У рабоце з дзецьмі з аўтызмам пастаянна сутыкаюся з вырашэннем разнастайных задач. Адна з іх — праблемныя паводзіны.
Парушэнне сацыяльна адэкватных паводзін з’яўляецца адной з асноўных прымет аўтызму. Такія дзеці праяўляюць страхі, агрэсіі і аўтаагрэсіі, аўтастымуляцыі і стэрэатыпнасць. Негатывізм можа суправаджацца істэрыкамі, успышкамі гневу, стратай кантролю над сабой. Калі зразумець прычыну зрываў, можна іх прадухіліць. Любыя паводзіны з’яўляюцца формай зносін.
Страхі дзіцяці могуць быць зразумелыя навакольным. Яно часта не ўмее растлумачыць, што менавіта яго палохае, але пры ўстанаўленні эмацыянальнага кантакту і камунікацыі можна зразумець, што з ім адбываецца. Неабходна весці журнал, дзе адзначаюцца час, дзеянні, умовы, людзі, якія папярэднічалі зрывам. Паступова можна высветліць прычыну негатыўных паводзін. Неабходна вызначыць важныя асаблівасці кантактаў з дзіцем, на што ў большай ступені арыентавацца ў арганізацыі навучання, а таксама скласці план дапамогі, падтрымкі для спецыялістаў, бацькоў, даць рэкамендацыі аб тым, як ставіцца да непажаданых паводзін дзяцей.
Дзецям з аўтыстычнымі парушэннямі складана доўга сядзець на месцы, яны не пераносяць гучнай музыкі, вялікай колькасці людзей. І тут ім прыходзяць на дапамогу стэрэатыпныя рухі: хадзьба па крузе, скаканне на пальчыках, бег ад сцяны да сцяны, разгойдванне цела. Стэрэатыпіі адразу ж вылучаюць такое дзіця сярод іншых. Стэрэатыпная гульня можа стаць асновай пабудовы ўзаемаразумення з ім. Дзіця з аўтыстычнымі парушэннямі беражліва ахоўвае свае рытуалы, якія маюць станоўчыя бакі: гэта камфортная сітуацыя для яго, калі яно спакойнае; калі паводзіны выйшлі з-пад кантролю, узнікла афектыўная ўспышка, з дапамогай уключэння стэрэатыпу дзіця можна вярнуць ва ўраўнаважаны стан.
Мы павінны знайсці тое, што для дзіцяці важна, магутныя падмацаванні або заахвочванні, якія з’яўляюцца бяспечнымі і сацыяльна прымальнымі. Калі яму не цікавы прадмет, неабходна задзейнічаць розныя тыпы сенсорнага ўспрымання: гукі, святло, вібрыруючыя прадметы і г.д. Пасля таго як вызначаны неабходныя заахвочванні, арганізавана адукацыйнае асяроддзе, застаецца падрыхтаваць рабочы матэрыял.
Калі дзецям даецца штосьці для іх важнае, што ім цяжка зрабіць, яны пачынаюць разумець, што дзейнічаюць правільна. Неабходна выкарыстоўваць альтэрнатыўную камунікацыю, каб пераключыць увагу дзіцяці і паведаміць, што рабіць далей. Спыніць агрэсію неабходна, не ўзаемадзейнічаючы з дзіцем, не выкарыстоўваючы зрокавага кантакту, пры гэтым не губляючы яго з зоны бачнасці. Калі праблемныя паводзіны выходзяць з-пад кантролю, мы абавязаны ўмяшацца. Патрэбна шмат цярпення, нельга шмат гаварыць, а тым больш крычаць. Таксама неабходна зразумець, што робіць дзіця неспакойным, якія яго сенсорныя асаблівасці. Часам мы патрабуем ад дзіцяці вельмі шмат, перагружаем яго. Многія дзеці лепш успрымаюць спакойную гаворку, адчуваючы бяспеку і прыняцце. Можна навучыць дзіця карыстацца карткамі “Стоп, дапамажы, чакай”.
Прывесці дзяцей у спакойны стан можна пры дапамозе батута, крэсла-качалкі, мяккіх модуляў, розных уцяжарвальнікаў, ручных і вібрамасажораў, арэляў, сухога басейна з шарыкамі, тунэляў, гімнастычных мячоў, куткоў адзіноты і музыкі.
Крайняе праяўленне роспачы і бязвыхаднасці — самаагрэсія, якая ўяўляе фізічную небяспеку для дзіцяці. Магутным сродкам абароны ад траўматычных уражанняў з’яўляецца аўтастымуляцыя. Дзіця можа перажываць хвіліны страху і некамфортнасці кожны дзень і пры гэтым разгойдвацца, біцца галавой, націскаць на вочы, кусаць сябе, драпаць, рабіць гэта часам вельмі моцна, што можа прывесці да траўмы.
У рабоце я выкарыстоўваю розныя дапаможнікі і сенсорныя цацкі, якія развіваюць маторыку, зрокавае ўспрыманне, тактыльныя адчуванні, слых, навыкі ўзаемадзеяння. Гэта цацкі з фетру на ліпучках, рэльефныя выявы, розныя бізіборды.
У нашым карэкцыйным цэнтры быў створаны аўтапакой са спецыяльнымі мяккімі бесспружыннымі матрацамі. Для бяспекі дзяцей сцены закрыты мяккімі сценавымі панэлямі, на якія мацуюцца мяккія цацкі. Пакой асвятляецца дыска-шарам з эфектам колерамузыкі. Гэта дапамагае дзіцяці атрымліваць станоўчыя эмоцыі. Магчымасць “упасці”, скакаць, поўзаць і адчуваць уласнае цела дазваляе быць больш спакойным і арганізаваным.
Фарміраванне камунікатыўных навыкаў з’яўляецца важным аспектам работы. Калі дзіця пачне ўзаемадзейнічаць любым спосабам, значыць менш будзе праблем з яго паводзінамі. Яно зможа звяртацца з просьбамі, быць пачутым і зразуметым навакольнымі людзьмі, навучыцца прымальным формам паводзін.
Ларыса СЯМЁНАВА,
настаўніца ЦКРНіР Гродна, кіраўнік абласнога рэсурснага цэнтра.