Павышэнне кваліфікацыі ў рэжыме анлайн

- 10:42Рознае, Якасць адукацыі
З 15 лютага кафедра маладзёжнай палітыкі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы пры падтрымцы ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь прапаноўвае педагогам павышаць кваліфікацыю на віртуальнай пляцоўцы. У рамках вэб-студыі “Пра моладзь, для моладзі” для кожнага жадаючага спецыялісты распачынаюць правядзенне вэбінараў па самых запатрабаваных і актуальных пытаннях маладзёжнай тэматыкі. 
Семінар замяняем вэбінарам

“Педагагічнае асяроддзе — даволі кансерватыўнае, і ўкараненне новых форм работы заўжды праходзіць складана, асабліва гэта тычыцца інтэрактыўных тэхналогій, — гаворыць загадчык кафедры маладзёжнай палітыкі РІВШ Людміла Сяргееўна Кажухоўская. — Сістэма павышэння кваліфікацыі сутыкаецца з прэтэнзіямі ад нашых калег наконт павольнага рэагавання на іх запыты. Педагогі праходзяць у нас курсы павышэння кваліфікацыі, згодна з заканадаўствам, раз у тры ці пяць гадоў. Але патрэба ў новых ідэях, новых формах узнікае намнога часцей. Прыязджаць на разавыя семінары, канферэнцыі даволі складана, асабліва педагогам з аддаленых рэгіёнаў: часцей яны просяць нас прыехаць да іх і расказаць пра свае напрацоўкі. Сёння мы прапаноўваем абсалютна новы спосаб навучання для кожнага, незалежна ад месца яго знаходжання, і так часта, як гэта неабходна”.
Вэбінар — гэта анлайн-семінар, адкрыты ўрок у сетцы інтэрнэт. На сёння гэта самая сучасная форма навучання, якую ўжо выкарыстоўваюць буйныя камерцыйныя арганізацыі Беларусі, напрыклад, турыстычныя кампаніі, банкі, бізнес-школы. Цяпер такая форма прыходзіць і ў сістэму адукацыі.
Праект “Пра моладзь, для моладзі” прадстаўляе сабой віртуальную пляцоўку інтэрактыўных зносін у інтэрнэце ў рэжыме рэальнага часу. Ён распрацаваны для прафесіяналаў, якія маюць практычны вопыт у галіне арганізацыі работы з моладдзю ў рамках ключавых кірункаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Вядучы мае магчымасць весці заняткі пры дапамозе аўдыя- і відэатэхнікі, дэманстраваць слайды, прэзентацыі. Ва ўсіх слухачоў семінара (а іх можа быць адначасова да 500) ёсць магчымасць, седзячы за сваім камп’ютарам, бачыць і чуць выкладчыка (ці адначасова некалькіх), атрымліваць на манітор слайды і прэзентацыі (калі неабходна, галоўныя моманты вядучы выдзяляе лазернай указкай), яны могуць у тэкставым чаце задаваць свае пытанні і пакідаць каментарыі. У любы момант удзельнік вэбінара можа папрасіць слова — пачуць і ўбачыць яго змогуць астатнія ўдзельнікі. Таму даступныя будуць такія інтэрактыўныя метады, як тэматычныя дыскусіі, “мазгавыя штурмы”, можна будзе працаваць па прынцыпе “Роўны навучае роўнага”. У вядучага ёсць магчымасць на пачатку заняткаў задаць пытанні, а ва ўдзельнікаў падчас вэбінара — адказваць на іх. Напрыканцы можна будзе падвесці вынікі рэйтынгавага галасавання — па такім жа прынцыпе будуецца апытанне ў тэлепраграмах.
Сёння праблематычна мець вэб-студыю і карыстацца ёй на рэгулярнай аснове. Адзіная кампанія, якая мае прадстаўніцтва на тэрыторыі Беларусі, — “Вэберынг”. Менавіта яна прадаставіла РІВШ вэб-кабінет на год, дарэчы, абсалютна бясплатна. Акрамя таго, супрацоўнікі кампаніі арганізавалі навучанне для 30 спецыялістаў у якасці вэб-трэнераў, прычым намеснік дырэктара па развіцці кампаніі Кацярына Пятніцкая запэўніла, што, калі будуць яшчэ жадаючыя стаць выступоўцамі, з імі таксама правядуць навучанне.

Тэматыку прапаноўвае аўдыторыя

“Мы прапаноўваем нашым калегам прыняць удзел у майстар-класах па пытаннях работы з моладдзю ў сацыякультурнай сферы, праектавання і арганізацыі выхаваўчых мерапрыемстваў, прафілактыкі дэвіянтных паводзін моладзі, спецыфікі арганізацыі работы з адоранай моладдзю і іншыя, — гаворыць Л.С.Кажухоўская. — Спецыяльна распрацаваная праграма вэбінараў — гэта вынік шматгадовага вопыту работы супрацоўнікаў кафедры маладзёжнай палітыкі РІВШ і нашых калег з краін СНД. Вэб-трэнеры, якія будуць з намі працаваць, гатовы прапанаваць вэбінары па тэме раскрыцця творчага патэнцыялу, медыяцыі, камунікатыўных тактыках, прафілактыцы прафесійнага выгарання і іншых актуальных пытаннях. Спадзяёмся, што запатрабаванымі будуць і вэбінары па тайм-менеджменце, эфектыўным планаванні, рашэнні нестандартных задач на прыкладзе тэхналогій ТРВЗ, КТС і іншых”.
Аўдыторыя, для якой будуць праводзіцца вэбінары, шырокая. Гэта і спецыялісты, якія працуюць у сферы выхаваўчай работы, лідары маладзёжных арганізацый, студэнцкага самакіравання. Сур’ёзны сегмент вэбінараў будзе прысвечаны праблемам, якія будуць цікавыя самім маладым людзям, напрыклад, раскрыццё творчага патэнцыялу, камунікатыўныя якасці асобы, медыяцыя.
“Першапачаткова мы плануем праводзіць 5-6 вэбінараў у месяц, — гаворыць Людміла Сяргееўна. — Але, мяркуючы па той зацікаўленасці, якая праяўлена ў вуснай форме ад нашых калег з усіх рэгіёнаў, гэта будзе значна часцей. Хоць яшчэ не была шырока распаўсюджана гэтая інфармацыя, у нас ужо шмат тэлефонных званкоў і электронных пісьмаў з прапановамі тэм вэбінараў у галіне маладзёжнай палітыкі і арганізацыі выхаваўчай работы. У спісе ўстаноў адукацыі, якія гатовы перавесці свае традыцыйныя “школы куратараў”, пасяджэнні для спецыялістаў па арганізацыі работы з моладдзю ў форму вэбінараў, ужо некалькі дзясяткаў. Любы кіраўнік, я ўпэўнена, гэтую форму будзе ўспрымаць як знаходку”.

Пераход у віртуальны кабінет — адным клікам

І з гэтым меркаваннем пагодзіцца, мабыць, кожны. Бадай, адзінае, што можа насцярожыць педагогаў, гэта тэхнічны момант. І дарэмна.
“Анлайн-навучанне — гэта нескладана, і карыстальнікам не варта баяцца, што яны не разбяруцца ў тэхнічных тонкасцях, — гаворыць Кацярына Пятніцкая. — Ніякага спецыяльнага тэхнічнага аснашчэння таксама не патрабуецца. Калі чалавек хоча толькі чуць і бачыць выкладчыка, задаваць яму пытанні з дапамогай тэкставага чата, патрэбен толькі камп’ютар з выхадам у інтэрнэт. А каб уключыць відэа- і аўдыявяшчанне, трэба набыць вэб-камеру з убудаваным мікрафонам для стацыянарнага камп’ютара. Калі ж вы працуеце на ноўтбуку ці мабільным устройстве, то за вас пра гэта ўжо паклапаціліся іх вытворцы. Прыняць удзел у вэбінарах таксама проста: у сацыяльных сетках “Одноклассники”, “ВКонтакте”, Facebook будуць змяшчацца анонсы (група “Вэбінары пра моладзь, для моладзі”). Проста клікнуўшы на спасылку адной з іх, слухач трапляе ў віртуальны кабінет вэбінара.
Заяўкі на правядзенне вэбінараў ад тых, хто хацеў бы паспрабаваць сябе ў ролі вэб-трэнера, і калектыўныя заяўкі ад устаноў адукацыі і арганізацый па цікавай для вас тэматыцы дасылайце на электронны адрас webinar_youth@tut.by.

 

Падрыхтавала
Святлана НІКІФАРАВА.