Пазітыўны зарад і задавальненне ад урока

- 11:17Якасць адукацыі

На Міжнародным конкурсе педагагічнага майстэрства “Хрустальная чарніліца. Чэхаўскі ўрок” 3-е месца занялі педагогі сярэдняй школы № 70 імя Л.Н.Гурцьева Мінска: настаўніца рускай мовы і літаратуры Яўгенія Юр’еўна ЛАГУНОЎСКАЯ і настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Фёдар Аляксандравіч ПРОШКІН. Прычым цікава тое, што Фёдар Аляксандравіч аказаўся адзіным настаўнікам-гісторыкам на спаборніцтвах для філолагаў. Аб перыпетыях конкурсу, асаблівасцях яго правядзення і следзе, які ён пакінуў у сэрцы удзельнікаў, наш карэспандэнт гутарыць з яго прызёрамі.

— Як атрымалася, што вы сталі ўдзельнікамі конкурсу “Хрустальная чарніліца. Чэхаўскі ўрок”? Гэта ваш першы вопыт удзелу ў падобных спаборніцтвах?
Я.Ю.Лагуноўская. У нашай школе павышаная ўвага ўдзяляецца міжнароднаму супрацоўніцтву. Мы праводзім дзіцячыя і маладзёжныя форумы, разам з дзецьмі выязджаем за мяжу, прымаем у сябе гасцей, дзелімся вопытам. У нас наладжаны дастаткова цесныя сувязі з арганізатарамі конкурсу педагагічнага майстэрства, у прыватнасці з фондам “Рускі свет”, пад эгідай якога і праходзілі спаборніцтвы. І калі мы даведаліся аб конкурсе, то вырашылі ў ім паўдзельнічаць. Тым больш што для мяне гэта не першы вопыт уд зелу ў падобных спаборніцтвах. Да гэтага быў раённы конкурс “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, на якім я заняла 2-е месца. Падчас вучобы ва ўніверсітэце таксама неаднойчы прымала ўдзел у конкурсах. У выніку мы прайшлі адбор у раёне і нам давялося прадстаўляць нашу краіну на міжнароднай арэне.

— Якія конкурсныя выпрабаванні вам трэба было пераадолець? Што вам падалося асабліва складаным?
Я.Ю.Лагуноўская. На першым завочным этапе конкурсу нам неабходна было прадставіць распрацоўку ўрока ці пазакласнага мерапрыемства, прысвечанага жыццю і творчасці А.П.Чэхава, працягласцю не больш за 45 хвілін. На другім этапе ад нас патрабавалася правесці гэты ўрок, зрабіць яго самааналіз і прадставіць самапрэзентацыю (відэавізітоўку). Першапачаткова ў рэгламенце было і тэсціраванне па пытаннях жыцця і творчасці А.П.Чэхава, аднак у апошні момант яно было адменена.
Самым складаным на конкурсе для мяне было захаванне рэгламенту: па сутнасці, нам неабходна было за 20 хвілін прадэманстраваць закончаны фрагмент урока. З аднаго боку, важна было паказаць актыўную работу дзяцей, з другога боку, паказаць сябе, узаемадзеянне паміж намі, педагогамі, і прымяніць максімальную колькасць цікавых метадаў.
Ф.А.Прошкін. Самым складаным было тое, што працаваць неабходна было з новым класам і незнаёмымі дзецьмі. Вельмі важна наладзіць з імі кантакт, знайсці хімію ўзаемадзеяння і крыху расшавяліць навучэнцаў. Дзякуючы вопыту, набытаму ў міжнародных лагерах, з гэтым, праўда, праблем не ўзнікла. Напачатку для знаёмства і згуртавання калектыву мы прымянілі псіхалагічныя гульні. Акрамя таго, мы былі самымі маладымі ўдзельнікамі, а побач — вопытныя майстры з дастаткова вялікім стажам работы. І гэта таксама дадавала хвалявання.

