Пазітыўная дынаміка ў дыялогу з ЕС прывядзе да поўнай нармалізацыі адносін

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што пазітыўная дынаміка, якая намецілася апошнім часам у дыялогу з ЕС, прывядзе да поўнай нармалізацыі адносін. Аб гэтым ён заявіў 5 кастрычніка, прымаючы даверчыя граматы паслоў шэрага замежных дзяржаў.

“Мы павінны ўзняць іх на якасна новы ўзровень, які адпавядае інтарэсам абодвух бакоў”, — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь з-за геаграфічнага месцазнаходжання і аб’ектыўных прычын адносінам з Еўрапейскім саюзам надае асаблівае значэнне. “Сітуацыя ў рэгіёне, агульныя выклікі і пагрозы патрабуюць цесных кантактаў і пошуку сумесных рашэнняў”, — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў зацікаўленасць Беларусі ў пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. На яго думку, перспектыўнымі могуць стаць сумесныя інфраструктурныя праекты ў сферы транспарту, энергетыкі, іншых сфер эканомікі, а таксама ў развіцці дагаворна-прававой базы.