Павышаная ўвага — фарміраванню педагагічных класаў

2014/2015 навучальны год для сістэмы адукацыі Стаўбцоўшчыны быў адзначаны яркімі падзеямі і творчымі дасягненнямі. Скарбонка поспехаў раёна папоўнілася новымі педагагічнымі ідэямі, перамогамі навучэнцаў і педагогаў у конкурсах, алімпіядах, спаборніцтвах, канферэнцыях рознага ўзроўню. Пра дзейнасць сістэмы адукацыі раёна і перспектывы яе развіцця на новы навучальны год наш карэспандэнт гутарыць з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама Таццянай Іванаўнай БЕЛАНОВІЧ.

— Таццяна Іванаўна, якія падзеі мінулага навучальнага года былі найбольш яркімі, запамінальнымі?
— Сапраўды, мінулы навучальны год адметны яркімі падзеямі. Мы з гонарам адзначаем, што спецыяльнай прэміяй “Чалавек года Міншчыны-2014” удастоены настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Уладзімір Сяргеевіч Радзіон. Яго выхаванец — навучэнец 11 класа Мікіта Сазановіч — удастоены сярэбранага медаля на ХХVII Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Казахстане ў 2015 годзе. Штогод навучэнцы пад кіраўніцтвам Уладзіміра Сяргеевіча становяцца прызёрамі адкрытай Усерасійскай алімпіяды школьнікаў па праграмаванні ў Санкт-Пецярбургу, Маскве. Навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Міхаіл Харламаў стаў дыпламантам XIX Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару ў 2014/2015 навучальным годзе.
У Рэспубліканскім конкурсе метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту ў дапамогу арганізатарам турыстычна-краязнаўчай работы з навучэнскай моладдзю дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана Людміла Станіславаўна Назаранка, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “НІКА” гімназіі № 1 Стоўбцаў, за метадычную распрацоўку “Інфармацыйна-метадычны бюлетэнь як сродак павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у арганізацыі краязнаўчых даследаванняў”.
Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў 2015 годзе выпускнікі ўстаноў адукацыі раёна таксама парадавалі сваімі дасягненнямі. Трое навучэнцаў атрымалі па 100 балаў: па рускай мове — выпускнік сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Дзмітрый Цімафееў, па матэматыцы — выпускнік сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Дзяніс Урбан і выпускнік гімназіі № 1 Стоўбцаў Яўген Жыткоўскі. 11 навучэнцаў маюць балы ад 95 да 99.
Значнай падзеяй у раёне стала адкрыццё дзіцячага дома сямейнага тыпу, дзе 7 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, набылі ласку, любоў і павагу ў сям’і Кацярыны Рыгораўны і Аляксандра Анатольевіча Васільевых.
У пачатку 2015 года запушчана першая чарга фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Сённяшнія вынікі яго работы гавораць аб папулярнасці трэнажорнай залы, залаў для настольнага тэніса, більярднай. Нядаўна тут з’явіўся шэйпінг для дзяцей і дарослых, а з красавіка дабавіліся і турыстычныя паслугі.
У ІІІ Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, прысвечаным 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, харэаграфічны калектыў “Гарошынка” гімназіі № 1 Стоўбцаў (кіраўнік Н.А.Захарава) узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені.

