Пазітыўныя мінусы

- 12:53Сацыяльны ракурс

Яшчэ вясной на адной з прэс-­канферэнцый я пачула, што з­-за сітуацыі з каранавірусам, закрыцця меж у краіну трапляе менш наркотыкаў. Ну што ж, хоць такі плюс дае сітуацыя, што склалася. Але справа, безумоўна, не толькі ў гэтым, бо значную ролю адыгрывае і прафілактыка. Вынікі за 9 месяцаў бягучага года такія: у Рэспубліцы Беларусь захавалася дынаміка зніжэння нарказлачынстваў, якія рэгіструюцца. Работа па лячэнні і сацыяльнай рэабілітацыі нарказалежных таксама дае свой плён.

Прыметнае зніжэнне

Статыстыка за мінулы перыяд года (даныя за 9 месяцаў) радуе: амаль адны мінусы. Усяго ў студзені — верасні 2020 года выяўлена больш за 2,7 тысячы злачынстваў, звязаных з наркотыкамі (-24,3%), каля паловы якіх тычацца збыту. Нарказлачынстваў, якія ­здзейснены з удзелам падлеткаў, выяўлена менш аж на 72%. Працягваецца тэндэнцыя апошніх гадоў па зніжэнні такіх злачынстваў, што здзяйсняюць раней судзімыя асобы (-23,8%).

Акрамя таго, за названы перыяд аказаліся ў мінусе 1 падпольная лабараторыя і 46 памяшканняў, прызначаных і абсталяваных для вырошчвання наркаўтрымліваючых раслін, чыя “работа” спынена. Узбу­джаны 23 крымінальныя справы за ўтрыманне наркапрытонаў. Міністэрства інфармацыі атрымала паведамленне аб неабходнасці абмежавання доступу да 449 сайтаў, якія змяшча­юць матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў, спынена дзейнасць 10 інтэрнэт-магазінаў.

Варта дадаць, што ўпаўнаважаныя органы канфіскавалі з незаконнага абароту 330 кг насваю, выпісалі штрафаў на больш чым 30 тысяч рублёў, складзена 379 адміністратыўных пратаколаў, у 16 выпадках прымяняўся адміністратыўны арышт. За правапарушэнні, прадугледжаныя часткамі 4—6 артыкула 17.3 Кодэкса аб адміністратыўнай адказнасці, складзена 298 пратаколаў. Узбуджана 10 крымінальных спраў за паўторнае на працягу года злоўжыванне наркотыкамі ў грамадскім месцы або знахо­джанне на рабоце ў стане наркатычнага ап’янення.

Ёсць, праўда, сярод гэтых пазітыўных мінусаў і негатыўны плюс — вырасла агульная колькасць атручэнняў псіхаактыўнымі сродкамі, але перадазіровак сярод непаўналетніх не адбылося. З 2014 года лятальных канцоў ад перадазіроўкі сярод падлеткаў наогул не было.

Канечне, важную ролю ва ўстанаўленні такой дынамікі адыгрывае ліквідаванне крыніц распаўсюджвання наркотыкаў. Але некалькі апошніх ­гадоў, і гэта пацвярджаюць спецыялісты, сталі пераломнымі ў прафілактыцы наркаманіі: сумеснымі намаганнямі розных ведамстваў і грамадскіх арганізацый удалося выпраца­ваць пэўныя метады і падыходы, якія даюць плён. Акрамя лічбаў, якія прыведзены вышэй, гэты тэзіс можна пацвердзіць і іншымі данымі.

Так, колькасць нарказлачынстваў, якія здзейснілі падлеткі, з 2015 года скарацілася ў 11 разоў, колькасць непаўналетніх, якія прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, — у 10,5 разу. Сёлета такіх злачын­стваў выяўлена 36. Зараз асноўны кантынгент асоб, якія ўцягваюцца ў наркаабарот, — гэта людзі ад 25 да 35 гадоў.

І прапанаванне, і попыт на наркотыкі, як сцвярджаюць спецыялісты, пастаянна зніжаюцца. Магчыма, гэта звязана і з тым, што з пачатку года цэны на наркотыкі выраслі на 20—30%, што, несумненна, у многім звязана з закрыццём меж з-за эпідэмічнай сітуацыі.

