“Пажарная машына” для дашкольнікаў

- 11:18Выхаванне

Уласная “пажарная машына” з’явілася ў выхаванцаў дзіцячага сада № 44 Брэста. Цяпер 6 маленькіх “ратавальнікаў” могуць у любы момант “выехаць” на “здарэнне”, сігналячы ў спецыяльны званочак. Такі цудоўны падарунак падрыхтавалі для дзяцей супрацоўнікі Брэсцкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях.

З нагоды перадачы своеасаблівага арт-аб’екта і ў рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню” ў дашкольнай установе адбылося свята бяспекі, падчас якога выхаванцы сада дэманстравалі веды па бяспечных паводзінах, хутка і дакладна адгадваючы на простыя і складаныя загадкі інспектара Брэсцкага ГАНС Кацярыны Газіевай. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім азартам удзельнічалі ў тэматычных конкурсах, арганізаваных ратавальнікамі, і атрымлівалі за кемлівасць заслужаныя прызы.

Галоўны падарунак, прэзентаваны на свяце, выраблены спецыялістамі кавальскай майстэрні “Цвік”. Начальнік Брэсцкага ГАНС Віталь Кулініч ва ўрачыстай абстаноўцы даверыў першае “дзяжурства” на “пажарнай машыне” экіпажу з самых смелых хлопчыкаў, якія з вялікім задавальненнем размясціліся на яе сядзеннях і адправіліся на “выклік”. Акрамя таго, брэсцкія ратавальнікі ўручылі педагогам дзіцячага сада спецыяльную вучэбную літаратуру для правядзення тэматычных заняткаў.

Падчас мерапрыемства дашкольнікі азнаёміліся са спецыялізаванай пажарнай тэхнікай, а таксама даведаліся пра магчымасці ратавальнікаў, якія паказалі ім баявое разгортванне, дазволілі разам патушыць “пажар”, пасядзець за рулём аўтамабіля хуткага рэагавання і нават уключыць сірэну.

Такія арт-аб’екты, “пажарныя машыны”, ратавальнікі пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама плануюць з часам размясціць і ў многіх іншых дашкольных установах вобласці. Магчыма, у іх з’явяцца нават цэлыя гарадкі — своеасаблівыя дзіцячыя “пажарныя дэпо”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі ў гульнявой форме будуць вывучаць важныя правілы бяспекі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.