Павышаць узровень гарантый

- 11:12Суразмоўца

Мець працоўнае месца, дастойную зарплату і важкі сацыяльны пакет — жаданне кожнага з нас. Забеспячэнне гэтых гарантый з’яўляецца асноўнай мэтай прафсаюзаў. Трэба заўважыць, што цяперашні студзень з’яўляецца па-сапраўднаму адметным: Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі адзначае 95-гадовы юбілей, што і стала нагодай для сустрэчы з яго старшынёй Аляксандрам Аляксандравічам Бойкам.

— Пашырэнне сацыяльных гарантый работнікам ва ўсе часы заставалася прыярытэтам у дзейнасці галіновага прафсаюза. Што робіцца і што плануецца зрабіць у гэтым плане?
— Асноўнай задачай галіновага прафсаюза з’яўляецца далейшае павышэнне статусу педагога, эфектыўнае і аператыўнае вырашэнне пытанняў па абароне яго сацыяльна-эканамічных і прафесійных інтарэсаў. Мы перакананы, што дасягненне гэтых мэт магчыма толькі шляхам сацыяльнага партнёрства з улікам рэальных магчымасцей у канкрэтны адрэзак часу. Цэнтральны камітэт галіновага прафсаюза і Міністэрства адукацыі рэгулярна ўносяць у адпаведныя органы дзяржаўнага кіравання прапановы наконт аплаты працы работнікаў адукацыі. На працягу апошніх гадоў неаднаразова прымаліся рашэнні аб павелічэнні тарыфнай стаўкі І разраду бюджэтнікам, удасканальвалася аплата працы работнікаў галіны — праз дыферэнцыяльнае павелічэнне надбавак за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый, рабіліся і іншыя крокі, скіраваныя на павелічэнне прэстыжнасці педагагічнай дзейнасці. Нарэшце, падкрэслю, што ўжо працяглы час мы не маем праблем са своечасовасцю выплаты зарплат і адпускных.

Паважаныя члены Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі!

Прыміце шчырыя віншаванні з 95-годдзем Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Наш прафсаюз прайшоў складаны і слаўны шлях, належна ажыццяўляючы на ўсіх этапах сваёй дзейнасці галоўную задачу — абарону законных правоў і інтарэсаў работнікаў галіны.
У часы пераўтварэнняў у краіне мы здолелі не толькі выстаяць, але і ўмацавацца, заваяваўшы давер работнікаў і навучэнцаў сістэмы адукацыі. Дзякуючы працы работнікаў галіны, членаў прафсаюза, мы ганарымся сёння нацыянальнай сістэмай адукацыі. Лепшыя дзелавыя і чалавечыя якасці многіх прафсаюзных лідараў, іх уменне наладжваць канструктыўны дыялог з уладай і работадаўцамі сталі залогам пазітыўных вынікаў у вырашэнні праблем членаў прафсаюза.
Жадаем вам моцнага здароўя, поспехаў у рэалізацыі намечаных планаў, дастойнага жыцця, міру і дабрабыту. Спакою і радасці вашым сем’ям, упэўненасці ў заўтрашнім дні!

З павагай, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі А.А.Бойка.

Нельга не адзначыць: цяперашняя эканамічная сітуацыя ў свеце няпростая, што не можа не адбівацца на нашай краіне. Таму зрабіць удалося далёка не ўсё. Але гэта значыць, што ўсім нам ёсць над чым працаваць у будучыні. І гаворка ідзе не толькі аб аплаце працы, ва ўсе часы не менш важнае значэнне мае ўзровень сацыяльных гарантый работнікам. Варта нагадаць, што напрыканцы мінулага года паміж урадам, Федэрацыяй прафсаюзаў і аб’ядананнямі наймальнікаў заключана новае генеральнае пагадненне на 2016—2018 гады, якое па некаторых пазіцыях паляпшае ўмовы папярэдняга генпагаднення ў плане аплаты працы, прававой абароны работнікаў, гарантавання аховы працы. Новае генеральнае пагадненне стане асновай для галіновага пагаднення на 2016—2019 гады, а яно, у сваю чаргу, асновай для мясцовых пагадненняў і калектыўных дагавораў канкрэтных арганізацый. І, дарэчы, заўважу, што праект галіновага пагаднення ўжо падрыхтаваны, а яго падпісанне, як чакаецца, адбудзецца ў лютым — сакавіку.