Нягледзячы на сітуацыю з закрыццём многімі краінамі меж з-за каранавіруса, яшчэ ў пачатку года асноўнай крыніцай паступлення наркотыкаў на ўнутраны рынак Беларусі былі іх нелегальныя пастаўкі з-за мяжы. За 9 месяцаў выяўлены і ліквідаваны 22 такія каналы паставак наркотыкаў (вектар усё той жа — расійскі), а таксама іх транзітных перавозак. Выяўлены 51 факт перасылкі наркаўтрымліваючых рэчываў у паштовых адпраўленнях з Германіі, ЗША, Ізраіля, Украіны.

Па звестках дзяржаўнай статыстыкі (першапачатковых экспертыз), у бягучым годзе канфіскавана больш за 80 кг наркатычных сродкаў і 20 кг псіхатропных рэчываў.

Так званыя закладкі таксама сталі значна меншымі (па 0,3 г), мяняецца і “асартымент” — з сярэдзіны 2019 года часцей сустракаюцца метадон і гераін, адпаведна павялічылася колькасць лятальных канцоў сярод дарослых.

Канечне, праблемай застаецца латэнтная (схаваная) наркаманія. Зараз праводзіцца маштабнае даследаванне на гэтую тэму і, магчыма, ужо ў снежні будуць агучаны яго вынікі. Галоўнае, безумоўна, каб зробленыя вывады прывялі да прыняцця мер, у першую чаргу заканадаўчых, якія дапамогуць зрабіць праблему наркаманіі менш латэнтнай. Думаецца, што вельмі важнае імкненне не столькі жорстка пака­раць, колькі дапамагчы тым, хто злоўжывае наркотыкамі, хто трапіў у такую сітуацыю ўпершыню.

Папярэджванне на першым месцы

Што да зніжэння попыту, то тут, зразумела, важная роля адводзіцца не столькі органам пакарання, колькі арганізацыям сферы адукацыі, аховы здароўя, грамадскім аб’яднанням, а дакладней, іх сумеснай рабоце. Важна ўсведамляць, што ўстойлівыя вынікі звычайна прыносяць доўгатэрміновыя праекты — простымі гутаркамі і лекцыямі тут не абысціся. Таму было вырашана ва ўсіх рэгіёнах стварыць антынаркатычныя пляцоўкі. Такая пляцоўка створана ў Брэсце (і тут ужо ёсць даныя па зніжэнні колькасці падлеткаў, што трапляюць пад увагу з-за спрабавання наркатычных рэчываў), у Віцебску адкрыты кабінет прафілактыкі. Калі штосьці падобнае будзе створана ў іншых рэгіёнах, сказаць цяжка, усё залежыць ад фінансавання.

Гродзенская і Гомельская вобласці, тым не менш, зараз актыўна супрацоўнічаюць з МНС па стварэнні прафілактычных пляцовак. У ідэале такія пляцоўкі павінны быць укамплектаваны мультымедыйным абсталяваннем, каб паказваць дзецям, як трэба сябе паво­дзіць, каб не аказацца ўцягнутымі ў наркаспажыванне, як наркотыкі ўплываюць на здароўе (у тым ліку праз паказ муляжоў пашкоджаных унутраных органаў). Тут праводзяць лекцыі, гутаркі ўрачы і псіхолагі. Ствараюцца такія пляцоўкі, як правіла, на базе медыцынскіх устаноў.

Задзейнічаны і інтэрнэт — сайты, сацыяльныя сеткі. Праекты pоmogut.by і kids pomogut.by ўкараняюцца ў адукацыйны працэс. Другі з названых рэсурсаў прапаноўвае матэрыялы, якімі могуць карыстацца як педагогі, так і бацькі і самі падлеткі.

У структуры РНПЦ псіхічнага здароўя дзейнічае Рэспубліканскі цэнтр наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі. Ён адсочвае наркалагічную сітуа­цыю па розных крытэрыях, а таксама маніторыць рэалізацыю дзяржаўных праграм і антынаркатычных планаў. Аналіз дазваляе спецыялістам рабіць вывад аб тым, што прафілактыка і ў далейшым павінна заставацца сістэмнай, насіць міждысцыплінарны і міжведамасны характар, захоўваючы дыферэнцыраваны падыход да розных груп насельніцтва.

Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што неабходна выбудоўваць прафілактыку і іншую работу як для насельніцтва ў цэлым, так і асобна для тых, хто спрабуе наркатычныя рэчывы, хто ўжо з’яўляецца актыўным спажыўцом, і асобна для тых, хто завяршыў курс лячэння. І канечне, прафілактыка павінна быць накіравана на выяўленне і ліквідацыю прычын і ўмоў, якія абумоўліваюць уцягненне людзей у спрабаванне і злоўжыванне наркотыкамі.

