Пазітыўная, як вясна

За што мы любім вясну? За тое, што яна дорыць пазітыў, і мы ведаем, што абуджэнне прыроды, надыход цяпла і прыгажосці непазбежныя. І гераіня гэтага артыкула падобная да вясны: у яе надзвычай пазітыўныя адносіны да прафесіі, людзей, наогул жыцця, і гэты пазітыў яна дорыць усім. Знаёмцеся: Вольга Казіміраўна Шавель.

Пісаць сцэнарыі па начах (бо менавіта ноччу прыходзіць натхненне), бегчы з рэпетыцыі на рэпетыцыю (бо наперадзе некалькі важных мерапрыемстваў), імчацца ў камандзіроўку ў іншы горад (бо дзеці ўдзельнічаюць у чарговым конкурсе), а яшчэ справядліва размяркоўваць паміж дзецьмі ролі, трымаць на кантролі касцюмы для выступленняў, рэквізіт, музыку і яшчэ мільён важных дробязей… Для некага такая работа можа быць цяжарам, а Вольга Казіміраўна менавіта ва ўсім гэтым знаходзіць задавальненне. Яна працуе педагогам-арганізатарам і настаўніцай музыкі ў сярэдняй школе № 14 Маладзечна.

— У маёй рабоце так многа плюсоў! Па-першае, гэта задавальненне ад зносін з дзецьмі. Колькі ў іх неверагодных ідэй, з якімі яны ідуць да мяне, колькі ў іх неперадавальных эмоцый, якімі яны дзеляцца. Па-другое, мая работа — гэта пазітыў, таму што пастаянна праводзяцца святы, урачыстасці, актыўнасці. Па-трэцяе, работа не сумная, не руцінная, бо мерапрыемствы і ідэі змяняюць адно аднаго, — разважае Вольга Казіміраўна.

А яшчэ ёй падабаецца хутка бачыць вынікі сваёй работы: рыхтуеш дзяцей да канцэрта ці конкурса і праз некалькі тыдняў ці месяцаў атрымліваеш задавальненне ад таго, што здзейсніў. Вольга Казіміраўна жартуе, што з-за гэтага адчувае сябе спрынтарам, у адрозненне ад настаўнікаў-прадметнікаў, падобных да марафонцаў.

Здаецца, яна створана менавіта для сваёй работы. У ёй творчыя здольнасці спалучаюцца з гарачым тэмпераментам, неверагоднай актыўнасцю і энергічнасцю. Так што задаткі былі ад прыроды, а напрамак для іх прымянення падказаў сваім прыкладам тата, які таксама быў педагогам — выкладаў музыку і абслуговую працу. Ад яго ў свядомасці Вольгі Казіміраўны назаўсёды закладзены асноўныя прынцыпы стаўлення да работы, дзяцей і калег. Дарэчы, апошнія дапамаглі канчаткова ўвайсці ў прафесію.

— Мне вельмі пашанцавала ў прафесійным жыцці. Я займаюся любімай справай, а навокал людзі, якія дапамагаюць у гэтым. У нашай школе створаны такія ўмовы, што працаваць хочацца яшчэ больш. Дырэктар падтрымлівае нашы ідэі і пачынанні, ва ўстанове працуе дружная каманда, здольная любую ідэю рэалізаваць. Мы не баімся агучваць прапановы і прасіць у калег дапамогі. Калі ты аддаешся справе — ёсць падтрымка.  

Галоўную падтрымку, па прызнанні Вольгі Казіміраўны, яна атрымлівае ад сваёй старэйшай калегі Юліі Мікалаеўны Вяжэвіч, якую называе сваім настаўнікам, сябрам, аднадумцам. 

Да Вольгі Казіміраўны дзеці пасля ўрокаў бягуць з радасцю. Яна ўмее захапіць іх увагу і ўтрымац­ь яе. І самае галоўнае, што дапамагае ёй у гэтым шчырае гарэнне справай, якое немагчыма падрабіць і якое адчуваюць дзеці.

