Канкурэнцыя паміж установамі адукацыі існавала і існуе, і яна будзе павялічвацца, калі колькасць навучэнцаў будзе скарачацца. Бацькі выстройваюцца ў чаргу, каб аддаць сваё дзіця ў школу з добрай рэпутацыяй, педагогі больш ахвотна ідуць працаваць у такую ўстанову, моцны пазітыўны імідж аблягчае доступ да лепшых фінансавых і інфармацыйных рэсурсаў. Як жа стварыць такі імідж установы адукацыі? Аб гэтым на абласным майстар-класе “Фарміраванне пазітыўнага іміджу ўстановы адукацыі” даведаліся педагогі, якія ўваходзяць у рэзерв кіруючых кадраў.
Майстар-клас адбыўся ў Дзераўнянскай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна. У тым, што ў гэтай школы з іміджам усё ў парадку, можна не сумнявацца. Для аграгарадка Дзераўное гэта больш, чым проста школа, гэта інтэлектуальны і культурны цэнтр. У раёне гэтая школа служыць прыкладам для ўсіх устаноў адукацыі, усё новае і перадавое з’яўляецца тут раней, чым у іншых. На працягу трох гадоў Дзераўнянская школа прызнавалася лепшай установай адукацыі ў арганізацыі вучэбнага працэсу сярод сельскіх устаноў адукацыі Мінскай вобласці. На базе школы праводзяцца семінары раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Словам, невялічкую сельскую школу, якая знаходзіцца не блізка ад сталіцы і нават ад райцэнтра, ведаюць і ў раёне, і ў вобласці, і ў рэспубліцы. Як ствараўся гэты імідж, расказалі і паказалі педагагічныя работнікі школы.
На парозе школы гасцей сустракалі “гаспадары” — навучэнцы і педагогі, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, з караваем у руках. Як вялікая сям’я, яны віталі гасцей у сваім “доме” вершамі і песнямі на беларускай мове. Па сутнасці, Дзераўнянская школа і з’яўляецца вялікай беларускай сям’ёй, члены якой паважліва і з любоўю ставяцца адно да аднаго, а дзверы ўтульнага дома, дзе яны жывуць, заўсёды адкрыты для добрых людзей.
Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і школа пачынаецца з добраўпарадкаванай тэрыторыі і моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Дзераўнянская школа патанае ў зеляніне і квецені. Усюды прыгажосць і парадак. Абсталявана і аздоблена зона адпачынку і гульнявая пляцоўка. На тэрыторыі пасаджана алея Памяці настаўнікам школы, якія ўжо пайшлі з жыцця. Дырэктар школы Марыя Мар’янаўна Шумчык многа ўвагі ўдзяляе стварэнню ўтульнасці і прыгажосці. І дзеці таксама “ўвабралі” гэтую любоў і імкненне да таго, каб асяроддзе, у якім яны штодзень знаходзяцца, было ўтульным. Так, напрыклад, адзін з вучняў прапанаваў на лужку, дзе часта праводзяцца лінейкі, стварыць клумбу ў выглядзе званочка. Цяпер квяцісты званочак радуе вока. Такая ж дагледжанасць і парадак і ў самой школе. З мінулага года тут пачалі рамонт кабінетаў гасспосабам, і з кожным днём школа становіцца яшчэ прыгажэйшай. Камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі, мультымедыйныя ўстаноўкі — у тутэйшых школьнікаў ёсць усё неабходнае для паспяховага навучання.