— Наколькі актуальная зараз праблема выканання заканадаўства аб працы?
— Нельга казаць, што парушэнні працоўнага заканадаўства робяцца наўмысна. Асноўнай прычынай гэтага з’яўляецца недастатковае веданне нарматыўна-прававой базы. Тым не менш няпростыя сітуацыі ўзнікаюць, мы з імі разбіраемся, і, напрыклад, толькі за мінулы год разгледжаны пісьмовыя звароты 31 990 членаў прафсаюза, а 14 737 чалавек звярнуліся на асабістыя прыёмы. Сумеснымі намаганнямі Цэнтральнага камітэта, абласных, Мінскага гарадскога камітэтаў прафсаюзаў удалося вярнуць членам прафсаюзаў грашовыя сродкі ў аб’ёме 5 256 млн рублёў, якія не былі выплачаны ў адпаведнасці з заканадаўствам. Пры гэтым разгляд зваротаў і юрыдычная дапамога работнікам галіны застаецца адным з галоўных напрамкаў нашай дзейнасці, і, дарэчы, для членаў прафсаюза прававая падтрымка з’яўляецца бясплатнай.
Работа па прававой абароне работнікаў галіны працягнецца, як і дзейнасць па ахове працы, гарантаванні бяспечнага адукацыйнага працэсу. Тут вялікае значэнне мае не толькі работа тэхнічнай інспекцыі працы, але і грамадскі кантроль. На сёння ў галіне працуе звыш 15,5 тысячы грамадскіх інспектараў працы, якія дапамагаюць адсочваць сітуацыю ў канкрэтных арганізацыях, высвятляць фактары рызыкі, спрыяюць умацаванню працоўнай дысцыпліны.

— Як вядома, перспектывы вызначае моладзь. На чым грунтуецца падтрымка гэтай катэгорыі членаў прафсаюза?
— Наша дзяржава традыцыйна ўдзяляе вялікую ўвагу моладзі, і прафсаюзы не застаюцца ў баку ад гэтага, што было асабліва падкрэслена падчас мінулагодняга VІІ з’езда ФПБ. Трэба адзначыць, што ў рамках калектыўных дагавораў вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў прадугледжаны дадатковыя гарантыі для студэнтаў і навучэнцаў, вядзецца мэтанакіраваная работа па вырашэнні сацыяльных праблем моладзі, стварэнні дастойных умоў для яе навучання і адпачынку, па падтрымцы маладых сем’яў. Аднак заўсёды трэба рухацца наперад. Таму на наступным тыдні, 26 студзеня, адбудзецца пленум Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, падчас якога плануецца вывучыць вопыт работы з моладдзю і вызначыцца з новымі напрамкамі гэтай работы. Прычым для нас гэта па-сапраўднаму важна: амаль кожны трэці член галіновага прафсаюза — гэта малады чалавек ва ўзросце да 31 года.

— Падчас мінулагодняга VІІ з’езда ФПБ была пастаўлена задача стварыць прафсаюзныя пярвічкі ва ўсіх арганізацыях, у тым ліку прыватных. Як ажыццяўляецца гэтая работа?
— Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі з’яўляецца вельмі ўплывовай арганізацыяй не толькі ў Беларусі, але таксама на постсавецкай прасторы і ў еўрапейскім маштабе. Наш прафсаюз аб’ядноўвае 6 абласных і Мінскую гарадскую арганізацыі, якія ўключаюць у сябе звыш 7 тысяч пярвічак з агульнай колькасцю 600 тысяч чалавек. Пры гэтым мы не толькі вядзём улік прафсаюзных пярвічак, але і стварылі рэестр арганізацый усіх форм уласнасці, дзе прафсаюзаў пакуль няма. Гэта дазваляе весці мэтанакіраваную работу, якая дае вынікі. Так, летась была закончана работа па стварэнні пярвічных прафсаюзных арганізацый ва ўстановах вышэйшай адукацыі сталіцы, у прыватнасці пачалі дзейнічаць пярвічкі ў Мінскім інавацыйным універсітэце і Прыватным інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва. А ў цэлым за перыяд пасля VIII з’езда галіновага прафсаюза і VІІ з’езда ФПБ створана 19 пярвічных прафсаюзных арганізацый у дзяржаўных і 10 пярвічных прафсаюзных арганізацый у прыватных установах адукацыі. Гэтая работа амаль завершана.

— Час бяжыць імкліва, і калі сёння мы адзначаем 95-годдзе, то зусім хутка ў галіновага прафсаюза будзе ці не самы прыгожы — 100-гадовы — юбілей. З чым хацелася б падысці да гэтай даты?
— Эфектыўнасць работы эканомікі далёка не ў апошнюю чаргу залежыць ад кадравага патэнцыялу краіны, у сваю чаргу падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў — ад сістэмы адукацыі. Таму калі мы якасна спрацуем сёння, то заўтра можна разлічваць на павелічэнне вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі, аб’ёмаў яе рэалізацыі, паступленняў у бюджэт і, як вынік, на рост заработкаў і стыпендый, а таксама на пашырэнне сацыяльных гарантый. Менавіта такія задачы заўсёды ставіць перад сабой прафсаюз, і я спадзяюся, што на працягу наступнага пяцігоддзя яны будуць паспяхова вырашацца.

Гутарыў Сяргей ГРЫБ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.