Пазітыўны плакат Паўла КАШЭЎСКАГА

Пераможцам V Міжнароднага фестывалю плакатаў PlakatFest 2020, што адбыўся ў сярэдзіне ліпеня ў польскім горадзе Хожув, стаў старшы выкладчык кафедры “Прамысловы дызайн і ўпакоўка” факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ, таленавіты графічны дызайнер, член Беларускага саюза дызайнераў Павел Кашэўскі. Яго плакат Deurbanization міжнароднае журы прызнала лепшым сярод 130 работ. Пра сёлетні форум, стварэнне і сутнасць беларускага плаката­пераможцы, тэндэнцыі айчыннага графічнага дызайну, а таксама сумяшчэнне педагагічнай і творчай дзейнасці Павел Анатольевіч расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.

— Якое паведамленне і настрой перадае ваш плакат Deurbanization?

— Свой плакат я стварыў у гэтым годзе спецыяльна для PlakatFest. Яго сёлетняя тэма — “Новы свет?/New World?” (менавіта са знакам пытання) — прысвечана праблеме існавання ў новай рэальнасці, якая ўзнікла ў выніку пандэміі каранавіруснай інфекцыі.

Мой плакат дэманструе адно з магчымых наступстваў пандэміі — дэўрбанізацыю, якая дапускае адток насельніцтва з гарадоў у сельскую мясцовасць. Сёлета тэма пандэміі актуальная для ўсіх рэгіёнаў свету, а PlakatFest прысвечаны яе наступствам. Бо ўсе сыходзяцца ў меркаванні, што свет будзе іншым.

І ­ўдзельнікам фестывалю трэба было паказаць, як яны бачаць будучыню.

У маёй графічнай працы намаляваны белыя сілуэты дамоў. Яны размешчаны ў шахматным парадку на дастатковай адлегласці адзін ад аднаго, што адлюстроўвае пэўную ізаляцыю людзей, якая з’яўляецца наступствам пандэміі. Дамы знаходзяцца ў прыродным асяроддзі, прадстаўленым у выглядзе стылізаваных дэкаратыўных форм розных адценняў зялёнага колеру, якія нібы адсылаюць да пачатку ХХ стагоддзя, да мадэрну. І, як кажуць, мой плакат мае адгалоскі польскіх ткацкіх дываноў, бо ў яго выразны сухі рытм, які, праўда, змякчаецца актыўным зялёным колерам. Белыя домікі маюць рознакаляровыя акенцы, якія падкрэсліваюць індывідуалізацыю мяркуемых жыхароў, а таксама надаюць аптымізму і ўсяляюць надзею ў тое, што ўсё будзе добра. Увогуле мой плакат яшчэ раз нагадвае пра экалогію і захаванне прыроды.

— Атрымліваецца, вас цікавіць экалагічная тэма, а яшчэ якая?

— Сацыяльная. Калі працаваў у педагагічным універсітэце, то разам са сваімі студэнтамі актыўна адлюстроўваў тэму дзяцінства сучаснай Беларусі: дзіцячае атлусценне, залежнасць ад камп’ютара і гад­жэтаў, інклюзію. Да таго ж у мяне ёсць і тэат­ральныя плакаты.

На мінулым тыдні ў Палацы мас­тацтваў на выставе “Трыенале сучаснага мастацтва” можна было ўбачыць мой плакат “Лініі жыцця”, які быў адным з намінантаў Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва. Дарэчы, і гэтая работа зноў прысвечана тэме экалогіі горада і заклікае: “Захаваем прыроду — захаваем жыццё!”

Увогуле сфера плаката вельмі цікавая тым, што яна жывая, і ўсе конкурсы накіраваны на тое, каб хутка рэагаваць на падзеі, што адбываюцца ў свеце. І калі зноў вярнуцца да PlakatFest, то варта адзначыць, што Польшча з’яўляецца вядучай у нашым рэгіёне ў галіне плаката. Да таго ж менавіта польскі плакат аказаў вялікі ўплыў на беларускі ў канцы ХХ стагоддзя.

— А што вас натхняе на стварэнне такіх адметных плакатаў?

