Паясок пясочнага гадзінніка

Вось вам загадка: “Настаўнік настаўнікаў, пасрэднік паміж навукай і практыкай, разумны стратэг, таленавіты арганізатар, метадыст, псіхолаг, аналітык, медыятар… Хто гэта?”

Калі вы здагадаліся, што гэта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, то іншая загадка: “Як яму ўдаецца спалучаць у сабе ўсе гэтыя якасці і дзе гэтаму навучыцца?” Сваю адгадку нядаўна прапанаваў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, на базе якога з’явіўся клуб намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце. Афіцыйнае адкрыццё клуба плануецца да выдання практычнага дапаможніка “Даведнік намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце”, падрыхтоўкай якога цяпер актыўна займаецца творчая група клуба.

Акумуліруем ідэі

“Гэта было нашай марай — стварыць такі клуб і аб’яднаць у ім харызматычных асоб, каб людзі паверылі, што існуе механізм дапамогі, суправаджэння і творчага абмену ідэямі, — гаворыць Ніна Мікалаеўна Захожая, начальнік упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў МГІРА, ініцыятар стварэння клуба. — Мы аб’ядналі кіраўнікоў раённых метадычных аб’яднанняў намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце, іх актыўных калег-зорак, якія паспяхова рэалізавалі свае праекты ў школе, раёне ці горадзе і якія гатовы гэтаму вучыцца, вядомых персон у выхаваўчай практыцы і з імі аб’мяркоўваем іх лепшы вопыт, а таксама вопыт, прадстаўлены на семінарах, канферэнцыях, круглых сталах на гарадскім, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях, укараняем лепшае ў выхаваўчую практыку, аб’ядноўваем свае ідэі, закручваем праекты і потым трансліруем на ўсе ўстановы горада. Наш клуб — гэта развіццё з тым эфектам, якога чакае грамадства. А грамадства не чакае загадаў, а чакае чалавека, да якога можна заўсёды звярнуцца, параіцца з ім, абмяняцца вопытам. Мы хочам, каб клуб стаў паяском пясочнага гадзінніка, каб менавіта тут збіраліся лепшыя ідэі ад практыкаў і потым знаходзілі шырокае ўвасабленне”.

Сёння клуб актуалізуе работу па такіх кірунках, як прафілактыка правапарушэнняў сярод падлеткаў, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, абарона дзяцінства і сямейнае выхаванне, роўнае навучанне, вучнёўскае самакіраванне і інш. У сувязі з удасканаленнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь па выхаваўчай рабоце актывам клуба ў 2019 годзе плануецца вывучэнне новых кірункаў дзейнасці, пошук пляцовак абагульнення вопыту па гендарным і сямейным, духоўна-маральным, эканамічным выхаванні навучэнцаў. Таксама будзе вывучацца запатрабаванасць і магчымасць арганізацыі работы школы маладога намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ў рамках дзейнасці клуба.

Пазнаёмімся з яго ўдзельнікамі.

Расці над сабой

Дзмітрый Іванавіч Цеслюкевіч працуе ў гімназіі № 17 толькі другі год, але вельмі палюбіў сваю работу: “Мяне прываблівае тое, што я працую амаль са сваімі равеснікамі. Акрамя старшакласнікаў, якім я яшчэ і гісторыю выкладаю, у мяне складваюцца добрыя адносіны і з падлеткамі, і з меншымі дзецьмі. Стараюся трымацца з імі нефармальна, наколькі дазваляе мая пасада. Увогуле, і цяпер, і ў будучыні пастараюся даць ім максімальную свабоду дзеянняў. У нашай гімназіі шмат музычных факультатываў, дзеці вучацца іграць на 14 музычных інструментах, у нас некалькі ўзорных калектываў. Гэта стварае ў гімназіі непаўторную атмасферу і выхоўвае дзяцей. Мяне прываблівае работа з бацькамі, і ў перспектыве хачу далучаць іх да жыцця гімназіі. Такія бацькі і цяпер ужо ёсць. Напрыклад, мы летась прымалі ўдзел у гарадскім конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі (дарэчы, занялі 2-е месца), і бацькі смела выступалі на сцэне. Захапляюць мяне і матываваныя педагогі, у якіх ёсць чаму павучыцца і якія гатовы рынуцца ў любую цікавую справу.

Напрыклад, мы з камандай цяпер абараняем грант па праекце “Укараненне механізмаў эфектыўнага кіравання як фактару ўстойлівага развіцця ўстановы адукацыі”. За такой складанай фразай стаіць фарміраванне ў педагогаў патрэбнасці прафесійнага самаўдасканальвання. Не проста прыйсці і працаваць выключна ў сваім кірунку, а імкнуцца развівацца і самарэалізоўвацца па-за яго межамі. Няважна, у якім кірунку — спорт, здаровы лад жыцця, навуковая работа, экалогія. Дзякуючы такім педагогам будзе фарміравацца імідж установы, а ўжо за педагогам абавязкова будзе падцягвацца вучань”.

