Пазаўрочны час: што цікава сучаснаму школьніку?

- 15:01Выхаванне, Рознае

На Гомельшчыне прайшоў Рэспубліканскі семінар на тэму “Арганізацыя занятасці навучэнцаў у пазаўрочны час ва ўмовах адкрытага выхаваўчага асяроддзя”
Што можна сёння прапанаваць падлеткам? Чым зацікавіць, каб іх вольны час не ператварыўся ў пошукі прыгод, якія нярэдка вядуць у дрэнным кірунку? А зараз так шмат спакус! На самай справе карысных заняткаў не пералічыць. Галоўнае — пабудаваць дзейсную сістэму, здольную захапіць і арганізаваць бунтарскі дух сучаснага школьніка.
І гэта могуць зрабіць толькі педагогі. Бацькам у гэтым сэнсе часта не хапае ведаў педагогікі і псіхалогіі. Звычайна яны зыходзяць з дзвюх крайнасцей: падтрымліваюць незацікаўленасць дзіцяці ў розных гуртках і клубах, маўляў, само разбярэцца, што яму трэба, альбо прымаюць рашэнне без уліку дзіцячых жаданняў. Безумоўна, калі купіць скрыпку і завесці сына ці дачку ў музычную школу, то хутчэй за ўсё дзіця паслухмяна будзе займацца, утойваючы ў душы мару калі-небудзь пайсці ў хакей ці на фігурнае катанне. Іншая справа — настаўнік з яго прафесійнымі здольнасцямі. Нездарма занятасць навучэнцаў у пазаўрочны час — адна з найважнейшых задач адукацыйнай сістэмы.
Якія формы правядзення вольнага часу найбольш прымальныя для сучаснага падрастаючага пакалення? Якія падыходы і напрамкі ўдасканалення ідэалагічнай і выхаваўчай работы выкарыстоўваюцца ва ўстановах адукацыі? Якія праблемы занятасці дзяцей застаюцца не вырашанымі ў поўнай меры? Гэтыя і іншыя пытанні разглядаліся на двухдзённым рэспубліканскім семінары, які праходзіў на Гомельшчыне.

Дзень першы. Як на словах…

Семінар пачаўся з пленарнага пасяджэння, дзе прадстаўнікі адукацыйнай сферы абмяркоўвалі занятасць школьнікаў у вольны час, дзяліліся лепшым вопытам і напрацоўкамі.
Як адзначыла начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь М.А.Саротнік, сёння патрабуецца карэкціроўка каштоўнасных арыентацый моладзі ў адпаведнасці з агульнымі гуманістычнымі ідэаламі і нацыянальнымі культурнымі традыцыямі. Ажыццявіць такую работу можна толькі ў працэсе мэтанакіраванай ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі. Марыя Аляксандраўна звярнула ўвагу на галоўныя напрамкі выхаваўчай работы ў школах, у тым ліку і ў шосты дзень. Па яе словах, часта на сайтах устаноў адукацыі не хапае падрабязнай інфармацыі адносна суботняга дня, а яна павінна быць, каб не толькі дзеці, але і бацькі маглі даведацца, што прапануецца вучням. Таксама начальнік упраўлення закранула пытанне аб ролі класнага кіраўніка ў выхаваўчым працэсе, адзначыўшы, што менавіта на ім павінна быць сканцэнтравана асноўная частка работы.
— Зараз у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ўносіцца шэраг змен, у тым ліку і адносна сферы выхавання, — паведаміла Марыя Аляксандраўна. — Плануецца даць азначэнне паняццям “выхаваўчая работа”, “выхаваўчы працэс”, вызначыць парадак ажыццяўлення выхаваўчай работы педагагічнымі работнікамі і ў першую чаргу класнымі кіраўнікамі. Такія змены павінны быць прыняты і ўступіць у сілу ў пачатку новага навучальнага года.
Не сакрэт, што найбольш дзейсная сістэма тая, у якой жаданае дасягаецца сумеснымі намаганнямі. Гэта асабліва актуальна ў выхаваўчым працэсе падрастаючага пакалення. На прыкладзе Гомельскай вобласці сёння можна з поўнай упэўненасцю казаць: усебаковая зацікаўленасць — ад бацькоў да мясцовых органаў улады — дае добры вынік. Вітаючы ўдзельнікаў семінара, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама В.М.Трызна адзначыў, што ў рэгіёне даўно склалася традыцыя міжведамаснага ўзаемадзеяння. Перш за ўсё такая калектыўная работа ў многім вырашыла пытанні выхавання падлеткаў, якія патрабуюць асаблівай увагі. Больш падрабязна аб гэтым паведаміў начальнік ваенна-транспартнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту А.А.Паддубны. Курсанты факультэта разам з кіраўніцтвам выконваюць вядучую ролю ў арганізацыі і правядзенні знакамітай акцыі “Курсан-Ты!”, якая ўжо трэці год запар праходзіць у вобласці падчас кожных канікул. Не засталіся па-за ўвагай удзельнікаў семінара актуальныя праблемы ўжывання і распаўсюджвання наркатычных сродкаў і курыльных сумесей сярод навучэнцаў і моладзі.