— Кожны дзень я штосьці праглядаю ў галіне графічнага дызайну або выяўленчага мастацтва. Але натхніць на самой справе можа што заўгодна, нават самы маленькі ўзор на тканіне. Я ўвесь час знаходжуся ў мастацкім асяроддзі, якое спрыяе фарміраванню пэўнага візуальнага раду. Прычым я пастаянна аналізую тое, што адбываецца, і студэнтаў таксама вучу быць не проста назіральнікамі, а і аналізатарамі, хоць гэта і даволі складана.

А ўвогуле я не чакаю натхнення, а саджуся і пачынаю працаваць. На маю думку, плакат усё ж такі павінен несці пазітыўны зарад і дапамагаць, тым больш калі ён вулічны.

— Каго б вы адзначылі з ліку ўдзельнікаў PlakatFest? Якія работы спадабаліся асабіста вам?

— Разам са мной у фестывалі ­ўдзельнічаў наш цудоўны плакатыст Юрый Тарэеў з Акадэміі мастацтваў. Польскія плакаты, шырока прадстаўленыя на выставе, адрозніваліся лаканічнасцю пластычнай мовы, графічнасцю выяўленчага рашэння, традыцыйнай увагай да шрыфту. Высокі ўзровень аўтарскага плаката прадэманстравалі вядомыя ра­сійскія дызайнеры: Віктар Каваленка, Дзмітрый Мірыленка, Павел Пісклакоў і іншыя. Кітайскія плакаты характарызаваліся пластычнасцю форм і ахраматычным колеравым рашэннем разам з выкарыстаннем графічных выяў традыцыйных нацыянальных матываў. Плакаты краін Лацінскай Амерыкі адрозніваліся ўмоўнасцю графічнага рашэння і пэўнай мяккасцю ў перадачы ­выяўленчых форм, а таксама шматколернасцю з выкарыстаннем насычаных фарбаў.

Дарэчы, усяго для ўдзелу ў міжнародным конкурсе было даслана 824 плакаты з 36 краін свету. У фінал выйшлі 130 плакатаў 108 удзельнікаў. Яны і былі прадстаўлены на выставе, арганізаванай уладамі Хожува і Хожуўскім культурным цэнтрам. Акрамя майго ў дзясятку лепшых увайшлі плакаты дызайнераў з Польшчы, ЗША, Тайваня, Эквадора. Выстава фіналістаў PlakatFest працягнецца да 1 верасня 2020 года па адрасе: вул. Генрыка Сянкевіча, 3, г. Хожув, Польшча. Азнаёміцца з ёй можна і па спасылцы: https://www.facebook.com/plakatfest/.

— Павел Анатольевіч, пры стварэнні плаката вы аддаяце перавагу традыцыйным метадам або сучасным тэхналогіям?

— Я працую алоўкам і фарбамі, таму традыцыйнае эскізаванне адбываецца ўручную. У мяне шэраг нататнікаў і альбомаў для запісвання і замалёўвання сваіх ідэй. Многія плакаты спачатку выконваюцца ўручную на паперы, што дае магчымасць перадаць свой аўтарскі стыль і выказванне, а пасля ўжо адбываецца алічбоўка, і такі спосаб у шрыфтавой графіцы вельмі папулярны апошнія гады. Адзінае, часам адбываецца так, што дызайнеры ў пагоне за аўтарскім стылем пераста­юць развівацца і шукаць новае. Таму сваіх студэнтаў я заўсёды заклікаю не стаяць на месцы, а пастаянна развівацца.

— Часам даводзіцца чуць меркаванне, што плакат як жанр хутка знікне. Што вы думаеце на гэты конт?

— Не, не знікне, таму што ён па-ранейшаму не страчвае сваёй актуальнасці, асабліва друкаваны. І нават мяркуючы па колькасці ­ўдзельнікаў міжнародных конкурсаў плаката, можна гаварыць, што цікавасць дызайнераў да яго вялікая. Аднак варта адзначыць, што з’явіўся новы фармат выстаў — віртуальны. Напрыклад, на адной з вясновых маскоўскіх выстаў, прысвечаных Вялікадню, зрабілі віртуальны пакой з некалькімі заламі, “наведаць” якія можна было ў тым ліку пры дапамозе віар-акуляраў. Вось такім чынам мяняюцца фармат і форма папулярызацыі плаката. Да таго ж вельмі шмат выстаў праводзіцца толькі ў сацыяльных сетках.

