Павышаць давер

У рамках візіту ў Рэспубліку Беларусь дэлегацыі Міністэрства адукацыі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў адбылася сустрэча міністра адукацыі  Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенкі з міністрам адукацыі ААЭ Хусейнам аль-Хамадзі. У выніку сустрэчы быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні  паміж міністэрствамі адукацыі дзвюх краін па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.

Сустракаючы гасцей з ААЭ, Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў, што Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — гэта вельмі блізкая краіна для Беларусі, і паміж імі ўжо наладжана цеснае супрацоўніцтва ў розных сферах, у тым ліку ў адукацыйнай галіне.

— Падпісанне мемарандума паміж ААЭ і Беларуссю стане яшчэ адным крокам ва ўзаемадзеянні  паміж краінамі на перспектыву, надасць супрацоўніцтву новыя рысы, задаць тон адносінам у сферы адукацыі, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Мы надаём супрацоўніцтву з нашымі калегамі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў асаблівае значэнне і разглядаем кантакты ў галіне адукацыі як адзін з самых дзейсных спосабаў больш маштабнага пашырэння ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі ў іншых сферах.

—  Я мяркую, што адукацыя з’яўляецца тым напрамкам, які павышае ўзровень даверу паміж народамі, забяспечвае інтэлектуальны, культурны, моўны рух паміж краінамі, — падкрэсліў І.В.Карпенка. — Без супрацоўніцтва ў сферы адукацыі цяжка ўявіць развіццё паўнавартасных кантактаў у іншых галінах, перш-наперш эканамічнай, таму мы бу­дзем імкнуцца, каб адукацыйная сфера збліжала нашы краіны ўсё больш і больш.

Міністр адукацыі Беларусі адзначыў, што трэба ўдзяляць больш увагі міжуніверсітэцкаму супрацоўніцтву, павялічваць колькасць прамых дамоўленасцей па ўзаемадзеянні паміж навучальнымі ўстановамі. Гэтыя  напрамкі дазволяць ажыццяўляць сумесную падрыхтоўку кадраў, развіваць студэнцкую навуку, праводзіць навуковыя даследаванні, распрацоўваць і рэалізоўваць праекты, у тым ліку ў сферы IT, тэхнікі і тэхналогій.

— Нам цікавы напрамак стажыровак і павышэння кваліфікацыі нашых выкладчыкаў, абмен студэнтамі нашых універсітэтаў, — заявіў Ігар Васільевіч.— Мы таксама гатовы прымаць на вучобу моладзь з ААЭ па тых прафесіях, якія яны выбралі.

Увогуле прафесійная школа Беларусі сёння імкліва развіваецца, мае пэўны вопыт і гатова ім падзяліцца з калегамі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. У павышэнні якасці прафесійнай падрыхтоўкі значную ролю адыгрывае рух WorldSkills. І.В.Карпенка нагадаў, што навучэнцам і педагогам Беларусі ўжо вядомы Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У 2017 годзе каманда Беларусі ­ўдзельнічала ў Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills у Абу-Дабі, а таксама ў спаборніцтве прафесійнага майстэрства паміж азіяцкімі краінамі, дзе прадстаўнікі нашай краіны выступалі ў некаторых кампетэнцыях.

— Для нас удзел у міжнародных чэмпіянатах — гэта не проста спаборніцтва, гэта магчымасць азнаёміцца з новымі тэхналогіямі, сучасным абсталяваннем па той ці іншай прафесіі, параўнаць свой прафесійны ўзровень з узроўнем канкурсантаў іншых краін, вызначыць напрамкі прафесійнай адукацыі, па якіх мы бу­дзем рухацца далей, — падкрэсліў Ігар Васільевіч Карпенка. — Мы адказна ставімся да фарміравання працоўных рэсурсаў, імкнёмся рыхтаваць кадры высокай якасці ў апераджальным рэжыме, таму нам важна нала­джваць адносіны з краінамі, якія маюць у гэтым багаты вопыт. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — адна з краін, дасягненні якой у развіцці эканомікі заслугоўваюць самай высокай ацэнкі. І мы гатовы выкарыстоўваць вопыт нашых калег.

Міністр адукацыі ААЭ Хусейн аль-Хамадзі заявіў, што ўспрымае Беларусь як вельмі блізкую краіну.

— Паміж намі склаліся сяброўскія і дзелавыя адносіны, якія з кожным годам мацнеюць, — заявіў міністр адукацыі ААЭ. — Наведваючы шэраг навучальных устаноў Беларусі, мы заўважылі ваш якасны скачок у развіцці сістэмы адукацыі, і мы гатовы пераймаць вашы каштоўныя здабыткі. Мы маем таксама істотныя якасныя паказчыкі ў развіцці адукацыйнай галіны нашай краіны, і гэтая сустрэча дапаможа дзвюм краінам рухацца далей па шляху ўдасканалення адукацыйнай галіны і ўсіх галін эканомікі. Гэтаму паспрыяе падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі адукацыі Беларусі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.

Абодва бакі прыйшлі да высновы, што неабходна распрацаваць праграму супрацоўніцтва на найбліжэйшыя гады. Згодна з гэтай праграмай, прадугледжваецца ўстанавіць прамыя кантакты паміж установамі вышэйшай адукацыі дзвюх краін, абменьвацца прапановамі ў сферы навуковага супрацоўніцтва, інфармацыяй аб правядзенні мерапрыемстваў адукацыйнага характару, магчымасцях павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу.

Падчас візіту міністр адукацыі ААЭ Хусейн аль-Хамадзі наведаў БДУІР, БНТУ, БДУ. У дворыку БДУ адбылася ўрачыстая цырымонія пасадкі дрэва гаф, якое мае статус нацыянальнага ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.