Яўгенія Юр’еўна ЛАГУНОЎСКАЯ, настаўніца рускай мовы і літаратуры
Яшчэ ў школе Яўгенія, дзякуючы свайму настаўніку, а зараз дырэктару сярэдняй школы № 70 Я.В.Рудавай, захапілася рускай мовай і літаратурай. Будучы студэнткай філалагічнага факультэта БДУ, дзяўчына прыйшла працаваць у родную школу педагогам дадатковай адукацыі — праводзіла факультатыўныя заняткі па падрыхтоўцы дзяцей да цэнтралізаванага тэсціравання. Ужо другі год настаўніца выкладае рускую мову і літаратуру ў старшых класах.
Малады педагог імкнецца знайсці з дзецьмі ўдалы баланс: быць для іх сябрам і ў той жа час захаваць субардынацыю. “Хачу, каб у вучняў ад школы засталіся прыемныя ўражанні, каб ім было цікава тут і каб яны выходзілі з яе не проста падрыхтаванымі да жыцця, а валодалі пэўнымі жыццёвымі кампетэнцыямі, — адзначае Я.Ю.Лагуноўская. — Імануіл Кант сказаў: “Не думкам трэба навучыць, а думаць”. Я хачу навучыць дзяцей думаць, каб яны маглі зайсці ў інтэрнэт, знайсці патрэбную інфармацыю, асэнсаваць яе і выкарыстаць, каб яны маглі прыйсці ў кніжны магазін і зразумець, якую літаратуру трэба чытаць, а якую — не”.
На сваіх уроках настаўніца актыўна выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Для работы задзейнічаны і сацыяльныя сеткі, дзе Я.Ю.Лагуноўская размяшчае літаратурныя віктарыны, творчыя заданні, фільмы, якія можна праглядзець і напісаць рэцэнзіі на іх, тэксты літаратурных твораў, аўдыякнігі.
Каб прыцягнуць дзяцей да чытання мастацкай літаратуры, настаўніца выкарыстоўвае самыя розныя метады і прыёмы работы. Праграмныя творы аналізуюцца з прывязкай да сучаснай літаратуры. Вучням прапануецца прыносіць водзывы, рэцэнзіі на творы. Паколькі сённяшнія дзеці ў большасці сваёй візуалы, педагог прапануе ім для прагляду кінафільмы. Напрыклад, каб прыцягнуць школьнікаў прачытаць баладу В.Жукоўскага “Святлана”, Яўгенія Юр’еўна прадставіла фрагмент сучаснага серыяла, дзе праз яркі візуальны рад цытуецца верш У.Блэйка.
А яшчэ настаўніца рыхтуе вучняў да алімпіяд, конкурсаў. І небеспаспяхова. На Міжнародным этнакультурным фестывалі ў Маскве яе вучаніца дзесяцікласніца Аліна Федарышына заняла 2-е месца. Акрамя таго, педагог займаецца з дзецьмі навукова-даследчай дзейнасцю. У найбліжэйшы час навучэнкі 11 класа Вераніка Істамянок і Хрысціна Міхалькевіч прадставяць сваю работу “Моўныя сродкі стварэння вобраза вампіра” па лінгвістыцы і лексікалогіі.