— На вашу думку, ці існуе мяжа паміж мастацтвам і графічным дызайнам?

— Графічны дызайн вельмі блізкі да графікі. Але сам дызайн звязаны з праектаваннем і праектнай дзейнасцю, бо паходзіць ён ад прамысловага дызайну, а потым ужо ­ўзнікла сувязь з практыкай, прадметнасцю, утылітарнасцю і, безумоўна, мастацтвам. Калі ж гаварыць пра мастацтва як пра эстэтыку ў плакаце, то ў ім ўсё гэта ёсць. Праўда, калі ў жывапіснай або графічнай карціне дастаткова аўтарскага выказвання і мастака не хвалюе, ці зразумеюць яго, то стваральнікі графічнага плаката ў першую чаргу арыентуюцца на спажыўца і гледача, бо плакат заўсёды павінен быць зразумелым.

— А ўвогуле, які ж ён — сучасны беларускі плакат?

— Беларускі плакат — выключна аўтарскі. Тое, што ў нас прадстаўлена, усё больш сацыяльная рэклама. Канечне, вельмі хацелася б, каб нашы дасягненні і напрацоўкі тыражаваліся шырэй на гледача і былі прадстаўлены ў гарадской прасторы і каб такім чынам фарміравалася школа беларускага плаката. Тым больш што ў нас захоўваецца акадэмічны падыход.

— Дарэчы, ваш плакат Deurbanization таксама кла­січны і вывераны.

— Так, мой плакат менавіта вывераны. І я перакананы, педагогу вельмі важна паказаць, што ёсць добра, а што дрэнна. Таму зварот да стаўпоў і традыцый вельмі важны і карысны.

— У цэлым наколькі запатрабаваная і папулярная прафесія дызайнера?

— Прафесія дызайнера, я думаю, актуальнай будзе заўсёды, таму што дызайн звязаны з прадметным светам. Наша прафесія крыху авеяна пэўным рамантызмам, але пры гэтым варта разумець, што дызайнерская справа — гэта тытанічная праца. А таму трэба быць гатовым да фарміравання навакольнага асяроддзя, нават працуючы на паток і заказ.

Дызайн будзе запатрабаваны заўсёды, аднак пытанне аплаты будзе вырашацца зыходзячы з узроўню прафесіяналізму. Таму, каб быць канкурэнтаздольным, трэба працаваць шмат і якасна, і вучыцца сур’ёзна і многа, каб ствараць новае і цікавае.

Сёння праводзіцца шмат конкурсаў, якія дапамагаюць заявіць пра сябе. Але для гэтага трэба працаваць паралельна з навучаннем і напрацоўваць сваё партфоліа пачынаючы з першага дня 1-га курса, а не з 3-га або 4-га.

— А якім быў ваш шлях у прафесію?

— У 2001 годзе я скончыў БДПУ імя Максіма Танка, па спецыяльнасці я педагог-мастак. Потым адвучыўся ў магістратуры, а затым з 2002 па 2019 год выкладаў на кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі, дзе стаў дацэнтам і выконваў абавязкі яе загадчыка. Потым мяне запрасілі на кафедру “Прамысловы дызайн і ўпакоўка” факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ. Такім чынам, выяўленчым мастацтвам я займаюся даволі даўно, а з плакатам шчыльна працую апошніх гадоў пяць і заадно актыўна ­ўдзельнічаю ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, фестывалях па графічным дызайне, у прыватнасці, па плакаце. Да гэтага я шмат займаўся шрыфтавой графікай і каліграфіяй, і мной было выдадзена тры вучэбныя дапаможнікі для сярэдніх спецыяльных, прафесійных і вышэйшых навучальных устаноў: “Шрыфты” — у 2012 годзе і “Шрыфтавая графіка” — у 2014 і 2017 гадах. Я цесна супрацоўнічаў з гуру айчыннай каліграфіі — выдатным педагогам у гэтай галіне П.А.Семчанка.

— Што было самым цікавым з таго, што вы даведаліся ад сваіх педагогаў, і чаму вучыце сваіх студэнтаў зараз?

— Я вучыўся ў вядучага спецыяліста Беларусі па каларыстыцы Л.М.Міронавай, дызайнера М.М.Скварцова, кампазіцыю і ўсе базавыя рэчы выкладаў М.В.Бяляеў, азы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва я спасцігаў з даследчыцай традыцыйнага беларускага роспісу Н.В.Пачынавай. Яны выхоўвалі нас не только на міжнароднай культуры, але і на традыцыйнай, што вельмі важна.

