Павысіць вопыт, абмеркаваць праблемы, убачыць перспектывы

- 11:37Навіны рэгіёнаў

IV Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Навукова-метадычнае суправаджэнне павышэння кваліфікацыі педагогаў: вопыт, праблемы, перспектывы” сабрала на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі амаль 300 удзельнікаў з Магілёва, Мінска і Гомеля.

Сярод іх — педагагічныя работнікі ўстаноў агульнай сярэдняй, дашкольнай, вышэйшай і дадатковай адукацыі дарослых, метадысты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму.

Па словах рэктара інстытута Міхаіла Міхайлавіча Жудро, канферэнцыя мае вялікае значэнне для развіцця сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ў рэгіёне, паколькі яна трансліруе эфектыўны педагагічны вопыт, дазваляе абменьвацца думкамі і ідэямі па ўдасканаленні дзейнасці ўстаноў адукацыі і павышэнні якасці навучання. Аб яе актуальнасці таксама сведчыць штогадовы рост колькасці ўдзельнікаў і досыць высокая якасць дасланых матэрыялаў, якія адлюстроўваюць розныя аспекты дашкольнай, пачатковай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.

Упершыню ў рамках гэтага мерапрыемства прайшоў метадычны фестываль “Педагагічная творчасць. Інавацыі. Вопыт”, арганізавана выстава метадычных распрацовак па ўкараненні інавацыйных форм па павышэнні якасці адукацыі. На думку арганізатараў, гэта спрыяла эфектыўнаму ўзаемадзеянню вучэбна-метадычных кабінетаў з установамі дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.

Работа канферэнцыі была пабудавана па 10 секцыях. Сярод іх — “Традыцыі і інавацыі ў сістэме дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі”, “Актуальныя пытанні развіцця прыватных методык і тэхналогій навучання ў сучаснай школе”, “Медыяадукацыя і медыякампетэнтнасць удзельнікаў адукацыйнага працэсу”, “Прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і інтэрнэт-рэсурсаў у павышэнні якасці адукацыі”, “Эмацыянальна-каштоўнасныя і маральна-этычныя аспекты адукацыі” і іншыя.

Выступаючы перад удзельнікамі канферэнцыі, Міхаіл Міхайлавіч Жудро падкрэсліў, што ў інтарэсах устойлівага развіцця сучаснага беларускага грамадства неабходна ва ўстановах адукацыі ў якасці ключавых удасканальваць прафесійныя кампетэнцыі педагогаў, якія маюць на ўвазе творчае стаўленне да справы, крэатыўнасць, дасягненне высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці, працавітасць, ініцыятыўнасць, імкненне да бесперапыннага прафесійнага росту і самаразвіцця.

На пленарным пасяджэнні былі заслуханы даклады аб даследаванні якасных змен і тэндэнцый у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь ва ўмовах лічбавай эканомікі, талерантнасці як прафесійна важнай якасці менеджара ў сістэме адукацыі, перспектывах укаранення ў сістэму адукацыі шматузроўневай міжпрадметнай інтэграцыі.

Выступоўцы расказалі ў сваіх дакладах аб сістэмным характары прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і інтэрнэт-рэсурсаў ва ўстанове адукацыі, падзяліліся вопытам выкарыстання на практыцы прадукцыйнай тэхналогіі навучання як сродку павышэння якасці ведаў навучэнцаў па матэматыцы ў профільных класах, трансліравалі вопыт фарміравання інфармацыйнай кампетэнцыі навучэнцаў падчас вывучэння гісторыі, гаварылі пра развіццё эмацыянальна-валявой сферы дзяцей дашкольнага ўзросту пры дапамозе элементаў казкатэрапіі.

Падчас дыскусіі, прысвечанай перспектывам развіцця сістэмы навукова-метадычнага суправаджэння павышэння кваліфікацыі педагогаў, удзельнікі канферэнцыі прапанавалі актуалізаваць пытанне аб стварэнні падручнікаў для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі; ініцыіраваць унясенне змяненняў у крытэрыі ацэнкі работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі ўдасканалення адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь; арганізаваць абмеркаванне дыдактычных і метадычных падыходаў па рэалізацыі ў школьнай практыцы ідэі “асноўнае засвоіць на ўроку”; забяспечыць навукова-метадычнае суправаджэнне міжпрадметнай інтэграцыі вучэбных прадметаў, якая можа стаць асновай для распрацоўкі эфектыўнай адукацыйнай практыкі.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.