Павысіць якасць і знізіць кошт

- 15:29Калегіі, пасяджэнні, Рознае

Арганізацыя харчавання — тэма пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі Днямі ў Салігорску адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанае пытанням арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі. Эканоміка і здароўезберажэнне — вось два галоўныя аспекты тэмы, заяўленай да абмеркавання. Як спалучыць, здавалася б, неспалучальнае — нізкі кошт і высокую якасць школьных абедаў? Якая схема арганізацыі харчавання дзяцей найбольш эканамічна эфектыўная — для бюджэту і ўласна для бацькоў? Як удасканальваць гэты працэс у інтарэсах дзяцей? Якія рашэнні магчыма прыняць на рэспубліканскім узроўні, а што лепш пакінуць на разгляд мясцовых улад? На ўсе гэтыя пытанні, і нават больш, удзельнікі пасяджэння — а гэта прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, гандлю, начальнікі сістэм адукацыі рэгіёнаў, інжынеры-тэхнолагі і іншыя — спрабавалі знайсці адказы, аналізуючы работу па арганізацыі харчавання навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці, якая ў гэтым кірунку мае сапраўды ўнікальны вопыт.

Цяжкасці пераходу

Выбар месцам правядзення пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі менавіта Мінскай вобласці сапраўды невыпадковы. Сёння тут выпрацавана адметная сістэма ў сферы арганізацыі харчавання навучэнцаў, асноўная адрозная рыса якой — самастойнасць.
— У Мінскай вобласці самы высокі ў краіне працэнт арганізацыі харчавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі мясцовымі аддзеламі адукацыі — 98,6%, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак. — Да такой лічбы прыйшлі не адразу, гэтая работа пачыналася яшчэ ў 1995 годзе, калі асобныя ўстановы пераходзілі на самастойную арганізацыю харчавання. Апошнім жа часам мы доўга разважалі над тым, як адначасова павялічыць аб’ём страў, якія прапаноўваюцца дзецям, як пашырыць асартымент, як знізіць бацькоў-скую даплату за харчаванне, як у цэлым прыйсці да максімальных суадносін натуральных і грашовых норм. У 2011 годзе вынікам шматбаковага аналізу стала рашэнне аб масавым пераходзе на самастойную арганізацыю харчавання.
Як адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, працэс гэты быў нялёгкім і даволі працяглым для кожнага раёна. І не толькі таму, што трэба было змяніць мысленне і кіраўніка аддзела адукацыі, і дырэктара школы. Але і таму, што такое рашэнне на першым этапе патрабавала значных матэрыяльных укладанняў.
— Так, на першым этапе неабходна было арганізаваць склады, — расказала Галіна Мікалаеўна. — Для гэтага патрэбна было спачатку знайсці адпаведныя памяшканні, потым правесці там рамонт, закупіць неабходнае абсталяванне.
Дарэчы, як працуе сёння гэтая сістэма складоў, удзельнікам пасяджэння было прадэманстравана на вопыце работы Салігорскага раёна. А паглядзець там сапраўды ёсць на што. У якасці будынкаў, рэканструяваных пад склады, выступілі памяшканні, якія знаходзіліся на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму і актыўна не выкарыстоўваліся. Зараз для захоўвання прадуктаў, якія хутка псуюцца, там устаноўлены ахаладжальныя і нізкатэмпературныя халадзільныя камеры. Для захоўвання агародніны ў міжсезонны перыяд маецца гароднінасховішча, абсталяванае спліт-сістэмай.
Для арганізацыі работы гэтых складоў сфарміраваны штат работнікаў. Так, бесперабойную работу забяспечваюць загадчык склада і па двое кладаўшчыкоў, таваразнаўцаў і бухгалтараў-калькулятараў. А для якаснага ўліку руху прадуктаў харчавання на складзе ўкаранёна камп’ютарная праграма. Сёння для пастаўкі на склад прадуктаў, якія далей накіроўваюцца ва ўстановы адукацыі горада і раёна, раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму ў адпаведнасці з заканадаўствам шляхам правядзення таргоў на 2014 год заключаны дамовы з 43 прадпрыемствамі на агульную суму 20 млрд рублёў. Разам з тым асобныя прадпрыемствы ажыццяўляюць пастаўку харчавання непасрэдна ва ўстановы.
Аднак арганізацыя складскіх памяшканняў — не адзіная неабходная ўмова для пераходу на самастойную арганізацыю харчавання.
— Другі момант — неабходна набыць спецыяльны ізатэрмічны транспарт. Сёння ў вобласці 183 адзінкі спецтранспарту, — прывяла даныя начальнік упраўлення адукацыі. — Яшчэ адзін момант — неабходна было прывесці ў адпаведнасць штатны расклад харчаблокаў школ. Акрамя таго, важна было сур’ёзна заняцца самастойнай нарыхтоўкай агародніны і садавіны для патрэб устаноў адукацыі. З 2011 года мы кіруем гэтым працэсам.
У адносінах да апошняга варта назваць некалькі фактаў і лічбаў. Так, штогод установы адукацыі вобласці самастойна ці з дапамогай гаспадарак займаюцца нарыхтоўкай садавіны і агародніны. Далей уся гэтая прадукцыя перадаецца ўстановам адукацыі па ўмоўным кошце — літаральна ў некалькі рублёў. Па падліках абласнога ўпраўлення адукацыі толькі за год на закупку той агародніны, якая была нарыхтавана самастойна, неабходна было б затраціць 11,6 млрд рублёў.
Безумоўна, неабходна было вырашаць і пытанне з матэрыяльна-тэхнічным станам харчаблокаў. У гэтым плане Мінскай вобласці таксама ёсць чым ганарыцца. Зараз ва ўстановах адукацыі вобласці выкарыстоўваецца больш за 100 параканвектаматаў. Акрамя таго, толькі за мінулы год было набыта 306 адзінак іншага тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання на суму 2 млрд 403 млн рублёў, мэблі на 204 млн рублёў. Харчаблокі ўсіх устаноў адукацыі вобласці прыведзены ў адпаведнасць з санітарнымі нормамі, на што затрачана амаль 3 млрд рублёў.

