Пазбіраем соты, або Логіка-сэнсавае мадэляванне пры рабоце з тэкстам

Важнай задачай настаўніка пачатковай школы з’яўляецца навучанне школьнікаў уменню візуалізаваць інфармацыю, якая атрымліваецца, пры дапамозе графічных мадэлей, звязваць атрыманую інфармацыю ў цэласную карціну, а ў выніку аднаўляць і прымяняць гэтыя веды на новым узроўні. Пабудова блок-схем, наступны пераход да стварэння інтэлект-карт і гексадыяльнага навучання дапамагаюць навучыць малодшага школьніка правільна і поўна працаваць з тэкстамі.

Галоўнае ў рабоце з тэкстам пры вывучэнні любога школьнага прадмета — актыўная пазіцыя дзіцяці да зместу тэксту. Перш за ўсё трэба навучыць школьнікаў прыёмам работы з тэкстам, каб яны дакладна і поўна змаглі зразумець яго змест і практычна ўсвядоміць атрыманую інфармацыю. Таму работу з любым тэкстам праводжу ў тры этапы: да чытання тэксту, у час чытання тэксту і пасля чытання тэксту.

На першым этапе актыўна прымяняю метад праглядальнага чытання, мэтай якога з’яўляецца агульнае ўяўленне пра змест і сэнс тэксту. Канчатковым вынікам гэтага метаду становіцца першапачатковае меркаванне навучэнцаў пра тое, наколькі гэты тэкст можа быць цікавым.

Найбольш эфектыўныя прыёмы на гэтым этапе — аналіз загалоўка, прагназаванне тэмы, прагляд малюнкаў, схем, шрыфтавых і графічных вылучэнняў, знаёмства са структурай тэксту, разгляд першага і апошняга абзаца тэксту. Тут жа бярэ свой пачатак будучая блок-схема ці графічная мадэль тэксту. Дзеці фіксуюць назву твора, імя аўтара. Такім чынам я фармірую ў навучэнцаў уменне і звычку думаць над тэкстам да чытання, наглядна і паслядоўна яго ўяўляць.

На этапе азнаямленчага чытання асноўнай мэтай з’яўляецца атрыманне асноўнай інфармацыі. Канчатковым вынікам стане рашэнне навучэнца: дастаткова інфармацыі для выканання задання ці тэкст трэба перачытваць і аналізаваць. На гэтым этапе эфектыўнае чытанне тэксту па абзацах, фіксаванне ўвагі на назоўніках, першым і апошнім сказе кожнага абзаца, вылучэнне падчас чытання важнай інфармацыі, адлюстроўваючы гэта на схеме, табліцы ці ў мадэлі.

Асноўнай мэтай этапу вывучальнага чытання з’яўляецца пранікненне ў сэнс тэксту пры дапамозе яго глыбокага аналізу. Канчатковы вынік — разуменне ўсіх узроўняў тэксту, успрыманне асноўнай і падтэкставай інфармацыі. На гэтым этапе мы з вучнямі вылучаем сэнсавыя часткі тэксту, прагназуем змест ці сэнс наступных частак пры апоры на прачытанае. Яшчэ на гэтым этапе я арганізоўваю дзейнасць па вылучэнні ключавых слоў, замене сэнсавых частак іх сціслымі варыянтамі. Мы дакладна канструюем тэкст: знаходзім дэталі, падтэкставую інфармацыю, складаем пытанні праблемнага характару, робім выпіскі асноўных меркаванняў, графічныя схемы, якія выяўля­юць яго структуру і ўзаемасувязь частак. Такім чынам, лагічна выстройваем зададзены вучэбны матэрыял. І, канечне ж, тут мы ажыццяўляем перапрацоўку тэксту, ствараем новыя тэксты на аснове гэтага. На ўроку школьнікам даецца комплекс вучэбных задач, якія спалуча­юць у сабе прыёмы ўсіх узроўняў.

Спачатку знаёмлю дзяцей з рознымі відамі графічнага адлюстравання тэксту: схемамі, табліцамі, мадэлямі. У 1 класе мы складаем першыя мадэлі — мадэлі вокладкі твора, які вывучаецца. Пасля знаёмства з творам работа па мадэляванні вокладкі арганізоўваецца наступным чынам. У кожнага дзіцяці на стале знаходзіцца палова альбомнага ліста. Дзеці размяшчаюць яго вертыкальна і слухаюць твор, які чытае настаўнік. Потым навучэнцы вызначаюць яго жанр і тэму і пры дапамозе “замяшчальнікаў” (геаметрычных фігур, кожная з якіх адпавядае пэўнаму жанру твора, напрыклад, казка — квадрату, апавяданне — кругу) складаюць мадэль (прыклейваюць ці малююць “замяшчальнікі”). Тэму твора пасля можна дадаткова вылучыць колерам (напрыклад, тэма любові да Радзімы — сіні колер і г.д.).

