Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі па сваёй сутнасці стварае аснову адукацыйнай палітыкі нашай сталіцы. З’яўляючыся сучасным цэнтрам навукова-метадычнага суправаджэння сістэмы адукацыі Мінска, інстытут займаецца павышэннем кваліфікацыі кіраўнікоў устаноў адукацыі горада, выхавальнікаў, настаўнікаў і з кожным годам імкнецца зрабіць гэтую работу больш дасканалай і эфектыўнай. Вось і гэты навучальны год не стаў выключэннем, а прынёс інавацыі ў дзейнасць інстытута. Больш змястоўна аб яго новых кірунках раскажа нашым чытачам А.А.Глінскі, прарэктар па вучэбнай рабоце інстытута, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.
— Анатоль Аляксандравіч, ваш інстытут даўно замацаваў за сабой статус вучэбна-метадычнага цэнтра для сталічнай адукацыі, ён з’яўляецца ініцыятарам інавацыйных гарадскіх і міжнародных праектаў, шырока праводзіць эксперыментальную дзейнасць, актыўна ўкараняе інфармацыйныя тэхналогіі ў сталічных установах адукацыі. Менавіта такая рознабаковая функцыянальнасць інстытута патрабуе і яго адпаведнай структуры.
— У адрозненне ад іншых рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі асаблівасць структуры нашага інстытута заключаецца ў тым, што разам з двума факультэтамі і пяццю кафедрамі сёння функцыянуе шэсць цэнтраў, кожны з якіх мае свае функцыі і, разам з тым, займаецца непасрэдна павышэннем кваліфікацыі педагогаў. Атрымоўваецца, што ў інстытуце няма ніводнай структуры, якая б не займалася гэтым відам дзейнасці. Такім чынам, паколькі асобасна-прафесійнае развіццё кожнага кіраўніка і педагога — гэта прыярытэт дзейнасці нашага інстытута, то сёння можна гаварыць аб тым, што асоба педагога, асоба кіраўніка ўстановы адукацыі горада з’яўляюцца звяном, якое звязвае дзейнасці ўсіх структур нашага інстытута. Калі гаварыць больш падрабязна, то дзейнасць аднаго факультэта скіравана на павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў увогуле, а другога — непасрэдна на павышэнне кваліфікацыі ў галіне інфармацыйных тэхналогій. У інстытуце, як я ўжо сказаў, працуе шэсць цэнтраў, адзін з іх пад назвай “Настаўнік” — на платнай аснове. Ён аказвае адукацыйныя паслугі не толькі і нават не столькі педагагічным работнікам, колькі дзецям дашкольнага ўзросту, школьнікам і даросламу насельніцтву, апошнім — зыходзячы з іх асобасных інтарэсаў.
Дзейнасць цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі звязана з інфармацыйнымі камп’ютарнымі тэхналогіямі і метадычным суправаджэннем падрыхтоўкі педагогаў да работы ў сучаснай школе з выкарыстаннем гэтых тэхналогій. У цэнтры ідэалагічнай і выхаваўчай работы прыярытэтам з’яўляецца выхаванне на ўзроўні як установы адукацыі, так і ў цэлым сістэмы адукацыі горада. Цэнтр аналітычнага менеджменту рэгіянальнай адукацыі працуе з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі сталіцы. У яго склад уваходзіць аддзел па арганізацыі навучання менеджараў адукацыі і дзяржаўных служачых. Асаблівасць работы гэтага аддзела ў тым, што тут павышаюць кваліфікацыю не толькі педагагічныя работнікі, але і, згодна з рашэннем Мінгарвыканкама, дзяржаўныя служачыя ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый горада. Пры цэнтры дзейнічае ўпраўленне каардынацыі метадычнай работы, асноўнай задачай якога з’яўляецца метадычнае суправаджэнне педагагічных кадраў у міжкурсавы перыяд. Цэнтр падтрымкі і развіцця інавацыйнай адукацыйнай практыкі займаецца міжкурсавой работай і забяспечвае метадычнае суправаджэнне падрыхтоўкі і правядзення розных прафесійных конкурсаў. Унікальнасць гэтага цэнтра яшчэ ў тым, што ў прэамбуле такіх спаборніцтваў праводзіцца павышэнне кваліфікацыі іх удзельнікаў. Гэтая структура займаецца таксама сістэмным метадычным суправаджэннем педагагічных кадраў, якія рыхтуюць свае распрацоўкі на атрыманне грантаў і прэмій Мінгарвыканкама. Цэнтр вучэбна-метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі працуе з рознай катэгорыяй педагогаў — гэта павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў устаноў дашкольнай адукацыі, настаўнікаў пачатковай школы, настаўнікаў-прадметнікаў, настаўнікаў, якія працуюць ва ўстановах спецыяльнай адукацыі. Цэнтр праводзіць вялікую работу з педагогамі і ў міжкурсавы перыяд, кансультуе, рыхтуе да алімпіяд.
