Пажарныя вучэнні для самых маленькіх

- 15:40Нам пішуць

Пазнаючы свет, дзеці часта сутыкаюцца з небяспекай і нярэдка становяцца ахвярамі свайго няведання і бестурботнасці. Як зрабіць так, каб і дарослыя былі спакойныя за жыццё сваіх дзяцей, і дзеці знаходзіліся ў бяспецы?

Гэтаму пытанню вялікую ўвагу ўдзяляе педагагічны калектыў санаторнага ясляў-сада № 12 г. Ваўкавыска. Задача педагогаў — не толькі аберагаць і абараняць дзяцей, але і рыхтаваць да розных складаных, а часам і небяспечных сітуацый, вучыць правільна сябе паводзіць і ўмець знаходзіць верныя шляхі і спосабы іх вырашэння.

Менавіта ва ўстанове дашкольнай адукацыі адбываецца першаснае фарміраванне ў выхаванцаў навыкаў супрацьпажарнай бяспекі, дзеці знаёмяцца таксама з важнай, нялёгкай і ганаровай працай работнікаў МНС. Нам важна, каб правілы супрацьпажарнай бяспекі для дзяцей сталі нормай жыцця, мы імкнёмся пачынаючы з дашкольнага ўзросту закласці падмурак бяспекі і здароўя нашых выхаванцаў. Чым раней дзіця вывучыць правілы супрацьпажарнай бяспекі і ўсвядоміць адказнасць за свае дзеянні, тым эфектыўней будуць вынікі.

Праца з дзецьмі па супрацьпажарнай бяспецы ў нашай установе дашкольнай адукацыі — гэта цэлы шэраг мерапрыемстваў: цыклы заняткаў, творчыя конкурсы, гульні. Адзін з эфектыўных спосабаў навучання дзяцей — правядзенне забаў, падчас якіх яны адпрацоўваюць правілы паводзін, спосабы абароны і выратавання пры пажары.

Падчас летніх канікул забавы, гульні — асноўны від дзейнасці. У рамках тыдня пажарнай бяспекі ў сярэдніх групах нашай установы дашкольнай адукацыі арганізаваны спартыўны адпачынак для дзяцей пад назвай “Пажарныя вучэнні”. Свае веды і ўменні паказвалі дзве каманды — “Іскрынка” і “Агеньчык”. Падчас эстафет, конкурсаў і заданняў дашкаляты замацавалі веды па эвакуацыі з памяшкання пры пажары, успомнілі нумары службаў, якія дапамагаюць у розных надзвычайных сітуацыях. Дзеці прымалі званкі пра ўзнікненне пажару, дружна пераадольвалі паласу перашкод, каб патушыць умоўны пажар, і выконвалі яшчэ шмат цікавых і адказных заданняў.

У якасці ўзнагароды — прызы: усе справіліся з заданнямі, прайшлі на выдатна выпрабаванні і чарговы раз здалі залік па супрацьпажарнай бяспецы.

Іна ЛОБІК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці санаторнага ясляў-сада № 12 Ваўкавыска.