Для эфектыўнай работы над сюжэтам твора выкарыстоўваю прыём складання рознага віду схем. Гэтая работа ажыццяўляецца паэтапна: спачатку дзеці дзеляць тэкст на часткі пад маім кіраўніцтвам, потым спрабуюць дзяліць тэкст самастойна на зададзеную колькасць частак, вучацца дзяліць на часткі па гатовым плане, вылучаць ключавыя словы, называць вылучаныя часткі і г.д.

Пазней пачынаем складаць схематычныя планы з эскізнымі малюнкамі. Навучэнцы маюць магчымасць наглядна ўбачыць час і месца дзеяння, уявіць герояў твора, зразумець іх узаемаадносіны і аўтарскую задуму. Калі ў 1 класе для складання схематычнага плана мы выкарыстоўвалі “замя­шчальнікі” і эскізныя малюнкі, то ў 2—3 класах для нашых “карт памяці” бралі “ключавыя” словы і фразы, а з 4 класа працуем з рознымі варыянтамі схем, мнагамернымі і інтэлект-картамі, пераходзім да гексадыяльнага навучання.

У сістэме работы я выкарыстоўваю розныя віды блок-схем (мадэлі), якія дазваляюць наглядна ўявіць сабе кампазіцыйны аналіз твора. Гэта вельмі эфектыўны спосаб паглыблення ў тэкст, які з’яўляецца асновай развіцця аналітычнага чытання на раннім этапе навучання. Таксама блок-схема дапамагае навучанню розным відам пераказу (падрабязны, сціслы, выбарачны). Выкарыстанне мадэлей дазваляе ўключаць дзяцей у творчую дзейнасць (дабавіць у схему-мадэль яшчэ адну частку (працяг) тэксту, прадугадаць развіццё дзеяння, змяніць пачатак ці канец твора і г.д.).

1. Мадэль “Ланцужок падзей” дазваляе наглядна ўявіць сабе кампазіцыю твора. Навучэнцы ацэньваюць яе: ці адпавядае яна пабудове казкі, ці ёсць лішнія элементы, якія элементы можна змяніць, а потым аднаўляюць кампазіцыю.

2. Мадэль-апісанне фарміруе ўменне навучэнцаў працаваць над вобразам героя.

3. Мадэль-параўнанне развівае ў навучэнцаў уменне аналізаваць, параўноўваць, абагульняць атрыманую інфармацыю.

4. Мадэль-разважанне фарміруе ўменні дзяцей аналізаваць, даказваць, адбіраць.

На ўроках літаратурнага чытання выкарыстоўваю розныя практыкаванні з мадэлямі: пабудуй мадэль — характарыстыку героя; параўнай мадэлі, знайдзі агульнае; падбяры творы да мадэлей; выберы неабходную мадэль з некалькіх да твора; падбяры творы па тэмах у адпаведнасці з мадэллю; вызначы па мадэлі, якую структурную частку тэксту прачытаў сябар і г.д.

З 3 класа актыўна прымяняю прыём стварэння інтэ­лект-карт. Інтэлект-карты дазваляюць працаваць з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі, не страчваючы пры гэтым яе элементаў. Любы твор можна падаць на адной старонцы. З дапамогай інтэлект-карты навучэнцы лёгка пераказваюць тэкст, вылучаюць ключавыя словы, моманты, даюць характарыстыку героям, вызначаюць пазіцыю аўтара, вучацца самастойна працаваць з вучэбнымі і даведачнымі матэрыяламі. Гэты прыём добры яшчэ і тым, што дазваляе адным поглядам выявіць недахоп інфармацыі і зразумець, якой інфармацыі не хапае, а таксама дапамагае лёгка фармуляваць дзецям праблему твора. (Дадатак).

Навучанне рабоце з імі адбываецца так. У цэнтры лістка школьнікі малююць графічны вобраз (аб’ект вывучэння) — сонейка з праменьчыкамі, рыбін шкілет, кампазіцыйны трохвугольнік і інш. Да чытання туды ўносіцца назва твора, проз­вішча і імя аўтара. Пасля першага прачытання на прамянях (галінах) навучэнцы запісваюць ключавыя словы ці сказы. Пасля паўторнага чытання іншым колерам дадаюць фразы, малюнкі, сімвалы. Пасля шматразовага чытання-аналізу атрымліваецца вельмі цікавы творчы прадукт, разглядаць які школьніку не толькі цікава, але і прыемна. У выніку вучэбны матэрыял дакладна сканструяваны, лагічна выбудаваны і шматразова перапрацаваны, прычым з апорай на асабістае ўспрыманне. Здольнасць навучэнцаў рабіць сціслыя запісы і знаходзіць адпаведныя знакі (сімвалы), на мой погляд, сведчыць пра ўзровень развіцця іх асацыятыўнага мыслення і творчых здольнасцей. Школьнікі практычна аказваюцца ў ролі даследчыка. Гэта дазваляе дзецям перайсці ад пасіўнага ўспрымання інфармацыі да актыўнага.