Ад норм грашовых да норм натуральных

Безумоўна, узнікае пытанне: дзеля чаго ж такія ўкладанні — матэрыяльныя, арганізацыйныя, маральныя?
— Мы змаглі даказаць эфектыўнасць такога пераходу, — зазначыла падчас выступлення галоўны інжынер-тэхнолаг па харчаванні ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Таццяна Міхайлаўна Фінская. — Справа ў тым, што ва ўстановах, дзе харчаванне забяспечваюць арганізацыі грамадскага харчавання, фарміраванне цаны на прадукцыю, якая рэалізуецца, адбываецца з прымяненнем гандлёвых надбавак і нацэнак. Сума рэалізаваных гандлёвых надбавак і нацэнак прызначана для аплаты выдаткаў на аказанне паслуг грамадскага харчавання. Для кампенсацыі выдаткаў на гэтыя мэты пастановай Савета Міністраў прадугледжана прымяненне павышаючага каэфіцыента 1.3, гэта значыць, 30% да грашовай нормы расходаў на харчаванне. Усталяваны каэфіцыент гэтак жа выплачваецца з бюджэту.
Аднак гэтая лічба не перакрывае суму рэалізаваных надбавак і нацэнак, паколькі ў сярэднім гандлёвая надбаўка на прадукцыю, якая пастаўляецца арганізацыямі грамадскага харчавання, складае 22%, нацэнка ў Мінскай вобласці на той момант складала 35%. У суме атрымліваецца 55%, а не 30%. Як вынік, з павелічэннем долі расходаў на паслугі па арганізацыі харчавання аб’ектамі грамадскага харчавання адбываецца памяншэнне долі сыравіннага набору прадуктаў харчавання для навучэнцаў, складзенага па зацверджаных Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам аховы здароўя нормах харчавання.
Такім чынам, самастойная арганізацыя харчавання ва ўстановах адукацыі накіравана на сацыяльную абарону навучэнцаў. Такі падыход дазваляе пашырыць асартымент страў, якія прапаноўваюцца, паменшыць кошт абеду, у тым ліку і за бацькоўскую плату, выйсці на досыць высокі ўзровень выканання ўстаноўленых норм харчавання. Так, ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці ўсе метады, якія прымяняюцца для патаннення харчавання, дазволілі выканаць натуральныя нормы ў сярэднім на 90,3%.

