Павышэнне пенсіённага ўзросту непазбежнае

- 14:47Інфармацыйная гадзіна

Урад Расіі прапануе паэтапнае павышэнне пенсіённага ўзросту з 2019 года, паведамляе ТАСС.

Урад прапануе паэтапна павысіць пенсіённы ўзрост у Расійскай Федэрацыі да 65 гадоў для мужчын і 63 гадоў для жанчын. Адзначаецца, што пераходны перыяд пачнецца ў 2019 годзе і прадоўжыцца да 2028 года для мужчын і да 2034 года для жанчын.

“Прапануецца ўвесці даволі працяглы пераходны перыяд — пачаць яго прапануецца з 2019 года, каб пакрокава дасягнуць выхаду на пенсію ў 65 гадоў для мужчын у 2028 годзе і ў 63 гады для жанчын у 2034 годзе”, — сказаў Дзмітрый Мядзведзеў. Ён запэўніў, што змяненні будуць плаўнымі, павышэнне пройдзе паступова. У прыватнасці, народжаныя ў 1959 годзе мужчыны і жанчыны 1964 года нараджэння змогуць выйсці на пенсію ў 2020 годзе ва ўзросце 61 і 56 гадоў адпаведна. Мужчыны 1960 года нараджэння і жанчыны 1965 года нараджэння атрымаюць права выхаду на пенсію ў 2022 годзе ва ўзросце 62 і 57 гадоў адпаведна. “У маладога пакалення наперадзе яшчэ дастаткова часу проста для адаптацыі да новых межаў”, — дадаў прэм’ер-міністр.

Паводле слоў Дзмітрыя Мядзведзева, гэта дасць магчымасць накіраваць дадатковыя сродкі на павелічэнне пенсій звыш узроўню інфляцыі.

Прэм’ер-міністр Расіі таксама прапанаваў захаваць існуючыя льготы на датэрміновыя пенсіі для шэрага катэгорый грамадзян.

Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што пенсіённая рэформа дасць магчымасць работнікам з вялікім стажам выходзіць на пенсію на два гады раней за належны тэрмін. “У якасці кампенсацыйнай меры мы прапануем прадугледзець магчымасць для ўсіх асоб, якія маюць вялікі стаж — 40 гадоў для жанчын і 45 гадоў для мужчын, выйсці на пенсію на два гады раней за агульнаўстаноўлены пенсіённы ўзрост ва ўмовах яго павышэння”, — адзначыў ён.