэль разумнага горада з прадстаўленнем ключавых сфер дзейнасці: энергетыкі, ІТ і лічбавых тэхналогій, транспарту, медыцыны, адукацыі, сельскай гаспадаркі і інш. Усе гэтыя галіны будуць функцыянаваць не так, як у штодзённым жыцці, а будуць прадстаўлены ў свеце высокатэхналагічнай вытворчасці і лічбавай эканомікі, будуць насіць апераджальны характар і такім чынам прадстаўляць тэхналогіі будучыні. Нездарма Future Skills у перакладзе азначае “будучыя навыкі”. Узнікненне такога праекта пад эгідай WorldSkills абумоўлена імклівымі глабальнымі змяненнямі ў сферы тэхналогій і вытворчасці, якія дыктуюць новыя патрабаванні да падрыхтоўкі кадраў. Упершыню спаборніцтвы Future Skills былі прадстаўлены на чэмпіянаце WorldSkills Hi-Tech 5 гадоў назад у Екацярынбургу, дзе канкурсанты дэманстравалі свае веды ў некалькіх кампетэнцыях. Цяпер стратэгічна значных кірункаў у развіцці лічбавай эканомікі намнога больш. Гэта 3D-прататыпаванне, інжынерыя касмічных сістэм, квантавыя тэхналогіі, прамысловая робататэхніка, сінтэз і апрацоўка мінералаў, праектаванне нейраінтэрфейсаў, лічбавая вытворчасць, лазерныя тэхналогіі і інш. У зоне Future Skills будзе працаваць інтэрактыўная выстава, дзе можна будзе азнаёміцца з гісторыяй і развіццём кампетэнцый будучыні, з новымі напрамкамі эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі. Наведвальнікам выставы будзе прада­стаўлена магчымасць ажыццявіць інтэрактыўнае падарожжа, сфарміраваць сваё ўяўленне аб прафесіях будучыні, а ў далейшым скарыстацца сваімі ведамі пры выбары прафесійнай дзейнасці.

У спаборніцтве Future Skills прымуць удзел 150 канкурсантаў. Упершыню будуць выступаць і беларусы. У склад нашай каманды ўвайшлі 3 удзельнікі Future Skills: Дзмітрый Дорах выступіць у прафесійнай кампетэнцыі “Тэхналогія прамысловага дызайну”, а Марына Жукава і Вольга Петравец — у кампетэнцыі “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання”. У якасці эксперта выступае Дар’я Старавойтава. Усе дзяўчаты скончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасцях будаўнічай галіны. Цяпер Марына працуе ў ААТ “ГИПРОЖИВМАШ”, а Вольга — на прадпрыемстве комплекснага праектавання “Гомельдарпраект”. Марына Жукава ў час вучобы ва ўніверсітэце наведвала курсы па вывучэнні Autodesk REVIT і ў выніку атрымала сертыфікат. Яна таксама актыўна ўдзель­нічала ў алімпіядах і канферэнцыях. Дзяўчына заняла 2-е месца на Міжнародным студэнцкім конкурсе ў Брэсце па праектах арганізацыйна-тэхнічнага напрамку. І сёння Марына пастаянна развіваецца ў сваёй сферы дзейнасці.

Вольга Петравец з’яўляецца магістрам тэхнічных навук. Яна таксама скончыла курсы “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання будынкаў”, курсы па інфармацыйным мадэляванні збудаванняў Building Information Modeling (BIM), курс BIM-менеджменту ў акадэміі BIM. Вольга з’яўляецца лаўрэатам конкурсу “Зорнае юнацтва”. Вопыт работы Вольгі ў сферы BIM-тэхналогій — каля пяці гадоў. Яна была дакладчыкам на Autodesk University Russia 2018. На прадпрыемстве “Гомельдарпраект” дзяўчына працуе кіраўніком укаранення
BIM-тэхналогій.

Эксперт Дар’я Старавойтава таксама працуе на гэтым прадпрыемстве на пасадзе архітэктара і вя­дзе падрыхтоўку Марыны і Вольгі да чэмпіянату. У сваёй рабоце на прадпрыемстве Дар’я прымяняла аб’ёмнае мадэляванне,  удзельнічала ў стварэнні мадэлей аграферм, спартыўна-аздараўленчых комплексаў, гасцініц, заводаў. Яна таксама займаецца дызайнам інтэр’ераў. Прайшла курсы па 3D-мадэляванні, удзель­нічала ў выставах, семінарах, канферэнцыях у гэтым кірунку, мае атэстат галоўнага спецыяліста па архітэктурных рашэннях. Па яе словах, у адрозненне ад традыцыйных сістэм камп’ютарнага праектавання, якія ствараюць геаметрычныя вобразы, вынікам інфармацыйнага мадэлявання будынка звычайна з’яўляецца аб’ектна-арыентаваная лічбавая мадэль як усяго аб’екта, так і працэсу яго будаўніцтва.Часцей за ўсё работа па стварэнні інфармацыйнай ма­дэлі будынка вядзецца ў два этапы. Спачатку распрацоўваюцца першасныя элементы праектавання, якія адпавядаюць як будаўнічым вырабам (вокны, дзверы, пліты перакрыццяў і г.д.), так і элементам аснашчэння (ацяпляльныя і асвятляльныя прыборы, ліфты і інш.), што мае непасрэднае дачыненне да будынка, але вырабляецца па-за будаўнічай пляцоўкай. Другі этап — мадэляванне таго, што ствараецца на будаўнічай пляцоўцы. Гэта падмуркі, сцены, дахі, навясныя фасады і многае іншае. Пры гэтым прадугледжваецца шырокае выкарыстанне зага­дзя створаных элементаў, напрыклад, крапежных або абрамляючых дэталей пры фарміраванні навясных сцен будынка.

Дар’я расказала, што кампетэнцыя “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання” прадугледжвае выкарыстанне ведаў па ўзвядзенні, аснашчэнні і эксплуатацыі збудаванняў розных відаў. Мадэль збудавання праектуецца ў рэжыме 3D, прычым у гэтым жа рэжыме ствараецца кожны элемент аб’екта. З дапамогай такіх тэхналогій праектуюцца сеткі абслугоўвання збудавання, усе дадатковыя дапаможныя сістэмы. Такім чынам, у такой віртуальнай мадэлі ўсё разлічана і спрагназавана. Для выканання работ па кампетэнцыі спатрэбіцца толькі камп’ютар, на якім трэба выканаць заданне.

Цяпер вядзецца актыўная падрыхтоўка да чэмпіянату. Члены нашай каманды трэніруюцца на стварэнні віртуальных збудаванняў рознага прызначэння: атэля, катэджа, пентхауса. Пабудаваць віртуальна — гэта частка справы. Трэба яшчэ разлічыць, наколькі сонца будзе ўплываць на асвятляльнасць пакояў збудавання, якія якасці ўласцівы зямельнаму ўчастку, дзе будзе пабудаваны аб’ект і колькі паверхаў вытрымае глеба. Паралельна вядзецца падлік часу, за колькі хвілін можна выканаць тую ці іншую праграму.

Ала КЛЮЙКО.