Сам жа Дзмітрый Іванавіч, акрамя работы ў гімназіі, вучыцца ў аспірантуры, піша кандыдацкую па тэме “Сістэма адукацыі Беларусі 20—30 гадоў”. Улічваючы, што першакрыніцы ў асноўным на польскай мове, ён паглыбляе яе вывучэнне. Акрамя таго, не прапускае ніводных курсаў (платных і бясплатных) па выхаваўчай рабоце, інавацыйнай дзейнасці і інш. Плануе працягнуць гуляць у КВЗ са сваёй камандай “Качыныя гісторыкі” ў мінскай прэм’ер-лізе — актыўная каманда была нядаўна, яшчэ калі ўдзельнікі былі студэнтамі. Акрамя БДПУ імя Максіма Танка, скончыў і БДУ па спецыяльнасці “Камунікацыя ў сферы грамадскіх сувязей” — піяр, кіраванне праектамі і інш. таксама абавязкова яму спатрэбяцца. У любую вольную хвілінку Дзмітрый Іванавіч не прапускае магчымасці пачытаць.

“Жыццё віруе, і нам ёсць куды рухацца далей. Так, я хачу наладзіць дзіцячае самакіраванне, каб самі дзеці — лідары і старасты класаў — курыравалі падрыхтоўку да конкурсаў ці школьных мерапрыемстваў. Гэтую справу трэба рэаніміраваць. Навучэнцы не павінны засяроджвацца выключна на вучобе — яны павінны ісці ў гімназію з цікавасцю, развівацца і за межамі ўрокаў”, — дзеліцца планамі Дзмітрый Іванавіч

У мяне прапанова!

Як гэта зрабіць, калегу па клубе з ахвотай раскажа Алена Сяргееўна Гілько. Намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў сярэдняй школе № 161 яна працуе з моманту яе адкрыцця — больш за 15 гадоў. І менавіта столькі гадоў яна са сваёй камандай педагогаў развівае тут школьнае самакіраванне, якое стала візітоўкай установы.

Яго сэрца — клуб ЮНЕСКА “Цэнтр цікавых спраў”. Гэта актыў дзяцей, якія, акрамя таго, што добра вучацца, прымаюць актыўны ўдзел і ў жыцці школы, і за яе межамі. Асабліва актыўныя па лініі Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА прымаюць удзел у яе праектах, прапаноўваюць і ладзяць свае. Напрыклад, дзеці самі арганізоўваюць мінскую сустрэчу клубаў ЮНЕСКА, якая праходзіць ужо 3 гады запар, шукаюць валанцёраў, памочнікаў. Прычым апошнія два гады сустрэчы прайшлі ўжо на рэспубліканскім узроўні, калі прыязджалі дэлегацыі з іншых рэгіёнаў, а таксама з Расіі. Паспяхова рэалізоўваецца і праграма роўнага навучання. Прычым разлік ідзе не на колькасць валанцёраў-старшакласнікаў, а на ўзровень іх падрыхтоўкі. Дзеці курыруюць работу школьнага медыяхолдынга ТІГР — тэлебачанне, інтэрнэт, газета, радыё. Актыўныя дзеці і ў афіцыйных групах у сацсетках.

Гаворачы пра сакрэты поспеху ў гэтым кірунку, Алена Сяргееўна зазначае: “Галоўнае — пачаць як мага раней. Чалавек за месяц і нават за год не навучыцца самакіраванню. Гэта вельмі вялікая праца. Галоўнай маёй задачай было сабраць вакол сябе актыўных дзяцей, якія не могуць сядзець на месцы, не могуць і дня пражыць без ідэй. Але пачынаць гэта трэба не ў старшай школе, а яшчэ ў малодшай. І збіраць трэба… вачыма. Калі яны гараць у педагога і нават у кіраўніка школы — дзеці таксама загарацца ідэяй.

Але ёсць і пэўныя правілы. Так, ніколі не трэба даваць дзецям усё гатовае, трэба дазваляць ім праяўляць ініцыятыву. “Вашы прапановы?” — нашы дзеці рэгулярна чу-юць гэтае пытанне і заўсёды маюць на яго адказ. Канечне, на водкуп даць дзіцяці арганізацыю нейкай справы нельга — трэба дапамагчы парадай, прасачыць, ці ўсё прадугледжана. Важна і тое, каб яны не баяліся памыляцца, бо толькі вучацца. Нават калі ў іх нешта было арганізавана не бездакорна — нічога страшнага. Замест прадастаўлення слова высокім гасцям правялі флэшмоб? І гэта мае права быць.