На імідж установы адукацыі ўплывае імідж педагагічнага калектыву: кваліфікацыя, асабістыя якасці, педагагічная, сацыяльная і кіраўнічая кампетэнтнасць супрацоўнікаў. Настаўнікі Дзераўнянскай школы — людзі, якіх паважаюць бацькі, калегі, кіраўніцтва і дзеці. Педагогі тут лічаць, што высокі прафесіяналізм і любоў да дзяцей — гарант трывалых ведаў. Зыходзячы з гэтага і працуюць. Сваё майстэрства яны паказалі ў рабоце і запрасілі да сябе на заняткі гасцей мерапрыемства. “Школа — другі дом, у якім утульна і камфортна ўсім” — майстар-клас па такой тэме правялі Наталля Чаславаўна Вільнявец, педагог-псіхолаг, і Алена Алегаўна Канановіч, настаўніца пачатковых класаў, удзельніца конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года Мінскай вобласці”, член абласнога клуба педагагічных работнікаў “Флагман”. Сакрэтамі майстэрства падзялілася і Ганна Іванаўна Дзямянка, настаўніца беларускай мовы. Ужо не адзін год Ганна Іванаўна паспяхова рыхтуе дзяцей да прадметнай алімпіяды і яны прывозяць дыпломы з розных яе этапаў. Таксама ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з вопытам работы настаўніц Святланы Міхайлаўны Юнцэвіч, Ірыны Іванаўны Бець, Ларысы Віктараўны Рослік. Аб узроўні работы настаўнікаў школы сведчыць той факт, што вучні гэтай сельскай школы не карыстаюцца паслугами рэпетытараў і без праблем паступаюць у прэстыжныя УВА, а потым упэўнена адчуваюць сябе ў студэнцкай аўдыторыі, бо маюць трывалыя веды. Яшчэ амаль палова педагогаў — былыя вучні школы. Гэты факт таксама гаворыць пра многае.
Вучні, іх поспехі і дасягненні таксама ўплываюць на імідж школы. Алімпіяды, паступленні, удзел у конкурсах — усё гэта на высокім узроўні. Але галоўнае разумееш, гледзячы на мясцовых школьнікаў. Усе яны выхаваныя, старанныя і неабыякавыя. Школа пастаянна атрымлівае ад УВА, дзе вучацца яе выпускнікі, падзячныя лісты за выхаваных і разумных дзяцей. Ніводзін вучань школы не стаіць на ўліку ў міліцыі. Кожнаму наведвальніку адразу бачны паважлівыя і добразычлівыя адносіны дзяцей да педагогаў і адно да аднаго. Падрабязней пра школьнае жыццё расказала вучаніца Таццяна Касцючэнка. Яна пазнаёміла гасцей са сваім партфоліа і расказала аб школьных буднях з пункту гледжання навучэнцаў. Таксама ўдзельнікі майстар-класа даведаліся аб сумеснай праектна-даследчай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў. Да праекта “Энергазберажэнне. ХХІ стагоддзе” далучыліся ўсе: фізікі расказалі аб выкарыстанні энергіі, гісторыкі зрабілі экскурс у гісторыю развіцця энергіі, лірыкі забяспечылі эмацыянальны бок праекта, краязнаўцы сабралі матэрыял аб выкарыстанні энергіі ў штодзённым жыцці. У рамках праекта навучэнцы стварылі каля двух дзясяткаў даследчых работ.
Асоба кіраўніка таксама адзін са складнікаў іміджу школы. Марыя Мар’янаўна Шумчык кіруе ўстановай на працягу 12 гадоў. І час яе дырэктарства — гэта час бесперапыннага змянення да лепшага. Яе называюць пчолкай, якая штохвілінна дбае аб сваім вуллі і яго жыхарах. Пры гэтым яна ўмее не толькі працаваць сама, але і натхняць іншых на старанную работу. А каб вобраз дырэктара быў поўны, дадайце да працавітасці і гаспадарлівасці прыгажосць, шчырасць і ветлівасць — тады будзе зразумела, хто кіруе Дзераўнянскай школай. Марыя Мар’янаўна адзначае, што ніколі ў школе спецыяльна і мэтанакіравана не працавалі над іміджам, і тым больш ніякіх спецыялістаў-іміджмейкераў тут няма. Увесь сакрэт стварэння іміджу навучальнай установы — у высокім прафесіяналізме работнікаў і іх жаданні аддавацца поўнасцю сваёй справе. Няма невырашальных праблем, калі ёсць жаданне, гарэнне дзейнічаць. І ў словах вопытнага кіраўніка ёсць ісціна.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.