— Раскажыце, калі ласка, які ўрок вы прадставілі на суд журы?
Я.Ю.Лагуноўская. Мы вырашылі распрацаваць і правесці інтэграваны ўрок у 10 класе. Гэта абумоўлена тым, што мы з Фёдарам Аляксандравічам выкладаем у адных і тых жа класах, неаднойчы былі важатымі на маладзёжных форумах, дзе, па сутнасці, і спрацаваліся. Ды і інтэграваных урокаў на конкурсе не праводзіў ніхто. Мы аказаліся адзінымі яго ўдзельнікамі, якія працавалі ўдваіх, чым і здзівілі журы.
Першапачаткова шукалі такую тэму, якая б не была банальнай і дзе б маглі ўдала ўзаемадзейнічаць. Мы думалі, што будзе прадстаўлена шмат урокаў па “Вішнёвым садзе”, таму спыніліся на тэме “Праблема футлярнага існавання чалавека на прыкладзе апавядання А.П.Чэхава “Чалавек у футляры”. Гэта быў інтэграваны ўрок рускай літаратуры і грамадазнаўства. Грунтуючыся на літаратурным творы, мы закраналі тэмы, якія тычацца гісторыі, адносін у сучасным свеце. Разам з дзецьмі паспрабавалі вызначыць, ці ёсць зараз “людзі ў футляры” і што можа ў сучаснасці служыць футлярам. Мы разважалі аб праблеме футлярнай свядомасці, і была выказана гіпотэза, што яшчэ адным спосабам абмежавання ад навакольнага свету становяцца сацыяльныя сеткі. Вучні добра ўсведамляюць, што залішняя захопленасць сацыяльнымі сеткамі згубная, перашкаджае ўзаемадзеянню паміж сабой. Гэтая тэма блізкая сучасным дзецям. Пасля ўрока вучні выказвалі думкі, што сацыяльныя сеткі — зло, трэба перастаць імі карыстацца, гэта сродак сувязі, але можна жыць без іх. Дзеці неяк жорстка адносяцца да тэхналогій, добра разумеючы, што гэта не заўсёды добра. Такім чынам, аказваецца, не ўсё так сумна. І гэта вельмі прыемна.
Нашай фішкай на пачатку ўрока было праблемнае пытанне. Вучням мы спачатку паказалі скрыпку ў футляры і паведамілі, што яна так ці інакш звязана з тэмай урока. Напрыканцы ўрока дзеці самі патлумачылі гэтую сувязь. Яны адзначылі, што скрыпка — гэта ўнутраны свет чалавека, пакуль яна ў футляры, яе ніхто не бачыць. Скрыпка зайграе толькі тады, калі яе дастане з футляра і возьме ў рукі прафесіянал. Тут было крыху псіхалогіі, крыху філалогіі, крыху грамадазнаўства.

Фёдар Аляксандравіч ПРОШКІН, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
Фёдар Аляксандравіч закончыў гістарычны факультэт БДУ, вучыцца ў аспірантуры і ўжо трэці год працуе ў школе. Як прызнаецца настаўнік, у педагогіку прыйшоў выпадкова: яшчэ будучы студэнтам 5 курса, адну чвэрць замяняў сваю знаёмую. Работа з дзецьмі вельмі захапіла.
— Што тычыцца ўзаемадзеяння з навучэнцамі, то гэта жывыя эмоцыі, зразумела, як станоўчыя, так і адмоўныя, гэта сілкаванне, якое дазваляе расці, развівацца, знаходзіць штосьці новае, гэта неперадавальны словамі вопыт. Я атрымліваю задавальненне ад кожнага пражытага моманту з дзецьмі і імкнуся, каб і яны атрымлівалі добрыя эмоцыі не толькі ад вучэбнай дзейнасці, але і ад зносін са мной, таварышамі, — адзначае Ф.А.Прошкін.
Настаўнік не ставіць перад сабой задачу навучыць дзяцей ведаць усе даты, паняцці і імёны, а важным лічыць навучыць іх думаць, аналізаваць, устанаўліваць пэўныя прычынна-выніковыя сувязі, бо гэта ім спатрэбіцца ў жыцці: любы ўчынак мае прычыну, сутнасць, наступствы. “Хачу, каб яны навучыліся ўзаемадзейнічаць як адно з адным, так і з дарослымі. Важна сфарміраваць у іх камунікатыўную культуру”, — дадае Фёдар Аляксандравіч.
На думку педагога, урокі павінны быць цікавымі, у пэўнай ступені вясёлымі, эмацыянальнымі. Таму Фёдар Аляксандравіч імкнецца будаваць з навучэнцамі максімальна даверлівыя адносіны, каб яны маглі звярнуцца да яго з пытаннямі, чымсьці падзяліцца, параіцца, стварае псіхалагічна камфортную атмасферу. Ён падбірае запамінальны матэрыял, цікавыя факты. У арсенале педагога праблемнае навучанне, тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Школьнікам заўсёды даецца магчымасць выказацца, нават калі гэта ідзе не на карысць вучэбнаму часу.
Настаўнік шчодры на адзнакі. Найвышэйшы бал у яго можна атрымаць за выкананне творчага задання, якое выбіраецца вучнем з шэрага прапанаваных. У якасці дамашняга задання Фёдар Аляксандравіч прапануе школьнікам рознаўзроўневыя заданні: напрыклад, на “6” — скласці пытанні да параграфа, на “7—8” — стварыць крыжаванку, на “9—10” — выканаць творчае заданне. Актыўна выкарыстоўваецца напісанне сачыненняў на самыя розныя тэмы. Так, навучэнцам прапануецца напісаць ад асобы князя ліст наконт таго, як бы яны кіравалі дзяржавай. Задача педагога — атрымаць эмацыянальны водгук вучня на прачытанае і пачутае.
У практыку работы Ф.А.Прошкін плануе ўключыць інтэграваныя ўрокі. Тым больш што першая спроба правядзення такіх урокаў аказалася ўдалай.