… так і на справе

Кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама сцвярджае, што на Гомельшчыне створана бесперапынная, цэласная і сур’ёзная выхаваўчая сістэма. Педагогам ёсць што прапанаваць, а дзецям ёсць з чаго выбіраць. Хутка ў гэтым можна было ўпэўніцца, паколькі другая частка семінара мела практычны характар.
Пачалася яна з ушанавання памяці воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчынай вайны. Удзельнікі семінара наведалі мемарыяльны комплекс “Курган Славы”, куды, паводле даўняй традыцыі, была насыпана зямля з месцаў баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, якую ў капсулах даставілі з кожнай вобласці.
Грамадзянска-патрыятычны напрамак займае важнае месца ў выхаванні падлеткаў і моладзі. Напрыклад, у Савецкім раёне, дзе размешчаны мемарыяльны комплекс, амаль на працягу дзесяці гадоў вядзецца акцыя “Беларусь — зямля славы ратнай”. Навучэнцы праводзяць пошукава-даследчую работу па ўвекавечанні імёнаў герояў і месцаў ратных подзвігаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. За час дзеяння акцыі ў ёй прынялі ўдзел каля сямі тысяч чалавек, да мемарыяла была дастаўлена зямля больш чым з 220 месцаў баявой славы.
“Курган Славы” знаходзіцца ў гарадскім парку, які апошнім часам стаў вядомым месцам увасаблення крэатыўных ідэй творчай моладзі: скульптуры, малыя архітэктурныя формы і знакамітая Алея лавак, выкананых навучэнцамі і студэнтамі, упрыгожваюць парк, які, дарэчы, у сярэдзіне мінулага стагоддзя быў пасаджаны вучнямі размешчанай тады непадалёк сельскай школы. Удзельнікам семінара быў прапанаваны своеасаблівы працяг Алеі лавак — вынік акцыі “Экалаўка”. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама Н.А.Забаўчык, ініцыятарамі акцыі сталі школьнікі. Менавіта яны прапанавалі паспрабаваць даць новае жыццё старым партам і крэслам, якія безнадзейна пыліліся на складах. Пасля ўрокаў дзеці ішлі ў школьныя майстэрні і ажыццяўлялі свае задумкі. Атрымалася вельмі прыгожа!
Ад акцыі — да сур’ёзных праектаў. Далей шлях ляжаў у бізнес-цэнтр “Славія”, дзе праходзіў дзіцячы інвестыцыйны форум “Роднаму гораду — на працвітанне”. Дзесяць цікавых інвестпраектаў прадстаўлялі гомельскія гімназісты і школьнікі. Цікава, што адзін з праектаў, які распрацавалі навучэнцы і настаўнікі гомельскай гімназіі № 36 імя І.Мележа, — “Гомельскі буквар” — ужо рэалізаваны. Нягледзячы на тое, што праекты распрацаваны дзецьмі, усе яны сур’ёзныя і маюць права на існаванне. Сёння навучэнцы цесна супрацоўнічаюць з грамадскім аб’яднаннем развіцця прадпрымальніцтва “Адзінства”, сустракаюцца з мясцовымі прадпрымальнікамі і вучацца будаваць бізнес. У найбліжэйшай перспектыве самыя цікавыя праекты будуць рэалізоўвацца з дапамогай гомельскіх бізнесменаў.
Ну а тым, хто любіць актыўны адпачынак, Гомельскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прапануе свой дзіцячы гарадок спартыўна-тэхнічных відаў спорту, больш вядомы ў маладзёжным асяроддзі як картадром. І гэта невыпадкова, таму што асноўны напрамак у гарадку — усё ж картынг. Па словах дырэктара цэнтра І.А.Бейзерава, спартыўныя машыны вельмі папулярныя як у хлопчыкаў, так і ў дзяўчат. Наогул кожны, хто трапіць у гарадок, знойдзе сабе занятак па душы. Напрыклад, не менш папулярны матацыклетны спорт. Прычым многія дзеці з матацыклетных гурткоў цэнтра паспяхова здаюць іспыты ў ДАІ на права кіравання матацыклам і скутарам. А для экстрэмалаў — веласіпедны крос. Пляцоўка са спецыяльнай сертыфікаванай і бяспечнай трасай, дзе дзеці займаюцца пад кантролем інструктараў. Сёлета пры цэнтры адкрыўся яшчэ і аўтамабільны гурток, у які можна прыйсці з 13 гадоў, каб вывучаць Правілы дарожнага руху, даведацца, з чаго складаецца аўтамабіль, і, канечне, навучыцца ім кіраваць.
Акрамя гэтага, працуюць секцыі па авіямадэльным спорце і стварэнні радыёкіруемых мадэлей. А ў цэлым сюды можна проста прыйсці пагуляць, пакатацца на роліках ці скейце.