— Каб дасягнуць новых поспехаў у вучобе, навучэнцам трэба добра адпачыць і набрацца сіл. Як праходзіць аздараўленне дзяцей у апошні месяц лета?
— Дастаткова насычанае і цікавае жыццё нашых выхаванцаў у апошні летні месяц. За жнівень у летніках усіх тыпаў плануецца аздаравіць 240 дзяцей. З 6 жніўня ў аздараўленчым летніку “Нёман” стартавала чацвёртая змена “Мы — за здаровы лад жыцця”, дзейнасць якой накіравана на выхаванне культуры здаровага ладу жыцця, адказных і бяспечных паводзін. Для дзяцей будзе праведзена міжведамасная акцыя “Здаровае лета”, арганізатарамі якой выступаюць аддзелы адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённыя аддзелы па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Пачалі работу профільныя летнікі: лінгвістычны “Эўрыка” і патрыятычны “Абаронца Айчыны”. Навучэнцаў, якія займаюцца даследчай дзейнасцю, з 15 жніўня чакае летнік “Юны даследчык”, дзе будзе рэалізоўвацца праграма “Прырода вакол нас”. Выхаванцаў чакаюць экалагічныя туры, віктарыны, даследчая работа, выраб гербарыяў, пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы.
35 навучэнцаў дзвюх устаноў адукацыі адпачываюць у летніках з дзённым знаходжаннем, 40 вучняў аздараўліваюцца ў летніках працы і адпачынку. Увогуле, летняе аздараўленне 2015 года мае дакладна выяўленую сацыяльную накіраванасць. Кожнае дзіця з так званай сацыяльна ўразлівай катэгорыі змагло атрымаць дапамогу ад дзяржавы і Стаўбцоўскага райвыканкама.

— Таццяна Іванаўна, а як рыхтуюцца ўстановы адукацыі да новага навучальнага года?
— У новым навучальным годзе за парты навучальных устаноў раёна сядзе 4401 навучэнец і 1650 дзяцей будуць атрымліваць дашкольную адукацыю. Рамонтныя работы праводзяцца ва ўсіх установах адукацыі гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах, заключаных з фізічнымі асобамі. Праведзены рамонт вучэбных кабінетаў, групавых памяшканняў дзіцячых садкоў, харчаблокаў, санвузлоў, гардэробаў, холаў, калідораў, памяшканняў бібліятэк. Завяршаюцца работы па капітальным рамонце Вішнявецкай сярэдняй школы.
У 2015/2016 навучальным годзе профільнае навучанне будзе ўведзена ў 11 установах адукацыі раёна, што складае 50% ад агульнай колькасці ўстаноў. Плануецца, што з 1 верасня вучэбныя прадметы на павышаным узроўні будуць вывучаць больш за 197 навучэнцаў 10-х класаў (47,6% ад агульнай колькасці дзесяцікласнікаў).
Асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню педагагічных класаў. У 2015/2016 навучальным годзе педагагічны клас адкрыецца на базе сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў (27 навучэнцаў). Акрамя таго, для навучэнцаў будзе арганізавана вывучэнне факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.
З 1 верасня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна будзе таксама арганізавана дапрофільная падрыхтоўка навучэнцаў 9-х класаў. Работа будзе праводзіцца ў 17 класах 12 устаноў адукацыі раёна, ёй плануецца ахапіць 57,9% навучэнцаў.
Профільнае навучанне прапаноўвае розныя мадэлі арганізацыі работы. Выбіраючы тую ці іншую мадэль для канкрэтнай школы, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі ўлічвалася наяўнасць у ёй неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы, матываванасць навучэнцаў, а таксама кваліфікацыя педагогаў. У гэтых установах адукацыі будуць працаваць 33 кваліфікаваныя педагогі з першай і вышэйшай катэгорыяй, што дазволіць забяспечыць высокую якасць адукацыі. 7 педагогаў ужо прайшлі павышэнне кваліфікацыі на базе БДПУ імя Максіма Танка. Створана сучаснае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, якое ўключае сучасную камп’ютарную тэхніку, праграмнае забеспячэнне, інфармацыйна-адукацыйныя рэсурсы.

— Якія планы на новы навучальны год? Якія праекты хацелася б рэалізаваць?
— Аналізуючы вынікі мінулага навучальнага года, прыярытэтнымі напрамкамі ў новым навучальным годзе будуць работа з рэзервам кадраў, маладымі спецыялістамі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і павышэнне якасці адукацыі. Працягне работу рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове сістэмнай арганізацыі ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці” (гімназія № 1 Стоўбцаў), абласныя праекты “Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў на праваслаўных традыцыях” (Старасвержанская сярэдняя школа), “Развіццё творчых здольнасцей дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе экалагічнага выхавання (дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Вясёлка” Стоўбцаў).

— Вялікі дзякуй за гутарку і поспехаў вам у рэалізацыі задуманага!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.