Пазабюджэт па запытах

Пазабюджэтная дзейнасць для ўстаноў адукацыі, калісьці такая нязвыклая, даўно ператварылася ў штодзённую справу. Справу, якая патрабуе пастаяннай увагі ва ўсім, што тычыцца яе эканамічных, арганізацыйна-прававых і іншых аспектаў. А яшчэ — вывучэння запытаў бацькоў і навучэнцаў на платныя паслугі. Як спраўляюцца з фарміраваннем і аказаннем такіх паслуг ва ўстановах адукацыі, якія пытанні ў сувязі з гэтым узнікаюць, мы папрасілі адказаць некалькіх слухачоў і аднаго з выкладчыкаў вучэбных курсаў па адукацыйнай праграме “Арганізацыя пазабюджэтнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі” ў цэнтры дадатковай адукацыі “Альтэрнатыва” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. 

Выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін педуніверсітэта Ларыса Леанідаўна Дэмбіцкая зазначыла, што эфектыўнасць курсаў “Арганізацыя пазабюджэтнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі” будзе максімальнай, калі ўстановы адукацыі будуць загадзя высылаць пытанні і заяўкі па найбольш важных тэмах. Так, на занятках, якія наведала я, абмяркоўваючы арганізацыйна-прававыя аспекты прадастаўлення платных дадатковых адукацыйных паслуг, слухачы задалі Л.Л.Дэмбіцкай нямала пытанняў наконт тэрмінаў і парадку складання графікаў заняткаў, афармлення на работу пазаштатных супрацоўнікаў, розніцы паміж сумяшчальніцтвам і сумяшчэннем, магчымасці для кіраўнікоў весці платныя заняткі, парадку заключэння дагавораў аб платных паслугах у сферы адукацыі (з той арганізацыяй або асобай, якая будзе ажыццяўляць гэтую паслугу) і г.д.
— Важна памятаць, што ў сферы адукацыі ёсць толькі дагавор на аказанне паслуг, які часта блытаюць з дагаворам падраду, — заўважае спецыяліст. — У тым, што тычыцца сферы адукацыі, дагавор падраду неактуальны.
Слухачы задалі нямала іншых канкрэтных пытанняў выкладчыкам. Акрамя таго, яны адказалі на некаторыя пытанні нашай газеты.
Першай маёй суразмоўніцай стала Наталля Антонаўна Аніськовіч, загадчыца ясляў-сада № 22 “Чароўны” з санаторнымі групамі Жодзіна Мінскай вобласці.
— Выбіраючы кірункі пазабюджэтнай дзейнасці, мы, канечне, у першую чаргу глядзім, што прадугледжана вучэбнай праграмай. Абавязкова апытваем бацькоў. У нашай дашкольнай установе ёсць басейн. Дзякуючы гэтаму мы арганізавалі паслугу выхаднога дня фізкультурнай накіраванасці. Два гады паслуга ішла вельмі добра, але зараз басейн знаходзіцца на капітальным рамонце, спадзяюся, што з 1 снежня зноў пачнём аказваць гэтую паслугу, бо тэлефонныя званкі ад бацькоў паступаюць бесперапынна.
Акрамя таго, па словах Н.А.Аніськовіч, вялікай папулярнасцю карыстаюцца паслугі мацярынскай школы — адаптацыйных груп, якія наведваюць дзеці ад 1,5 года, і якіх бацькі вырашылі загадзя падрыхтаваць да наведвання дзіцячага сада. Асаблівасць такіх груп у “Чароўным” — большая скіраванасць на работу з бацькамі, кансультацыі для іх. Сёлета ў жодзінскім садзе № 22 працуюць дзве падобныя групы — ад 1,5 да 2 гадоў і ад 2 да 2,5 года. Наталля Антонаўна кажа, што ў горадзе такія групы ёсць наогул у кожнай дзіцячай установе.