Эканамічны эфект ёсць

Тэзіс наконт сацыяльнай абароненасці навучэнцаў пры самастойнай арганізацыі харчавання пераканаў практычна ўсіх прысутных. А вось наступны — наконт эканамічнай выгады — выклікаў бурную дыскусію. Няўжо сапраўды апраўдваюцца ўкладанні ў выглядзе затрат на арганізацыю складоў, набыццё транспарту, нарэшце — утрыманне персаналу? Кропкі над “і” ў гэтым пытанні расставіў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Салігорскага райвыканкама Ігар Аляксандравіч Цыбулька, звярнуўшыся да лічбаў з уласнай практыкі.
— Улічваючы, што большасць харчаблокаў устаноў адукацыі былі разлічаны на работу з паўфабрыкатамі і не мелі сур’ёзных складскіх памяшканняў, на першым этапе па рашэнні Салігорскага райвыканкама было вырашана ўкласці значныя сродкі ў рамонт харчаблокаў і арганізацыю захоўвання прадуктаў харчавання. На працягу некалькіх месяцаў было ўкладзена каля 1,5 млрд рублёў, — расказаў начальнік аддзела. — Наступная задача — фарміраванне штату работнікаў. Калі для тых дзяцей, якія харчуюцца за кошт бюджэту, прадугледжаны стаўкі работнікаў харчаблоку за кошт бюджэту, то для тых, якія самі плацяць за абеды, — не. Пры адмове ад паслуг камбіната школьнага харчавання неабходна было шукаць рэсурсы для аплаты працы штатных адзінак, якія б забяспечвалі харчаваннем другую групу. Таму было прынята рашэнне пакінуць нацэнку на харчаванне для тых дзяцей, якія харчуюцца за бацькоўскі кошт, але знізіць яе з 40 да 30%. Прымяненне гэтай нацэнкі дае магчымасць развіваць пазабюджэтную дзейнасць і частку сродкаў накіроўваць на ўмацаванне і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі.
Але ўсё ж варта прызнаць, што такі памер нацэнкі не дазволіў бы адначасова ўтрымліваць дадатковы штат работнікаў і накіроўваць сродкі на развіццё матэрыяльнай базы, калі б не падтрымка мясцовага райвыканкама. Згодна з рашэннем Салігорскага райвыканкама, частку ставак работнікаў харчаблокаў аплачвае бюджэт, тым самым пакідаючы на развіццё сістэмы адукацыі раёна дадатковыя сродкі. Дарэчы, толькі за перыяд з 2012 года па сакавік 2014 года ў раёне набыта і дапушчана да эксплуатацыі ва ўстановах адукацыі 137 адзінак абсталявання на суму 1904,2 млн рублёў, з іх 1140,5 млн рублёў атрыманы ад пазабюджэтнай дзейнасці.
— Нягледзячы на тое, што асобнымі райвыканкамамі часткова ўведзены дадатковыя адзінкі работнікаў харчаблокаў, якія не прадугледжаны тыпавым штатным раскладам, для арганізацыі харчавання за бацькоўскую плату, утрыманне дадатковага штату не перавышае суму выплат з бюджэту на вызначэнне павышаючага каэфіцыента, — падкрэсліла пры гэтым Т.М.Фінская. — Разлік рэнтабельнасці самастойнай арганізацыі харчавання аддзеламі адукацыі, спорту і турызму паказаў, што сярэдняя лічба выплат з бюджэту на ўтрыманне сістэмы грамадскага харчавання ў паўтара разу вышэйшая, чым утрыманне дадатковых адзінак штату, транспарту і іншых бягучых расходаў.
— На першым этапе ўкладанні сапраўды былі значныя. Аднак гэта разавыя выплаты, якія з цягам часу нівеліруюцца за кошт прыбыткаў. Работа групы па арганізацыі харчавання, зарплата вадзіцеляў, кошт паліва, увядзенне дадатковых штатных адзінак кухараў — гэта патрабуе каля 2 млрд у год, а эканомія бюджэтных сродкаў за кошт выключэння павышаючага каэфіцыента складае 7 млрд для тых, хто харчуецца за бюджэт, 3 млрд — за бацькоўскія грошы, — прывёў уласныя даныя Ігар Аляксандравіч. — Гэта правільныя даныя пры ўмове захавання высокага працэнта выканання натуральных норм.
У некаторых спецыялістаў выклікала сумненне і неабходнасць стварэння ўласных складскіх памяшканняў. Магчыма, лепш арганізоўваць прамыя пастаўкі ці выкарыстоўваць ужо вядомы кальцавы завоз прадуктаў?
У Салігорску ўпэўнены: такі склад вельмі спрашчае і значна лепш арганізоўвае работу, выключаючы форс-мажорныя абставіны. Насамрэч, такія склады — гэта прататып лагістычнага цэнтра з усімі яго плюсамі: магчымасцю фарміравання зборных заказаў, абавязковасцю пастаўкі ўсяго неабходнага зараз нават у аддаленыя пункты і г.д.
— Бадай што галоўная перавага для нас пры самастойнай арганізацыі харчавання — гэта кіруемасць працэсам, упэўненасць у прадукцыі, якая паступае ва ўстановы адукацыі. Адміністрацыйныя меры ўздзеяння таксама знаходзяцца ў адных руках, — падкрэсліў Ігар Аляксандравіч. — Школа ў любым выпадку адказвае за гэты працэс — незалежна ад таго, хто яго арганізоўвае. Зараз жа мы маем магчымасць рэальна ўплываць на яго.