У гэтым годзе ў інстытуце з’явіўся новы факультэт, дзейнасць якога скіравана на павышэнне кваліфікацыі педагогаў у сферы інфармацыйных тэхналогій. Адкрыццё такога факультэта выклікана тым, што сёння ўсё больш прыярытэтным становіцца выкарыстанне камп’ютарных інфармацыйных тэхналогій, і не толькі ў дзейнасці саміх педагогаў. На ўзроўні горада адбываецца сеткавае ўзаемадзеянне нашых устаноў адукацыі, пашыраецца дыстанцыйнае навучанне падчас павышэння кваліфікацыі, таму стварэнне такой структуры ў нашым інстытуце цалкам апраўдана.
— Ці прыўнёс сёлетні навучальны год перамены і ў зместавае напаўненне павышэння кваліфікацыі сталічных педагогаў?
— Увогуле кожны год дзейнасці нашага інстытута па павышэнні кваліфікацыі педагагічных кадраў мае вызначаную тэму. Апошнія два гады тэма непасрэдна звязана з кампетэнтнасным падыходам у фарміраванні канкрэтных асобасна-прафесійных якасцей у кіраўнікоў устаноў адукацыі і педагогаў.
Тэматыка павышэння кваліфікацыі вызначаецца палажэннямі дзяржаўных нарматыўных прававых дакументаў, рашэннямі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, міжнароднымі тэндэнцыямі ў галіне адукацыі, запытамі ўстаноў адукацыі. Аснову той ці іншай тэматыкі павышэння кваліфікацыі складаюць патрэбнасці педагогаў у асобасным прафесійным развіцці. Хачу заўважыць, што мы дакладна адсочваем узровень задаволенасці педагогаў павышэннем кваліфікацыі, у першую чаргу на аснове правядзення маніторынгавых даследаванняў.
Трэба адзначыць, што прафесійнае развіццё педагагічных кадраў прымяркоўвае цэлую сістэму ўзаемадзейнасці пэўных кампанентаў, адным з якіх з’яўляецца працэс павышэння кваліфікацыі на базе адпаведных устаноў адукацыі. Другі кампанент — міжкурсавая работа, якая ўключае ў сябе непасрэдна прафесійную дзейнасць педагога: арганізацыю і правядзенне вучэбных заняткаў, падрыхтоўку да іх, аналіз і самааналіз вынікаў працы і інш. Састаўной часткай кампанента з’яўляецца ўдзел педагога ў рабоце метадычнага фарміравання, дзе ён можа не толькі развіваць сваё прафесійнае майстэрства, але і дзяліцца вопытам сваёй працы з калегамі. І яшчэ адзін складнік — гэта самаадукацыя. Вось гэтыя пазіцыі і вызначаюць сістэму работы з педагагічнымі кадрамі па іх прафесійным развіцці. Таму зразумела, што ў міжкурсавой рабоце мы надаём шмат увагі тэматыцы індывідуальных кансультацый, вывучэнню вопыту работы асобных настаўнікаў і яго трансляцыі, правядзенню майстар-класаў, арганізацыі пасяджэнняў метадычных аб’яднанняў на базе ўстаноў адукацыі, дзейнасці педагагічных аб’яднанняў: клубаў “Дыялог”, “Большая перемена”, “Буквіца” і інш.