Абавязкова кожны год у садку арганізоўваюцца танцавальныя гурткі, якія вядуць музычныя кіраўнікі па зацверджанай праграме. Ёсць і гурткі фізкультурнай накіраванасці: “Вясёлыя мячыкі” (заняткі на фітнес-мячах), “Вясёлая аэробіка” (практыкаванні з рознымі прадметамі).
— На спартыўныя заняткі, як правіла, бацькі запісваюць хлопчыкаў, — заўважае Н.А.Аніськовіч, — магчыма, каб тым было куды расходаваць сваю кіпучую энергію. Наогул, усе нашы гурткі апрабаваны на працягу некалькіх гадоў, і яны сябе апраўдваюць. Магчыма, праз нейкі час мы вернемся да гуртка па вывучэнні англійскай мовы, які калісьці быў у нашым садку.
Як расказала кіраўнік установы дашкольнай адукацыі, пазабюджэтная дзейнасць прыносіць саду нядрэнны даход. Так, у бягучым годзе на сярэдзіну кастрычніка ён склаў 34 млн рублёў, з якіх прыкладна 20 млн засталіся ў садку. Ідуць гэтыя грошы на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, папаўненне гульнявога асяроддзя, закупку фізкультурнага абсталявання.
Вывучэнне попыту на платныя паслугі праводзіцца ў кожнай групе праз апытальныя лісты для бацькоў. Прапаноўваюцца, зразумела, тыя паслугі, для аказання якіх ёсць кваліфікаваныя спецыялісты.
— Пазабюджэтнай дзейнасцю мы займаемся даўно, каля дзесяці гадоў, але пэўныя пытанні па ёй застаюцца, — прызнаецца Наталля Антонаўна. — Напрыклад, па фарміраванні цэн. Я ведаю, што ў нас і ў Барысаве плата за заняткі ў аднолькавых гуртках розная. Яна можа адрознівацца вельмі значна, хаця цэны фарміруюцца цэнтралізавана. Хацелася б разабрацца, чаму так адбываецца.
Пра пазабюджэтную дзейнасць мы пагаварылі і з Вольгай Мікалаеўнай Рублёвай, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 58 Гомеля імя Ф.П.Гааза.
— Як правіла, мы анкетуем бацькоў наконт платных паслуг напрыканцы навучальнага года, — гаворыць яна. — Пытаемся, ці задаволены яны тымі паслугамі, якія іх дзеці атрымалі ў гэтым годзе. Абавязкова даведваемся, што б хацелі атрымаць у наступным навучальным годзе. Як правіла, большасць бацькоў чакаюць ад гэтых паслуг аднаго — павышэння ўзроўню адукаванасці сваіх дзяцей. Я займаюся арганізацыяй пазабюджэтнай дзейнасці з таго часу, як яна з’явіліся ў гімназіі, таму ведаю, што здаралася, калі ад нейкай паслугі бацькі і дзеці адмаўляліся. Рэдка, але такое было.
Паслугі ў гімназіі аказваюць разнапланавыя, не толькі адукацыйныя. Так, ва ўстанове ёсць басейн, таму тут прапаноўваюць навучанне плаванню. Традыцыйна гомельская гімназія № 58 развівае музычны і мастацкі кірункі, па якіх ёсць, канечне, звычайныя бясплатныя заняткі. Але, акрамя гэтага, тут увялі платную адукацыйную паслугу для тых дзяцей, якія не займаюцца ў мастацкіх класах, але хочуць палепшыць навыкі, атрыманыя на звычайных уроках.
Платныя заняткі па асноўных вучэбных прадметах таксама запатрабаваныя. Сярод іх заняткі па англійскай мове. Наогул гэты прадмет выкла-даюць з 3 класа, але многія бацькі хочуць, каб іх малыя займаліся замежнай мовай пачынаючы з 1 класа. Чаму ж не пайсці ім насустрач, тым больш што ў гімназіі ёсць усе магчымасці для арганізацыі такіх заняткаў? А ў цэлым заняткі па школьных прадметах на пазабюджэтнай аснове накіраваны на падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання і экзаменаў.