Кожны падыход мае права на існаванне

Варта адзначыць, што самастойная арганізацыя харчавання аддзеламі адукацыі, спорту і турызму сёння практыкуецца не толькі ў Мінскай вобласці. Усяго па краіне ў 60% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі харчаванне арганізавана органамі адукацыі. Аднак вопыт работы сталічнай вобласці ў цэлым і Салігорска ў прыватнасці ўнікальны тым, што тут у гэтай рабоце актыўны ўдзел прымаюць мясцовыя органы ўлады.
— Салігорскі раён мае сваю спецыфіку. Харчаванне дашкольнікаў і школьнікаў тут арганізавана на вельмі высокім узроўні, — адзначыў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Прычым мы ўбачылі інтарэс да гэтай тэмы з боку кіраўніцтва раёна, вобласці. Тут ёсць сумесная работа школы, кіраўніцтва ад адукацыі, выканкама і абласных структур улады. Гэта выдатны прыклад рэалізацыі задуманага. Адна школа, нават раённы аддзел будзе знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі, калі паспрабуе самастойна ўсё гэта зрабіць. Нам варта добра асэнсаваць значнасць вопыту Салігорскага раёна і для мэт выхавання дзяцей. Бо адна справа проста арганізаваць якаснае харчаванне, іншая — калі ў гэтым працэсе на дасягненне якасці задзейнічаны і самі школьнікі, педагогі.
Зрэшты, напэўна, не варта абсалютызаваць прадстаўленую схему работы. Як адзначалі ўдзельнікі пасяджэння, дзесьці працэс арганізацыі харчавання навучэнцаў сёння выдатна арганізаваны і пабочнымі структурамі. І кожны падыход мае права на існаванне, калі дасягаецца галоўная мэта — дзеці атрымліваюць якаснае харчаванне.
— Але і ў першым выпадку, і ў другім сёння маюцца велізарныя недапрацоўкі ў нарматыўным плане, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Гэта і пэўныя прыватныя пытанні, і прынцыповыя. Так, нам неабходна вырашыць прынцыпова, якая сёння функцыя бюджэту ў працэсе арганізацыі харчавання. Напрыклад, у дзіцячых садах мы перайшлі на 100-працэнтную аплату харчавання дзяцей бацькамі, аднак штат харчаблока ў гэтых установах утрымліваецца за кошт бюджэту. Можа, такая мадэль магчымая і ў школе? Задача ж установы адукацыі — стварыць умовы. Ці мы бу-дзем рухацца да іншага — аўтсортынгу: звароту за атрыманнем паслуг па харчаванні да спецыялізаваных структур, якія якасна выконваюць гэтую дзейнасць?..
Відавочна, што ў хуткім часе гэтая тэма — харчаванне навучэнцаў — атрымае сваё далейшае развіццё.

 

Алена МАРКЕВІЧ.