— Як вядома, у інстытуце распрацаваны інварыянтныя модулі павышэння кваліфікацыі. Раскажыце, калі ласка, як працуе гэтая модульная сістэма?
— Так, сапраўды, наш інстытут стаў укараняць інварыянтныя модулі павышэння кваліфікацыі. Такія модулі распрацоўваюцца на год і менавіта для гэтага года з’яўляюцца стандартнымі. Калі педагог пажадае павышаць кваліфікацыю па якой-небудзь канкрэтнай тэме, то для гэтага ў інстытуце існуе павышэнне кваліфікацыі ў аб’ёме 36 — 40 гадзін (мэтавае) альбо павышэнне кваліфікацыі па аўтарскай праграме таго ці іншага спецыяліста. Што да модуляў, то для кожнага з іх адведзена пэўная колькасць гадзін. У прыватнасці, модуль “Пытанні дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі” прадстаўлены ў аб’ёме 12 — 14 працэнтаў вучэбнага часу, модуль “Сацыяльна-гуманітарная падрыхтоўка педагагічных работнікаў” — 22 — 25 працэнтаў і г.д. На модуль, звязаны з прадметна-метадычнай падрыхтоўкай педагагічных работнікаў, адводзіцца да 30 — 35 працэнтаў часу. Базавы альбо інварыянтны модуль распрацоўваецца выкладчыкамі кафедр інстытута сумесна з метадыстамі-прадметнікамі. Тым больш, што чацвёрты модуль, які прысвечаны прадметна-метадычнай падрыхтоўцы, кожны год змяняецца з улікам таго, што змяняюцца патрабаванні як да зместу адукацыі, так і да выкладання прадмета. Таму ў гэты модуль у абавязковым парадку ўваходзяць такія тэмы, як сучасны ўрок, выкладанне прадмета на павышаным узроўні, выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій у выкладанні прадмета і інш. Для раскрыцця асобных тэм мы запрашаем лектараў, у прыватнасці, з Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка і іншых навучальных устаноў горада; актыўна узаемадзейнічаем з педагогамі-практыкамі. Паколькі я з ліку тых спецыялістаў, якія займаюцца метадычным забеспячэннем выкладання прадмета на павышаным узроўні, то ў гэтым годзе падчас выступлення на секцыі кіраўнікоў раённых метадычных аб’яднанняў горада мной былі прапанаваны асобныя аспекты, якія мэтазгодна сёлета прадугледзець пры выкладанні прадмета на павышаным узроўні. Трэба заўважыць, што нашым педагогам, асабліва маладым, якія ніколі не выкладалі прадмет на павышаным узроўні, неабходна дапамагаць як у вызначэнні зместу навучання, так і ў выбары метадаў, сродкаў, прыёмаў сумеснай работы з вучнямі пры падрыхтоўцы да заняткаў. Таму мэтазгодным было рашэнне, каб усе настаўнікі, якія будуць праходзіць павышэнне кваліфікацыі, вывучалі тэмы, звязаныя з выкладаннем прадмета на павышаным узроўні.
З мэтай удасканалення працы з педагогамі ў міжкурсавы перыяд сёлета мы на ўзроўні інстытута распрацавалі “Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі работы раённых метадычных аб’яднанняў”, якія прадугледжваюць пытанні планавання, аналізу, прагназавання, справаздачнасці, вызначэння тэматыкі, прыярытэтаў тэматыкі дзейнасці метадычных аб’яднанняў. Такія рэкамендацыі, як сведчыць практыка, з’яўляюцца своечасовымі і вельмі патрэбнымі кіраўнікам метадычных аб’яднанняў. Больш за тое, яны сталі запатрабаванымі і спецыялістамі іншых рэгіёнаў краіны.