Для стварэння карт памяці мае вучні выкарыстоўва­юць у асноўным каляровыя ручкі і паперу. Радзей практыкуем стварэнне на ўроку інтэлект-карт у электронным варыянце, што вельмі падабаецца дзецям. Існуюць дзясяткі сэрвісаў, якія дазваляюць ствараць інтэлект-карты, якія ўключаюць у сябе не толькі тэкст, але і іншыя элементы, такія як выявы, спасылкі і відэа (пры рабоце з інтэрактыўнай дошкай). Некаторыя з іх дазваляюць працаваць над картамі разам з іншымі карыстальнікамі і нават убудоў­ваць іх у сайты. Актуальнымі інструментамі для стварэння інтэлектуальных карт на цяперашні час з’яўляюцца Bubbl.us (https://bubbl.us), Coggle (https://coggle.it), Popplet (https://popplet.com), Mindomo (https: //www.mindomo.com) і інш.

Лепшы спосаб упэўніцца, што вучэбны матэрыял засвоены вучнямі добра, гэта даць ім магчымасць выкарыстоўваць існуючыя веды, прымяняючы іх у новых умовах, калі выконваюцца аперацыі параўнання, аналізу, сінтэзу новых ведаў. Гэта добра прасочваецца ў 4 класе. Я заўважыла, што вучні намнога лепш успрымаюць новыя вучэбныя ідэі, калі звязваюць іх з мінулым. Калі яны недастаткова веда­юць аб прадмеце, яны не будуць мець трывалую аснову для злучэння з папярэднімі ведамі. Пераканаўчы доказ гэтага — прыёмы гексадыяльнага навучання. Я пачынаю выкарыстоўваць іх з 4 класа. Менавіта яны, на мой погляд, дапамагаюць рэалізоўваць прынцып “навучання з захапленнем”. Магчыма таму, што ён псіхалагічна ўспрымаецца дзецьмі як гульня ў пазлы, нягледзячы на тое, што ў іх упісаны вучэбны дыдактычны матэрыял урока.

Гексы — гэта шасцівугольныя карткі, на якія загадзя разносіцца вучэбны матэрыял урока. На ўроку навучэнцам прапануецца сабраць “соты”. Кожны з шасцівугольнікаў злучаецца з іншым па пэўных правілах. Правілы злучэння гексаў наступныя: кожная картка гранямі, якія мяжуюцца, павінна быць лагічна звязана з астатнімі. Такі метад прадугледжвае вылучэнне навучэнцамі ключавых фрагментаў інфармацыі. Задача навучэнцаў пры выкарыстанні гексаў — знайсці і даказаць гэтую сувязь. Форма арганізацыі вучэбнай дзейнасці пры гэтым можа быць любая: у групах, парах і індывідуальна. На ўроку абагульнення лепш праводзіць работу ў групах. Кожная з груп выбудоўвае свае лагічныя схемы з шасцівугольнікаў, абгрунтоўваючы правільнасць пабудовы. Потым групы могуць мяняцца месцамі і старацца сабраць “соты” сваіх сяброў. На ўроку паўтарэння і абагульнення ведаў выкарыстоўваю гексы для работы ў парах. Нечаканасцю стала для мяне выкарыстанне гэтых жа картак шматразова. Дзецям настолькі падабаецца работа з “сотамі”, што яны просяць іх, каб “пагуляць” у вольны час. Так я стала выкарыстоўваць гексы пры арганізацыі індывідуальнай работы па паўтарэнні матэрыялу і карэкцыі ведаў.

У спробе выбудаваць гексаграму (злучыць шасцівугольнікі) можа ўзнікнуць многа спосабаў, розных сувязей. Няма адзіна правільнага рашэння. Часта мае вучні здзіўляюць мяне тымі злучэннямі і высновамі, якія робяць самастойна. Працэс па выбудоўванні новых лагічных сувязей даволі цяжкі, таму важна заўсёды пры падрыхтоўцы гексаў пакідаць пустыя карткі, якія навучэнцы змогуць самастойна падпісаць для абгрунтавання злучэння іх з іншымі.

Такім чынам, выкарыстанне гэтага прыёму дазваляе развіць у навучэнцаў уменні выбіраць, класіфікаваць (праводзіць ранжыраванне) і адначасова візуалізаваць вызначаныя сувязі. Форма шасцівугольных картак-гексаў дазваляе навучэнцам праявіць творчы падыход у арганізацыі сваёй пазнавальнай дзейнасці. І, што не менш важна, новыя веды ў пошуку лагічных сувязей заўсёды асноўваюцца на старых, адсюль больш трывалае засваенне матэрыялу, які вывучаецца.

Дарэчы, каб аблегчыць раздрукоўку шасцівугольнікаў, можна скарыстацца генератарам гексаў у сэрвісе ClassTools.net (https://www.classtools.net/hexagon).

Дадатак. Інтэлект-карта

Ала АГАРОДНІК,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Івацэвіч Брэсцкай вобласці.