Ф.А.Прошкін. Нам вельмі спадабаліся дзеці, у якіх мы праводзілі ўрок. Гэта былі навучэнцы сярэдняй школы № 61 Першамайскага раёна. Яшчэ да ўрока нам давялося пачуць, што яны дастаткова маўклівыя, не вельмі любяць узаемадзейнічаць і выказваць свае думкі. Але яны на самай справе малайцы! Іх думкі былі глыбокімі, закраналі праблемы асобы, грамадства. Часам іх разважанні даводзілася перапыняць у сувязі з абмежаваным рэгламентам. Дзеці часам выказвалі такія ідэі, якія не нараджаліся ў нас у працэсе падрыхтоўкі да ўрока. Навучэнцы выказалі думку, што скрыпка зайграе толькі пры ўздзеянні іншага чалавека. Тут яскрава гучыць тэма міжасобаснага ўзаемадзеяння. Акрамя таго, мне як гісторыку было прыемна слухаць іх гістарычныя разважанні. І ідэю пра тое, што 150 гадоў назад было створана апавяданне А.П.Чэхава, але ў плане адносін паміж людзьмі, у плане адносін да навакольнага свету нічога не змянілася, і людзі засталіся такімі ж, як і былі, за выключэннем нейкіх знешніх фактараў, якія ўплываюць на нас.
Што тычыцца мэт урока, то яны былі дасягнуты. Сваім урокам мы засталіся задаволены. Адзінае, што сапраўды хвалявала, з-за недахопу часу вучні не маглі нармальна паразважаць, не магла завязацца сапраўдная дыскусія. І некаторыя члены журы гэта заўважылі.
Як адзначыў адзін з членаў журы, у нас атрымаўся не ўрок, а шоу. Аднак любы ўрок крыху шоу, а любы настаўнік — крыху акцёр, артыст, вядучы, мадэратар, каардынатар. Мы імкнуліся ўзаемадзейнічаць з навучэнцамі на высокім эмацыянальным пад’ёме, што ў многім дало пазітыўны зарад, задавальненне ад урока і нам, і дзецям.

— Што даў вам гэты конкурс?
Ф.А.Прошкін. Такія конкурсы, несумненна, патрэбны. Гэта і зносіны з калегамі з іншых краін, і наладжванне кантактаў, і абмен вопытам. Мы маглі паглядзець на прадстаўнікоў розных культур, на іх манеру правядзення ўрокаў, штосьці запазычыць у іх. Усе канкурсанты былі розныя. У прадстаўніцы Грузіі ўрок быў пабудаваны на імправізацыі і эмоцыях, у педагога з Данецка, які стаў пераможцам, урок быў метадычна вывераны, у калегі з Італіі, якая падзяліла з намі 3-е месца, можна было павучыцца ўзаемадзеянню з малышамі.
Акрамя таго, мы як пераможцы конкурсу пабывалі ва Уладзіміры на ІІ Міжнародным педагагічным форуме, а потым у Суздалі на ІХ Асамблеі рускага свету “Вечныя каштоўнасці рускай літаратуры”. Для нас гэта была цудоўная магчымасць паўзаемадзейнічаць з калегамі з 70 краін свету. Гэта было сапраўды здорава!

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.