— Ні для каго не сакрэт, што сёння з універсітэтаў педагагічнага профілю выходзяць спецыялісты, якія падрыхтаваны ў большай ступені тэарэтычна і ў меншай — метадычна. Што прапаноўвае інстытут, каб збалансаваць веды ў маладых педагогаў?
— Асаблівасцю павышэння кваліфікацыі гэтага года з’яўляецца пільная ўвага да маладых спецыялістаў, якія працуюць толькі некалькі гадоў ва ўстанове адукацыі, а ў інстытут на павышэнне кваліфікацыі прыйшлі ўпершыню.
Адна з задач нашага інстытута — гэта метадычная дапамога маладым спецыялістам ва ўстанаўленні і фарміраванні свайго прафесійнага “Я”. З гэтай мэтай сёлета мы выбудавалі неабходную логіку вывучэння прадметна-метадычных тэм у залежнасці ад прафесійнай катэгорыі слухачоў. Напрыклад, у інстытуце праходзіць павышэнне кваліфікацыі група з ліку настаўнікаў без прафесійнай катэгорыі і з другой катэгорыяй. У працэсе вывучэння сучасных падыходаў у арганізацыі адукацыйнага працэсу такім педагогам прапаноўваем тэмы: “Працэс навучання як цэласная сістэма: мэтапаляганне і адбор зместу”, “Арганізацыя і правядзенне ўрока”, “Выхаваўчы патэнцыял урока”, “Формы арганізацыі пазнаваўчай дзейнасці навучэнцаў на ўроку”, “Сродкі развіцця матывацыі дасягненняў навучэнцаў на ўроку”. Увесь гэты дыдактычны блок заканчваем тэмай “Арганізацыя кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і навучэнца”.
Увогуле, адпаведна прафесійным катэгорыям настаўнікаў мы выбудоўваем і змест павышэння кваліфікацыі. Напрыклад, калі настаўнікі без катэгорыі і з другой катэгорыяй вывучаюць тэму арганізацыі і правядзення ўрока, то настаўнікі першай катэгорыі ід уць ужо далей і вывучаюць тэму метадычных аспектаў падрыхтоўкі і правядзення сучаснага ўрока, і, такім чынам, робіцца акцэнт на методыку выкладання.
Для настаўнікаў вышэйшай катэгорыі, якія ўжо метадычна дастаткова падрыхтаваны, мы прапаноўваем больш сур’ёзную тэматыку, напрыклад, “Інавацыйная дзейнасць настаўніка”, дзе, у прыватнасці, у рамках інаватыкі прадстаўлена праектная дзейнасць педагога; тэму “Стварэнне аўтарскіх дыдактычных сістэм, а таксама “Педагагічная творчасць як фактар сацыяльнага развіцця”.
Для кожнай катэгорыі настаўнікаў мы, як кажуць, “зазямляем” гэтую тэматыку на канкрэтным вучэбным прадмеце.
Заўважу, што яшчэ адной асаблівасцю гэтага года стала тое, што для асобных катэгорый настаўнікаў мы рэалізавалі прынцып дыферэнцыяцыі і аб’ядналі настаўнікаў розных прадметаў адной тэмай. Напрыклад, настаўнікаў хіміі і біялогіі аб’яднала тэма “Падрыхтоўка навучэнцаў да навукова-практычных канферэнцый”. На першых занятках для ўсіх педагогаў раскрываем навукова-метадычны аспект тэмы, а потым дзелім іх на падгрупы, дзе яны атрымоўваюць веды па тэме, фарміруюць навыкі ў залежнасці ад выкладаемага прадмета.