Дзень другі. На перыферыі нясумна

Цёплай раніцай наступнага дня ўдзельнікі семінара адправіліся ў Светлагорск, каб пазнаёміцца з арганізацыяй занятасці дзяцей у раённым цэнтры. У гэты дзень цэнтральныя вуліцы горада ператварыліся ў спартыўныя пляцоўкі, а каля гарадскога Дома культуры разгарнулася сапраўдная творчая майстэрня: выстава лепшых работ выхаванцаў Цэнтра творчасці “Ювента” і гарадскога Цэнтра тэхнічнай творчасці, майстар-класы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут можна было пазнаёміцца таксама з такімі напрамкамі творчасці, як косапляценне, бодзі-арт, валенне з шэрсці, гліняная пластыка і інш. Многія з гэтых гурткоў, дарэчы, паспяхова працуюць пры сельскіх школах.
Намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкама С.В.Мяркулаў адзначыў, што цэласнасць выхаваўчага працэсу ў раёне залежыць ад дзейнасці кожнай установы адукацыі. “Ад выхаваўчай прасторы ўстановы адукацыі да выхаваўчай прасторы рэгіёна” — пад такім дэвізам тут ладзяць работу. І роля ўстаноў адукацыі ў гэтай справе мае важнае значэнне. У раённым цэнтры сем устаноў дадатковай адукацыі і столькі ж спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў. Асаблівы інтарэс у падлеткаў да спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 1 і гарадскога камп’ютарнага цэнтра.
Спартыўная школа набыла незвычайную папулярнасць, калі на яе тэрыторыі з’явіўся крыты тэнісны корт. Сёння на бясплатнай аснове тут займаецца амаль сто дзяцей. Гэта вельмі здзівіла ўдзельнікаў семінара з Мінска. Па іх словах, у сталіцы займацца бясплатна, тым больш у такіх добрых умовах, — вялікая раскоша.
Па-добраму пазайздросцілі ўдзельнікі семінара светлагорцам, калі наведалі камп’ютарны цэнтр. Больш як дзесяць гадоў тут вучаць дзяцей і падлеткаў інфармацыйным тэхналогіям, даючы ім веды па асновах інфарматыкі, інфармацыйнай культуры, камп’ютарнай графікі, інтэрнэт-тэхналогій. Не менш важным з’яўляецца вывучэнне замежных моў. Як тлумачыць дырэктар цэнтра Р.С.Сідарэнка, кампетэнтнасць у галіне інфармацыйных тэхналогій разам з ведамі замежнай мовы адкрываюць для моладзі вялікія магчымасці. Камп’ютарны цэнтр — дзяржаўная ўстанова з даволі высокім рэйтынгам. Гэта сумесны беларуска-брытанскі праект, рэалізаваны ў рамках партнёрскіх сувязей паміж Светлагорскам і акругай Мендзіп (Вялікабрытанія). Сёння цэнтр у поўнай меры выконвае сваю галоўную задачу: папулярызуе сучасныя тэхнічныя і інфармацыйныя сродкі, а таксама вывучэнне замежных моў сярод школьнікаў і навучэнцаў.
Завяршыўся семінар наведваннем светлагорскай сярэдняй школы № 12, дзе была прадэманстравана работа шостага дня. На прышкольным двары шматлікія сельскія школы разгарнулі сапраўдны кірмаш, у цэнтры якога — работы гурткоўцаў. Бісерапляценне і вязанне, разьба па дрэве і саломапляценне, кветкаводства і нават гатаванне страў — да ўсяго здольны нашы дзеці.
— Мы на самай справе ўбачылі сістэму работы, — падагульніла вынікі семінара Марыя Аляксандраўна Саротнік. — Бясспрэчна, гэта наладжаная работа, бо тое, што мы ўбачылі падчас семінара, нельга стварыць за дзень, два дні ці два тыдні.
Прадстаўнік Міністэрства адукацыі звярнула ўвагу на цеснае ўзаемадзеянне на Гомельшчыне адукацыі і мясцовых органаў улады. Вынік такой сумеснай работы відавочны. Марыя Аляксандраўна рэкамендавала ўдзельнікам семінара добра прааналізаваць двухдзённую работу, данесці ўбачанае і пачутае да свайго кіраўніцтва і паспрабаваць укараніць у сваім рэгіёне найбольш цікавыя формы работы, якія прадставіла Гомельская вобласць.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.