Пазаўрочная дзейнасць — для самарэалізацыі

- 11:21Адукацыйная прастора

Вядомы педагог Ш.А.Аманашвілі сказаў: “У працэсе навучання трэба як мага часцей ствараць сітуацыі невучэбнага характару, такія, калі дзіця не адчувае, што яго вучаць іншамоўнаму маўленню, і тады дзіця пачне зносіны, таму што яму захочацца нешта паведаміць, пагаварыць з настаўнікам, сябрамі”.

У сучасным грамадстве найбольш запатрабаванай становіцца паспяховая асоба, эрудзіраваная, якая ўмее думаць, аргументаваць, даказваць і мае творчы патэнцыял. Таму валоданне замежнай мовай у наш час становіцца сродкам авалодвання рэальнасцю, сродкам развіцця вучняў і самарэалізацыі праз фарміраванне ўнутранай гатоўнасці чалавека да самаадукацыі і вырашэння задач. Сённяшні свет патрабуе ад чалавека не шаблонных дзеянняў, а гнуткасці мыслення, хуткай арыентацыі і адаптацыі да новых умоў, творчага падыходу да вырашэння вялікіх і малых праблем.

А паколькі школа з’яўляецца адным з галоўных інструментаў фарміравання асобы з універсальнымі ведамі і ўменнямі, то і яна не стаіць на месцы, а рухаецца наперад і шукае новыя формы і метады для стварэння такой асобы. І немалаважную ролю ў гэтым адыгрывае пазаўрочная работа, дзе ў рамках фарміравання камунікатыўных кампетэнцый вучняў развіваецца ўменне планаваць свае моўныя паводзіны, узаемадзейнічаць з равеснікамі, працаваць з інфармацыяй і рознымі крыніцамі на замежнай мове, у тым ліку інтэрнэт-рэсурсамі, удзельнічаць у праектнай дзейнасці.

Менавіта з мэтай развіцця пералічаных камунікатыўных кампетэнцый я і мая калега К.А.Найдзен вырашылі прымяніць такі метад, як пастаноўка тэатралізаваных паказаў на англійскай мове. Гэта выклікала асаблівую цікавасць у нашых вучняў. Фарміраванне калектыву адбывалася па жаданні вучняў. У яго склад уваходзяць вучні 4—11 класаў. Назву “Джэм” прыдумалі самі школьнікі. Калектыў існуе чатыры гады.

З улікам індывідуальных асаблівасцей і схільнасцей навучэнцаў спачатку выбіраецца пастаноўка. Затым размяркоўваюцца ролі. Вучні атрымліваюць тэкст, і потым пачынаецца работа над касцюмамі.

Тэксты вучні прачытваюць з настаўнікам і завучваюць дома ў спакойнай атмасферы. Далей наступае этап пастаноўкі, калі навучэнцы злучаюць эмоцыі з тэкстам. Карпатлівая праца дае свае вынікі. Трэці год запар школьны тэатральны калектыў “Джэм” удзельнічае ў раённым фестывалі-конкурсе вучнёўскіх пастановак на замежнай мове і займае прызавыя месцы: у 2016 і 2017 гадах — дыпломы II ступені, а сёлета — дыплом III ступені.

Пазаўрочная дзейнасць дапамагае захаваць і развіць матывацыю да вывучэння замежнай мовы, у комплексе рэалізаваць мэты і задачы навучання, садзейнічае ўменню прадставіць родную краіну і культуру на замежнай мове, далучэнню школьнікаў да міжкультурных сусветных каштоўнасцей. І нават у звычайнай агульнаадукацыйнай школе можна развіць творчы патэнцыял вучня да высокага ўзроўню.

Алёна КУХАРЧУК,
настаўніца англійскай мовы
Малькавіцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна
Брэсцкай вобласці.