— Анатоль Аляксандравіч, у Мінску на базе ўстаноў адукацыі створаны шэраг рэсурсных цэнтраў, якія, па сутнасці, з’яўляюцца лакальнымі метадычнымі цэнтрамі. Ці выкарыстоўваюцца яны для павышэння кваліфікацыі настаўнікаў не толькі канкрэтнай установы, але ўвогуле на ўзроўні горада?
— Інавацыйным у дзейнасці інстытута ў гэтым годзе з’яўляецца павышэнне кваліфікацыі нашых педагогаў на базе рэсурсных цэнтраў устаноў адукацыі горада. Мы прапанавалі кіраўнікам устаноў адукацыі, дзе адкрыты рэсурсныя цэнтры, праводзіць на іх базе павышэнне кваліфікацыі для педагогаў з іншых навучальных устаноў. 22 установы адукацыі, якія маюць рэсурсныя цэнтры, у гэтым годзе будуць рэалізоўваць прапанаваны кірунак. Тым больш што ў палажэнні аб рэсурсным цэнтры запісана, што такая структура павінна дзейнічаць на карысць не толькі той установы, дзе яна створана, але і іншых устаноў адукацыі. У план павышэння кваліфікацыі інстытута мы ўключылі такі від дзейнасці на базе рэсурсных цэнтраў устаноў адукацыі і прадставілі яго тэматыку. Адметна і тое, што гэтая работа будзе арганізавана не толькі для педагогаў-прадметнікаў, але і для кіраўнікоў устаноў адукацыі. Лакальным дакументам, які дазволіць ажыццяўляць гэты від дзейнасці, будуць метадычныя рэкамендацыі, распрацаваныя ў інстытуце, якія дадуць магчымасць ажыццяўляць такое павышэнне кваліфікацыі ў адзінай плыні, калі ў гэтым адначасова задзейнічаны і кіраўнікі ўстаноў адукацыі, і педагогі.
Сёлета мы наладзілі больш цесныя стасункі ў павышэнні кваліфікацыі з установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Згодна з папярэдне вывучанымі запытамі на павышэнне кваліфікацыі і выбару неабходных для гэтага тэм, мы арганізуем для такіх устаноў выезды, калі работнікі нашага інстытута для ўсяго калектыву праводзяць заняткі па той ці іншай тэматыцы. Як паказвае рэчаіснасць, такая работа вельмі аб’ядноўвае калектывы ўстаноў.
Хачу яшчэ звярнуць увагу на тое, што наш інстытут мэтанакіравана працуе з педагогамі па падрыхтоўцы іх да здачы экзамену на вышэйшую катэгорыю альбо на пацвярджэнне катэгорыі. Згодна з нарматыўнымі дакументамі, педагогі здаюць экзамен у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, а на пацвярджэнне катэгорыі — у нашым інстытуце. Для тых педагогаў, хто пацвярджае вышэйшую катэгорыю, у нашым інстытуце назапашана шмат неабходнага матэрыялу. Як паказвае практыка, для такіх педагогаў самая вялікая цяжкасць — гэта апісаць і прадставіць свой вопыт, таму ім неабходна канкрэтная практыкаарыентаваная дапамога. У ходзе павышэння кваліфікацыі, у рамках міжкурсавой работы мы вучым нашых педагогаў таму, як граматна аформіць, вылучыць галоўнае і паднесці свой вопыт у час пацвярджэння катэгорыі. Нашы здабыткі ў гэтым кірунку мы трансліруем педагогам сталіцы праз педагагічныя выданні, а таксама з дапамогай камп’ютарна-інфармацыйных тэхналогій.
— Нашы педагогі сёння актыўна займаюцца праектнай дзейнасцю. Ці ўваходзіць гэтая тэма ў павышэнне іх кваліфікацыі? Як вы дапамагаеце педагогам?
— Гаворачы шчыра, праектная дзейнасць не самы лёгкі занятак для нашых педагогаў. Для таго каб аказаць неабходную дапамогу педагогам школ горада, мы, у першую чаргу, у рамках інстытуцкага метадалагічнага семінара правялі шэраг заняткаў для нашых выкладчыкаў і метадыстаў па тэме “Мэтапаляганне пры распрацоўцы вучэбна-праграмнай дакументацыі: тэорыя і практыка”. Для сябе мы вызначылі наступную мэту семінара: тэарэтычна абгрунтаваць і распрацаваць інварыянт пастаноўкі мэт і задач пры праектаванні вучэбна-праграмнай дакументацыі для сістэмы павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў сталічнага рэгіёна. На першы семінар мы запрасілі метадыстаў-прадметнікаў, на другі — прафесарска-выкладчыцкі склад нашага інстытута, а ў трэцім удзельнічалі выкладчыкі і метадысты. На заключных занятках мы мадэлявалі і праектавалі варыянты вучэбных праграм для нашых слухачоў. Такім чынам, семінар завяршыўся канкрэтна напрацаванай педагагічнай прадукцыяй. Скажу шчыра, дадзены від дзейнасці вырашаў яшчэ адну задачу — фарміраванне калектыву аднадумцаў, каб метадыст-прадметнік і выкладчык былі аб’яднаны адной справай і працавалі разам, калі спрацоўвае такое паняцце, як сутворчая дзейнасць.
На сёння амаль кожны выкладчык інстытута па праблеме праектнай дзейнасці гатовы аказаць практычную дапамогу педагогу. А ў рамках 72-гадзіннага павышэння кваліфікацыі для кожнай катэгорыі настаўнікаў базавы модуль прадугледжвае вывучэнне дадзенай тэмы. Больш за тое, педагогі, якія прадстаўляюць вопыт сваёй працы на грант або прэміі Мінгарвыканкама, маюць магчымасць удзельнічаць у трохдзённых семінарах, якія непасрэдна скіраваны на авалоданне педагогамі ўменнем займацца педагагічным праектаваннем, распрацоўваць і рэалізоўваць аўтарскі праект.
— Анатоль Аляксандравіч, якой бачыцца інстытуту перспектыва павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў?
— На нашу думку — гэта крэдытна-модульная сістэма павышэння кваліфікацыі. Па гэтым шляху сёння ідуць многія краіны. Інстытут ініцыяваў ідэю аб правядзенні падобнага эксперымента на ўзроўні ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых Мінска. Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама падтрымаў нашу ініцыятыву. Творчая група распрацавала эксперыментальны праект, які мы плануем пачаць рэалізоўваць у найбліжэйшы час. Мы лічым, што рэалізацыя мадэлі крэдытна-накапляльнай (модульнай) сістэмы дадатковай прафесійнай адукацыі дазволіць пашырыць спектр адукацыйных паслуг для педагагічных работнікаў устаноў адукацыі Мінска; стварыць умовы для камбінацыі вучэбных модуляў на працягу доўгага часу з улікам інавацыйных адукацыйных практык, патрэб заказчыка на адукацыйныя паслугі, забяспечыць сфарміраванасць матывацыі ў педагагічных работнікаў на асобасна-прафесійнае, творчае развіццё праз удзел у розных формах павышэння кваліфікацыі, прафесійных конкурсах, інавацыйных праектах, што будзе спрыяць развіццю іх сацыяльнай актыўнасці, прафесійнай мабільнасці, інавацыйнага стылю мыслення; даць магчымасць кожнаму самастойна канструяваць і рэалізоўваць індывідуальную траекторыю асобасна-прафесійнага развіцця на аснове прапанаваных адукацыйных модуляў, з улікам сваіх прафесійных патрэб ажыццяўляць выбар найбольш прымальных для сябе тэрмінаў навучання, што створыць неабходныя ўмовы для паспяховай рэалізацыі аднаго з асноватворных прынцыпаў андрагогікі — “адукацыя праз усё жыццё”; забяспечыць канкурэнтаздольнасць устаноў адукацыі на рынку адукацыйных паслуг.