Пачынаць такую работу важна з дзецьмі і падлеткамі, бо, па даных спецыялістаў, непаўналетнія пачынаюць спрабаваць наркотыкі ў 12—15 гадоў, што, канечне, надзвычай небяспечна. У нашай краіне, дарэчы, сёння на прафілактычным уліку знаходзіцца зусім няшмат падлеткаў, якія злоўжываюць наркотыкамі, — літаральна адзінкі, наркаўжыванне сярод непаўналетніх зніжаецца.

Нярэдка ўзнікаюць пытанні і наконт таго, ці выклікаюць залежнасць напіткі-энергетыкі. Дык вось, медыкі лічаць, што залежнасці ад іх ужывання не ўзнікае, але разам з тым важна разумець, што яны выклікаюць індывідуальную рэакцыю і для кагосьці энергетычныя напіткі могуць быць небяспечнымі. Ужыванне энергетыкаў непаўналетнімі трывожыць, бо яны могуць выклікаць у падлеткаў жаданне паспрабаваць больш моцныя стымулятары, псіхаактыўныя рэчывы. Тым, хто працуе з непаўналетнімі, неабходна мець гэта на ўвазе.

Дапамагчы, вярнуць да жыцця

Калі гаварыць пра другасную прафілактыку, то, канечне, адразу прыгадваецца сумесны праект па рабоце эксперыментальнага аддзялення рэабілітацыі ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Яно пачало дзейнічаць, але часова прыпыніла сваю работу з-за каранавіруса, усяго ж эсперымент разлічаны на паўтара года. Тым не менш спецыялісты лічаць работу аддзялення эфектыўнай — той час, што яно дзейнічала, рэабілітацыю прайшлі 32 залежныя, 5 чалавек былі працаўладкаваны. Некаторыя пацыенты, праўда, не скончылі рэабілітацыю, напрыклад, з-за таго, што выехалі за мяжу. Лічба ж працаўладкаваных не такая маленькая, як можа здацца. У нашых умовах для гэтай катэгорыі людзей паказчык зусім нядрэнны — работу знайшлі практычна для кожнага шостага. Сетку такіх аддзяленняў плануецца развіваць для кожнага рэгіёна краіны.

У Беларусі дзейнічае і такая ініцыятыва, як інфармацыйная стратэгія па прафілактыцы наркаманіі. Вырашэнне праблемы патрабуе розных дзеянняў і шмат сіл, але вынікі ёсць.

Па даных Міністэрства аховы здароўя, колькасць асоб, якія знаходзяцца пад дыспансерным назіраннем з-за нарказалежнасці, скарачаецца на дзясяткі і сотні людзей у год. Зараз у дыспансерах на ўліку прыкладна 13 тысяч чалавек, што на некалькі соцень менш, чым за 9 месяцаў мінулага года. Мяняюцца і падыходы да рэабілітацыі нарказалежных, што асабліва выразна выявілася падчас работы эксперыментальнага рэабілітацыйнага цэнтра. Вось што на гэты конт гаворыць галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Валер’евіч Хаджаеў:

— Сёння мы вельмі індывідуальна падыходзім да пацыентаў, якія звяртаюцца да нас. Раней гэта ўсё ж такі было крыху па-іншаму. І гэты індывідуаль­ны падыход адносіцца як да медыцынскага складніка, так і да сацыяльнай падтрымкі. Мы стараемся вызначыць, што чалавеку патрэбна, зыходзім з таго, што гэта наша сумесная праца — як урача, супрацоўніка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, так і самаго пацыента. Рэабілітацыйная праграма, якая выкарыстоўваецца ў нашым цэнтры, зарэкамендавала сябе ў розных краінах. Нідзе ў свеце не існуе чароўнай таблеткі, прыняўшы якую чалавек з наркатычнай залежнасцю мог бы імгненна ад яе пазбавіцца. І мы шукаем тыя доўгія шляхі, якія дапамагаюць гэтаму чалавеку спраўляцца з праблемай.

Усяго ў Беларусі зараз разгорнута 270 стацыянарных наркалагічных ложкаў, стацыянарныя аддзяленні для рэабілітацыі нарказалежных арганізаваны на базе ўсіх абласных цэнтраў псіхіятрыі і наркалогіі, наркадыспансераў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых