Павышэнне пенсій будзе залежаць ад фарміравання даходнай часткі бюджэту

- 11:20Інфармацыйная гадзіна

Рост пенсій па ўзросце ў Беларусі ў 2019 годзе прагназуецца на ўзроўні, які перавышае 14 працэнтаў. Аб гэтым паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Міністр адзначыла, што пастаўлена задача дасягнуць у 2019 годзе суадносін сярэднямесячнага памеру пенсіі па ўзросце і сярэднямесячнай заработнай платы ў 40 працэнтаў. “Для гэтага сярэднегадавы тэмп росту пенсій па ўзросце складзе больш за 114 працэнтаў”, — сказала яна.

Адказваючы на пытанне, колькі разоў за год будуць павышацца пенсіі, міністр растлумачыла, што гэта будзе залежаць ад таго, як будзе фарміравацца даходная частка бюджэту.

Будзе рабіцца пераразлік пенсій, увязаных з памерам бюджэту пражытачнага мінімуму. Прадугледжаны рост дапамог па доглядзе дзіцяці сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым і другім чытаннях праект бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Прадстаўляючы законапраект парламентарыям, Ірына Касцевіч праінфармавала, што агульная сума даходаў дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва запланавана ў памеры Br15 млрд. Расходная частка бюджэту фонду разлічана ў суме Br14,8 млрд. Асноўная сума расходаў накіроўваецца на пенсіённае забеспячэнне — 77,5 працэнта (Br11,5 млрд, тэмп росту — 107,9 працэнта). У цэлым бюджэт фонду сфарміраваны з перавышэннем даходаў над расходамі ў суме Br223,7 млн за кошт сродкаў прафесійнага пенсіённага страхавання.