Пазіцыя Бухарэста адносна беларуска-еўрапейскіх адносін адказная і канструктыўная

Беларусь разлічвае на паспяховае старшынства Румыніі ў ЕС, заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды стагоддзя вялікага аб’яднання Румыніі.

“У наступным годзе Румынія ўпершыню будзе старшынстваваць у Савеце Еўрапейскага саюза. Безумоўна, у гэтай якасці Бухарэст павінен будзе вырашаць шэраг складаных задач. Ведаючы пра вельмі высокі прафесійны ўзровень румынскай дыпламатыі, упэўнены, што старшынства пройдзе паспяхова”, — сказаў Алег Краўчанка.

Намеснік міністра выказаў надзею, што Румынія прадоўжыць курс на падтрымку “Усходняга партнёрства”. “Менавіта ў будучым годзе мы будзем адзначаць 10-годдзе гэтага праекта ЕС, а таксама разам вызначаць мэты на наступныя 10 гадоў, — адзначыў ён. — Беларусь лічыць “Усходняе партнёрства” неабходным і патэнцыяльна карысным. Мы пачалі ўжо папярэднія кансультацыі з румынскімі калегамі напярэдадні старшынства і чакаем актыўнага прадаўжэння сумеснай работы ў першай палавіне будучага года”.

Алег Краўчанка назваў адказнай і канструктыўнай пазіцыю Румыніі адносна беларуска-еўрапейскіх адносін. Што датычыцца беларуска-румынскіх кантактаў, сумеснымі намаганнямі дасягнуты значны прагрэс у развіцці палітычнага, эканамічнага, міжпарламенцкага, міжрэгіянальнага дыялогу. Пашыраюцца сувязі ў культурнай і гуманітарнай сферах. Эфектыўным з’яўляецца і цесны дыялог паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін.

У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Беларусі Віярэл Машану пацвердзіў, што Румынія падтрымлівае дыялог па лініі “ЕС — Беларусь” у мэтах прагрэсу на гэтым шляху. Ён падкрэсліў важнасць развіцця праграмы “Усходняга партнёрства”.

Закрану ў Віярэл Машану і гістарычныя падзеі стагадовай даўнасці, калі 1 снежня 1918 года адбылося вялікае аб’яднанне Румыніі. “Гэта была частка агульнага еўрапейскага працэсу барацьбы за незалежнасць нацый, і румыны далучыліся да гэтага руху”, — адзначыў дыпламат. Паводле яго слоў, Румынія прайшла няпросты шлях развіцця і цяпер з’яўляецца эканамічна стабільнай дзяржавай, падтрымлівае цесныя сувязі з суседзямі і з упэўненасцю глядзіць у будучыню. Краіна развівае паўнапраўныя адносіны на міжнароднай арэне, супрацоўнічае з іншымі дзяржавамі. З Беларуссю кантакты ў апошнія гады развіваюцца найбольш інтэнсіўна. У гэтым годзе актывізаваліся міжпарламенцкі дыялог і дыялог паміж міністэрствамі замежных спраў, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Абедзве краіны шукаюць новыя магчымасці для ўзаемадзеяння.