— Наша школа працуе пад дэвізам “Школа, дзе кожны паспяховы”. І мне вельмі падабаюцца гэтыя словы і такі падыход. Тыя, у каго ёсць яўныя таленты да навукі ці творчасці, хутка знаходзяць свой шлях і становяцца зорачкамі ў вучобе ці на сцэне. А ёсць тыя, чые здольнасці не такія відавочныя, каму складана праявіць сябе, хто здаецца непрыметным. Або тыя, хто свае здольнасці накіраваў не ў тое рэчышча. Мне асабліва падабаецца дапамагаць такім дзецям раскрывацца, знаходзіць свой шлях, разумець саміх сябе. І выхаваўчая работа дае неабмежаваныя магчымасці для гэтага.

Самым галоўным і самым складаным педагог лічыць выхаванне добрых людзей. Калі задумацца, усе мы хочам, каб нас акружалі добрыя людзі. Няважна, якія адзна­кі яны атрымлівалі ў школе, як спяваюць ці танцуюць. А выхавац­ь гэту чалавечнасць у сучаснага пакалення спажыўцоў бывае няпроста. І Вольга Казіміраўна прапануе дзецям такія справы, якія вучац­ь быць добрым і шчырым проста так, а не за ўзнагароду, радавацца таму, што аддаеш, а не атрымліваеш, паважаць тое, што маеш. Каб у дарослае жыццё дзеці адпраўляліся без страху і з гонарам. І гэта ў настаўніцы атрымліваецца. Яе выхаванцы, пакідаючы школу, з лёгкасцю адаптуюцца ў новых калектывах, заваёўваюць павагу і давер людзей, наладжваюць новыя кантакты.

Тое, што дзецям цікава з В.К.Шавель, не значыць, што іх сумеснае баўленне часу — гэта толькі забавы і адпачынак. Яна добрая і чулая, аднак вельмі патрабавальная да сябе і вучняў. Патрабуе ад іх адказнасці, працавітасці, паважлівых адносін адно да аднаго і лю­дзей навокал. Вольга Казіміраўна — перфекцыяніст. Прызнаецца, што ёй бывае з-за гэтага складана, бо не можа супакоіцца, пакуль кожная дэталь, кожная дробязь не будзе зроблена дасканала. Аднак інакш настаўніца не ўмее. І на яе прыкладзе дзеці вучацца працавац­ь, аддаючыся справе на сто працэнтаў.

Ужо некалькі гадоў педагог з’яўляецца важатай піянерскага атрада школы. Спачатку, калі паступіла прапанова працаваць з піянерамі, спужалася, бо сама ў дзяцінстве піянерам не была. Аднак з задачай справілася. Давялося шмат папрацаваць над тым, каб стварыць дружыне станоўчы імідж, і гэта атрымалася. Сёння ўсе ў школе ведаюць, што піянерская дружына імя В.З.Чурлоўскага вядзе вельмі актыўнае і цікавае жыццё. Яе члены ўдзель­нічаюць і перамагаюць у многіх конкурсах рознага ўзроўню, рэалізоўваюць цікавыя праекты, займаюцца дабрачыннасцю. І піянерам ёсць на каго раўняцца: Вольга Казіміраўна заняла 3-е месца ў рэспубліканскім конкурсе “Суперважаты”. Хаця і без гэтага дзеці ведалі, што іх важатая супер!

А дома выхаваўчы працэс працягваецца: у Вольгі Казіміраўны двое сыноў. Яны, хоць і вучацца ў іншай установе адукацыі, частыя гледачы і ўдзельнікі “маміных” мерапрыемстваў. А апошні час яшчэ і памочнікі ў рабоце: то ідэю цікавую прапануюць, то песню новую пачуюць і спяшаюцца даць маме паслухаць, каб магла выкарыстоўваць у рабоце, то далікатна пакрытыку­юць. Але самае галоўнае — яны разумеюць важнасць яе работы і ганарацца сваёй мамай.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.