Павышаць якасць адукацыі бесперапынна

- 12:47Навіны рэгіёнаў

Калегія ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама адбылася ў Слуцку. Члены калегіі, прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, дырэктары ўстаноў адукацыі вобласці сабраліся разам, каб абмеркаваць пытанні, важныя для далейшага развіцця сістэмы адукацыі вобласці.

Невыпадкова месцам правядзення калегіі быў выбраны Слуцк. Першае пытанне, якое абмяркоўвалі на калегіі, тычылася якраз Слуцкага рэгіёна. Напярэдадні спецыялістамі была глыбока вывучана і прааналізавана эфектыўнасць работы аддзела і ўстаноў адукацыі раёна па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на павышэнне якасці адукацыі ў рамках патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі вынікі дзейнасці аддзела адукацыі, спорту і турызму і ўстаноў адукацыі Слуцкага раёна.
Як паведаміла Святлана Анатольеўна Кісель, галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, комплексным кантролем было ахоплена 47 устаноў адукацыі дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай і спецыяльнай адукацыі. Фармат кантролю ўключаў дэталёвае вывучэнне ўсіх напрамкаў дзейнасці ўстаноў адукацыі. Праверка паказала, што існуючая сетка з 86 устаноў адукацыі рознага тыпу дазваляе ў поўнай меры задаволіць патрэбы навучэнцаў і іх бацькоў у атрыманні адукацыі. Таксама сістэма адукацыі рэгіёна забяспечвае станоўчую дынаміку асноўных паказчыкаў якасці адукацыі.
Так, павялічылася колькасць медалістаў і тых, хто атрымаў на экзаменах адзнакі высокага і дастатковага ўзроўню. Усе медалісты пацвердзілі на ўступных экзаменах высокі бал атэстата і паспяхова вучацца ў прэстыжных УВА. Аналіз вынікаў ЦТ мінулага навучальнага года паказаў, што праводзіцца сістэмная работа па павышэнні якасці ведаў выпускнікоў і падрыхтоўцы іх да тэсціравання. У параўнанні з 2013 годам палепшыліся вынікі па сямі прадметах, па васьмі вынік аказаўся вышэйшым за сярэдні паказчык па вобласці. Навучэнка гімназіі № 1 Слуцка ў мінулым годзе атрымала 100 балаў на тэсціраванні па грамадазнаўстве. 4 установы адукацыі Случчыны апынуліся ў спісе лепшых у вобласці па выніках ЦТ. Стабільны вынік паказваюць навучэнцы і на заключным этапе прадметнай алімпіяды — у 2014 і 2015 гадах на гэтым узроўні яны атрымалі па 5 дыпломаў.
У раёне адсутнічае праблема недахопу месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Акрамя таго, працэнт пропускаў адным дзіцем з-за хвароб на працягу 3 гадоў стабільна зніжаецца. Для задавальнення патрэб бацькоў дзяцей ва ўзросце 1—3 гадоў актыўна выкарыстоўваюцца новыя формы дашкольнай адукацыі.
І ўсё гэта — толькі некаторыя факты, якія пацвярджаюць, што кіраванне сістэмай адукацыі Слуцкага раёна ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Кодэкса аб адукацыі, а педагагічныя калектывы здольны паслядоўна вырашаць пастаўленыя задачы па забеспячэнні якасці адукацыі і кампетэнтнаснага падыходу да арганізацыі і зместу адукацыйнай дзейнасці. Такі вывад зрабілі спецыялісты, якія вывучалі сістэму адукацыі рэгіёна. На калегіі было вырашана работу аддзела адукацыі, спорту і турызму і ўстаноў адукацыі Слуцкага раёна прызнаць здавальняючай.
Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства была прапанавана панарама вопыту работы ўстаноў адукацыі Слуцкага раёна, дзе можна было на свае вочы ўбачыць і ацаніць дзейнасць і дасягненні гэтых устаноў. Рухаючыся па чатырох маршрутах, госці наведалі 7 устаноў адукацыі і даведаліся, напрыклад, як працуе Слуцкі ЦКРНіР. Гэтая ўстанова стала пераможцай на І Рэспубліканскім конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” ў намінацыі “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”. Дырэктар Інеса Міхайлаўна Панамарова расказала, дзякуючы чаму ўдалося дасягнуць такога поспеху. У яслях-садзе № 19 гасцям паведамілі, што сад працуе ў якасці апорнай установы, якая ажыццяўляе адукацыйную інтэграцыю дзяцей з АПФР. А ў сярэдняй школе № 10 падзяліліся вопытам работы па развіцці дзіцячай адоранасці, напрыклад, на ўроках фізічнай культуры і здароўя. Таксама ўдзельнікі калегіі пазнаёміліся з членамі раённага клуба “Юны фізік”. Дзеці расказалі, як рыхтуюцца да розных спаборніцтваў па фізіцы, а таксама паказалі фізічныя прыборы, створаныя імі на занятках клуба. Многа цікавага прадэманстравалі і іншыя ўстановы адукацыі.
Другое пытанне, якое абмеркавалі на калегіі, гэта дзейнасць аддзелаў адукацыі, спорту і турызму па развіцці рэсурсаў сучаснай спецыяльнай адукацыі. Ніна Канстанцінаўна Віктароўская, дырэктар Мінскага абласнога ЦКРНіР, звярнула ўвагу прысутных на тое, што неабходна актывізаваць стварэнне безбар’ернага асяроддзя, пашыраць даступнасць інфармацыйных тэхналогій і камп’ютарнай тэхнікі для дзяцей з АПФР, павышаць кампетэнтнасць педагогаў, якія працуюць з асаблівымі дзецьмі. Таксама неабходна развіваць і псіхалагічныя рэсурсы, а менавіта прыняць філасофію талерантнасці і засвоіць думку, што дзіця з асаблівасцямі — гэта не праблема, праблема ў недасканаласці асяроддзя. “Арыентуючыся на дасягненні ў галіне інклюзіі ў сусветнай практыцы, неабходна разглядаць работу па фарміраванні талерантных адносін як стратэгічную задачу адукацыі і ажыццяўляць гэтую работу сістэмна і інтэнсіўна. Пераход да інклюзіўнай адукацыі непазбежны, а эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў спецыяльнай адукацыі дазволіць прывесці нашу сістэму адукацыі ў адпаведнасць з сусветнымі тэндэнцыямі, зрабіць яе больш гуманнай і павысіць якасць адукацыі і якасць жыцця навучэнцаў”, — рэзюмавала Ніна Канстанцінаўна.
Яшчэ адно актуальнае пытанне, якое абмяркоўвалі на калегіі, — змяненне крытэрыяў ацэнкі дзейнасці аддзелаў і ўстаноў адукацыі вобласці. Штогод на Міншчыне праводзіцца конкурс “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. Апошнім часам стала зразумела, што крытэрыі ацэнкі не заўсёды адпавядаюць сучасным умовам. Таму некалькі месяцаў назад была створана рабочая група, якая занялася вырашэннем гэтай праблемы. Быў вывучаны вопыт іншых абласцей краіны і выпрацавана прапанова па змяненні пэўных крытэрыяў. Распрацоўкі былі накіраваны ў аддзелы і ўстановы адукацыі раёнаў, якія ўнеслі свае прапановы і заўвагі. Так, напрыклад, было прапанавана ўлічваць колькасць настаўнікаў-метадыстаў, створаных у раёне спартыўных класаў, праведзеных рэспубліканскіх і абласных семінараў і многае іншае. Таксама была выказана ідэя вызначаць топ-10 лепшых устаноў адукацыі вобласці. З улікам прапаноў крытэрыі былі адкарэкціраваны і прыняты на пасяджэнні рабочай групы. За аснову былі ўзяты крытэрыі, зацверджаныя загадам Міністэрства адукацыі.
Што ж змянілася? Па-першае, цяпер вынікі будуць падводзіцца не на жнівеньскай канферэнцыі, як гэта было раней, а на выніковай калегіі. Некаторыя намінацыі былі выключаны і колькасць іх скарацілася з 13 да 9. У некалькіх намінацыях раёны будуць падзелены на дзве групы, у залежнасці ад колькасці навучэнцаў, і пераможца будзе вызначацца ў кожнай групе. Складзены пералік паказчыкаў, якія будуць улічвацца пры ацэнцы дзейнасці аддзелаў адукацыі. Гэтыя меры зробяць вызначэнне лідараў яшчэ больш аб’ектыўным і празрыстым.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.