Зараз я працую і ў галіне графічнага дызайну, малюнка і мастацкага праектавання. Студэнтаў заўсёды заклікаю да сур’ёзнай даследчай працы, якой яны будуць займацца самастойна, але пад кіраўніцтвам педагога і пры гэтым арыентавацца на дакладную і правераную інфармацыю. Практычная ж дзей­насць спрыяе фарміраванню асабістых ідэй і спосабаў выказвання свайго стаўлення да свету, а таксама выпрацоўцы тэхнічных навыкаў. Таму што мастак, дызайнер заўсёды нешта паведамляе людзям — атрымліваецца камунікацыя праз прадмет. З аднаго боку, сваё выказванне мы павінны зашыфраваць, напрыклад, у форме плаката, а з другога, мы павінны быць зразумелыя любому гледачу, таму што тут няма ніякага абмежавання.

Самае складанае, з чым сутыкаюцца студэнты, — выпрацоўка ўласнай канцэпцыі і ідэі — што хочацца перадаць гледачу і да якіх дзеянняў заахвоціць яго. Пасля паўстае пытанне, пры дапамозе якіх сродкаў зрабіць гэта. Падчас сваіх лекцый любую інфармацыю стараюся падаваць шырэй — у культуралагічным, мастацтвазнаўчым кантэксце, каб студэнты разумелі, як развіваецца культура, што модна, а што не, на што звяртаць увагу, а што прапускаць. Інтэгратыўны падыход у маёй педагагічнай дзейнасці таксама прысутнічае. Я стараюся прыводзіць прыклады і аналогіі з літаратурай, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. І заўсёды акцэнтую ўвагу навучэнцаў на тым, чаму мы нешта робім і ў якім кантэксце. Таму што па сутнасці дызайнер прадугадвае тое, што будзе актуальным заўтра. А плакат заўсёды адлюстроўвае найбольш хвалюючыя падзеі, што адбываюцца ў свеце. І калі нешта здараецца, то літаральна праз пару дзён дызайнеры пачынаюць выдаваць свае ідэі.

Да таго ж сваім студэнтам заўсёды нагадваю, што персанальнае выказванне аўтара праз плакат павінна быць зразумелым і зада­ваць аптымістычны настрой.

— У такім выпадку не магу не запытацца, а вы сябе кім больш адчуваеце: мастаком, графікам, дызайнерам-плакатыстам або педагогам?

— Напэўна, больш усё ж такі дызайнерам. На выкладанне я гляджу як на штодзённую магчымасць займацца некалькімі праектамі адначасова, бо калі вядзеш групу, трэба маментальна зразумець тое, што хоча той ці іншы студэнт сказаць сваёй працай, і даць яму нейкую параду. Гэта заўсёды трымае ў тонусе. Да таго ж выкладаць і пры гэтым самому не працаваць у гэтай галіне — проста немагчыма.

Педагогіка — гэта заўсёды зносіны ў галіне мастацтва і камунікацыя. Я імкнуся выбудоўваць вучэбны працэс са студэнтамі даволі пластычна і свабодна, па магчымасці — як творчую майстэрню. З навучэнцамі ў нас атрымліваецца сумесная творчасць, таму што мы разам абмяркоўваем ідэі і спосабы іх увасаблення. А таксама мы заўсёды адзін у аднаго вучымся — адбываюцца двухбаковы рост і развіццё як іх, так і маё, і гэта парадыгма адукацыі.

А плакат у маім жыцці — гэта спосаб выяўляць сябе, выказаць свае думкі адносна пэўнай праблемы, з’явы, падзеі. Плакат — гэта творчы акт, які прыносіць радасць, гэта магчымасць адысці ад бытавых праблем, гэта спосаб самапазнання, бо калі мы займаемся творчасцю, то зазіраем унутр сябе і задаёмся пытаннем: а што ты можаш сказаць з гэтай нагоды?

— Павел Анатольевіч, дзякуй за размову. Жадаю цікаўных і ўдзячных студэнтаў, а таксама новых перамог і творчых здзяйсненняў!

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Паўла КАШЭЎСКАГА.