І ніякую ініцыятыву не трэба спыняць. Да мяне часта прыбягаюць дзеці: “У нас ёсць прапанова… Мы хочам зрабіць, правесці…” Трэба зрабіць усё, каб у іх не было перашкод. Напрыклад, яны захацелі ў найбліжэйшую суботу арганізаваць валейбольны матч для клубаў ЮНЕСКА горада. Калі ласка! Мы толькі ўзгадняем час, каб была вольная зала. Ці кажуць: “Мы хочам сустрэцца і паглядзець летнія фота і відэа, падзяліцца ўражаннямі пасля адпачынку. Толькі вечарам і не за сталамі — мы прынясём з сабой маты і мяккія пуфы, пап’ём чаю з цукеркамі і пячэннем”. Хіба хто будзе супраць?

Любая ініцыятыва павінна заахвочвацца. Таму мы ладзім для нашага актыву віншаванні, дні імянінніка, невялікія сюрпрызы і г.д. Ім прыемна, калі заўважаеш: “Шкада, Саша, што ты ўчора не прыйшла на сустрэчу. Цябе не хапала”. Так дзеці адчуваюць, што яны неабходныя, што без іх усё рассыпаецца”.

Хто не ідзе наперад — ідзе назад

Сярэдняя школа № 136 чвэрць стагоддзя працуе ў тэатральным кірунку, шмат гадоў з’яўляецца гарадскім рэсурсным цэнтрам па выхаванні навучэнцаў сродкамі тэатра, мае і ўзнагароду за лепшы тэатральны калектыў рэспублікі. Таму тут дзеці замалада — хто на сцэне, хто ў глядзельнай зале — разумеюць і ўсведамляюць тыя рэчы, якія ў іншых школах часцей проста фармальна прагаворваюцца на класных гадзінах. Узаемаадносіны ў школе і дома, дзіцячая анкалогія, цкаванне, сяброўская здрада… Акцёраў і гледачоў вучаць бачыць і разважаць, быць шчырымі і адчуваць у іншых фальш.

А вось за тэатральнымі дзвярыма гэтаму вучыць Алена Мікалаеўна Послед, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.

“Я не стрымліваю сябе ў адносінах ні да сваіх траіх дзяцей, ні да навучэнцаў, — гаворыць Алена Мікалаеўна. — Мне бліжэй быць шчырай, казаць праўду ў вочы, а не замоўчваць яе. І такіх жа праўдзівых людзей паважаю. Толькі так можна ісці далей. А хто не ідзе наперад — ідзе назад. Дзеці па сваёй прыродзе не даруюць хлусні, недамоўленасці. Не ўсе дзеці любяць чуць толькі ліслівасць, а часта чакаюць праўды, шчырасці. І менавіта гэтага часта не могуць ім даць бацькі, бо для іх дзіця — самае лепшае, самае любімае, самае выхаванае. Дзеці імкнуцца адпавядаць гэтаму вобразу і часта дома менавіта такія. А вось у соцыуме, у школе, у адносінах з аднакласнікамі могуць праяўляць іншыя свае якасці. Я некалькі гадоў працавала сацыяльным педагогам і добра гэта ведаю.

У школе мы трэці год рэалізоўваем інавацыйны праект па павышэнні псіхолага-педагагічных кампетэнцый бацькоў у сферы выхавання і адукацыі дзяцей. Тэма актуальная, бо цяпер роля сям’і ў выхаванні значна зменшылася, бацькі моцна абстрагаваліся ад выхавання дзяцей і заняліся выключна работай і стварэннем дабрабыту, яны не прыслухоўваюцца да дзяцей і іх патрэб. Таму мы паварочваем бацькоў у наш бок, імкнёмся дапамагчы выбудоўваць узаемаадносіны ў сям’і, быць сваім дзецям саюзнікамі. Усе сумесныя мерапрыемствы: дабрачынныя акцыі, кірмашы, святы — мы таксама ладзім разам.

Ніводны з бацькоў не прыйдзе туды, дзе яму не будзе цікава. А для гэтага мы ў школе працуем па іх запытах. І важна, каб гэта была не сухая лекцыйная інфармацыя, а прапрацоўка канкрэтных сітуацый. Мы адышлі ад бацькоўскіх сходаў і ўніверсітэтаў і аддаём перавагу інтэрактыўным вучэбным заняткам, напрыклад, прымяняем метад “Кейс-стады”, шукаем разам выйсце з тых праблемных сітуацый, з якімі часта сутыкаемся”.

Святлана НІКІФАРАВА.