Пазітыўны настрой на пачатку навучальнага года

Каля 400 дзяцей з мнагадзетных, малазабяспечаных, прыёмных і апякунскіх сем’яў з усіх рэгіёнаў Гомельшчыны ўзялі ўдзел у абласной акцыі “У школу з “Белай Руссю”.

Па ліку гэта ўжо адзінаццатая такая акцыя абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання, але сёлета мерапрыемства прайшло ў новым фармаце. Як растлумачылі арганізатары, раней яны скіроўваліся на дзетак, якім належала ўпершыню пераступіць школьны парог: уручалі ім партфелі з усімі неабходнымі школьнымі прыладамі. На гэты раз было вырашана падрыхтаваць разнастайную праграму і запрасіць на яе не толькі тых, хто першы раз ідзе ў першы клас, а ўсіх школьнікаў-пачаткоўцаў.

— Дзень ведаў — свята для кожнага школьніка, таму захацелася, каб кожнае дзіця адчула радасць новых пачынанняў, якія абавязкова прынясе новы навучальны год, — тлумачыць ідэю правядзення акцыі намеснік старшыні абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Мамрукова.

І вось у апошнія дні жніўня Гомельскі гарадскі цэнтр культуры запоўніўся дзіцячымі галасамі і вясёлым смехам. Мерапрыемства атрымалася сапраўды цікавым, з гульнямі, конкурсамі, спевамі і танцамі, клоўнамі і роставымі лялькамі, пры гэтым самі школьнікі былі не проста гледачамі, а ўдзельнікамі дзейства. Жадаючыя маглі таксама ўпрыгожыць сябе аквагрымам, які прапанавалі юныя мастакі. У праграме таксама знайшлося месца для паказу мадэлей школьнага адзення беларускіх вытворцаў і прыгожага дызайнерскага дзіцячага адзення. Гэта было вельмі дарэчы, паколькі разам з дзецьмі ў акцыі прымалі ўдзел і іх бацькі.

Завяршылася канцэртна-гульнявое мерапрыемства ўручэннем будучым першакласнікам з мнагадзетных сем’яў партфеляў. А далей хлопчыкаў і дзяўчынак чакала інтэрактыўная частка. Арганізатары прапанавалі ім пастаўлены на аснове папулярнага мультфільма спектакль-шоу “Калабанга. Прывітанне, інтэрнэт.by!”. Сёння нашы дзеці з ранняга маленства ўмеюць карыстацца гаджэтамі і вандруюць па сусветнай сетцы. Гэта нядрэнна, аднак неабходна тлумачыць юным карыстальнікам, у чым заключаецца карысць і шкода перадавых тэхналогій, іх уплыў на фізічнае і псіхічнае здароўе, распавядаць аб небяспеках, якія падпільноўваюць у інтэрнэце. Усё гэта ўтрымлівае ў сабе спектакль, а інфармацыя ўспрымаецца юнымі гледачамі і іх бацькамі лёгка, паколькі паднесена яна ў гульнявой форме.

Безумоўна, праведзеная акцыя падарыла пачаткоўцам пазітыўны настрой на пачатку навучальнага года. Прыемна ўражанымі засталіся і бацькі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.