Павысіць статус свята, надаць яму сучаснае гучанне

- 11:35Інфармацыйная гадзіна

Пры падрыхтоўцы Дня беларускага пісьменства важна шукаць новыя формы і падыходы, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка на пасяджэнні нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства.

“Асноўная ідэя Дня беларускага пісьменства — прапаганда нацыянальных культурных традыцый, дэманстрацыя клопату дзяржавы аб захаванні духоўнай спадчыны краіны, аб духоўным развіцці грамадства ў кантэксце падтрымкі кнігі і чытання, нацыянальнай літаратуры і кнігадрукавання. Пры падрыхтоўцы свята мы павінны рэалізаваць гэтыя задачы і зрабіць усё магчымае, каб Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме стаў значнай падзеяй у культурным жыцці краіны. Нам неабходна павысіць статус гэтага свята, надаць яму сучаснае гучанне, злучыць традыцыі з сучаснасцю, знайсці новыя формы і падыходы”, — сказаў Ігар Петрышэнка.

Ён адзначыў, што ў гэтым годзе мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства павінны быць прысвечаны Году малой радзімы, 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама юбілейным датам класікаў беларускай літаратуры. “Прашу Міністэр­ства культуры звярнуць асаблівую ўвагу на падрыхтоўку канцэртнай праграмы адкрыцця свята. Гэта павінна быць не проста чарада выступленняў беларускіх зорак і аматарскіх калектываў, рэжысёрска-пастановачнай групе неабходна стварыць сапраўдны спектакль. Таксама неабходна больш шырока выкарыстоўваць патэнцыял Нацыянальнай бібліятэкі, яе стэнд павінен стаць адной з дамінант тэматычных пляцовак Дня беларускага пісьменства”, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

У перыяд падрыхтоўкі Дня беларускага пісьмен­ства гарады — цэнтры свята атрымліваюць новы імпульс у сваім развіцці. Праводзяцца работы па рамонце, рэканструкцыі і абнаўленні будынкаў, вуліц, плошчаў, жыллёвага фонду, увядзенні новых аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы, адкрыцці помнікаў архітэктуры і мастацтва.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, адукацыі і кнігадрукавання. Кожны год свята збірае тысячы гасцей з Беларусі і замежжа. Яго праграма прадугледжвае правядзенне прэзентацый знакавых выдавецкіх праектаў, выступленні беларускіх і замежных пісьменнікаў. Упершыню свята прайшло ў 1994 годзе ў Полацку. Рашэннем Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства сталіцай 26-га па ліку свята ў 2019 годзе вызначаны горад Слонім Гродзенскай вобласці.