Пачатковая школа, уліваючы тое, што для паступлення ў гімназію пасля чатырох класаў неабходна прайсці іспыты, арганізоўвае заняткі па падрыхтоўцы да гэтых экзаменаў. Тут таксама працуюць з будучымі першакласнікамі, рыхтуючы іх да школы.
Спецыяліст прызнаецца, што хацелася б, каб крыху больш заробленых сродкаў заставалася на патрэбы гімназіі. Выдаткоўваюцца яны, напрыклад, на набыццё аргтэхнікі, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. А яшчэ мая суразмоўніца лічыць, што трэба ў пэўнай ступені ўдасканаліць заканадаўчую базу ў гэтым кірунку, у прыватнасці ў частцы аплаты заняткаў, якія вучань прапусціў па той ці іншай прычыне.
Іна Віктараўна Жураўлёва з Маладзечна Мінскай вобласці ўзначальвае спецыяльны дзіцячы сад № 2 для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Загадчыца ўстановы гаворыць, што, нягледзячы на спецыфічнасць садка, у бацькоў яго выхаванцаў запатрабаваны прыкладна тыя ж паслугі, што і ў бацькоў малых з іншых дашкольных устаноў.
— Дзеці ў садку атрымліваюць спецыялізаваную дапамогу, але ў іншым наша жыццё нічым не адрозніваецца ад жыцця звычайных дашкольных устаноў, — заўважае Іна Віктараўна. — Пазабюджэтная дзейнасць дзіцячага сада, які я ўзначальваю, — гэта дзейнасць папячыцельскага савета і аказанне дадатковых адукацыйных паслуг. Гэта звычайныя паслугі з адзіным нюансам: мы стараемся прадастаўляць іх так, каб яны не толькі ўплывалі на рознабаковае развіццё нашых выхаванцаў, але і дапамагалі ў карэкцыі маўленчых парушэнняў.
Так, па словах І.В.Жураўлёвай, гэтаму дапамагае харэаграфія, якая пазбаўляе дзяцей маторнай няспрытнасці, а таксама ручное ткацтва, якое станоўча ўплывае на развіццё дробнай маторыкі.
— Мы нацэльваем бацькоў менавіта на тую паслугу, якая дапаможа іх дзецям вырашыць праблемы ў развіцці, — дадае мая суразмоўніца. — Хаця, зразумела, у нас наладжана і анкетаванне бацькоў выхаванцаў па запатрабаванасці пазабюджэтных паслуг. Мы можам толькі раіць, прапаноўваць, а рашэнне застаецца за бацькамі.
У бацькоў выхаванцаў былі б запатрабаваны і платныя паслугі педагога-псіхолага, паслугі па навучанні чытанню і іншыя, але заканадаўча арганізацыя пазабюджэтнай дзейнасці ў гэтых кірунках не прадугледжана. На семінар у БДПУ спецыяліст з Маладзечна прыехала дзеля таго, каб лепш разабрацца ў правілах складання каштарыса і размеркаванні заробленых сродкаў. Даволі складана, кажа жанчына, не маючы спецыяльных ведаў і абапіраючыся на калькуляцыю, якую прадастаўляюць эканамісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дасканала разабрацца ва ўсім.
— Мне цікава вывучыць гэты механізм самой, — адзначае І.В.Жураўлёва.
Даходы ад арганізаваных заняткаў выдаткоўваюцца ў дзіцячым садку на аплату інтэрнэт-паслуг, карыстанне нарматыўнай базай, набыццё абсталявання.
Маладзечанскі раён, лічыць Іна Віктараўна, знаходзіўся ля вытокаў арганізацыі пазабюджэтнай дзейнасці ў навучальных установах.
— Бацькі ахвотна плацяць за дадатковую адукацыю дзіцяці, — гаворыць Іна Віктараўна. — Інвесціраваць у адукацыю сёння, напэўна, прэстыжна. Я шмат гадоў працую і ведаю, што дадатковыя адукацыйныя паслугі запатрабаваны. Гэта відавочна.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.