Пазнай Беларусь. Пазнай Кітай

- 10:54Адукацыйная прастора

9 ліпеня ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбылася культурна-адукацыйная сустрэча беларускіх і кітайскіх школьнікаў. Мерапрыемства прайшло ў рамках правядзення года адукацыі Беларусі ў Кітаі.

Удзельнікі міжнароднай сустрэчы цікава правялі вольны час, наведалі экспазіцыі “Спадчына Беларусі”, “Шмат­аблічны Кітай”. Таксама для іх працавала фотазона “Я люблю Беларусь”. Дзеці з Кітая адказвалі на пытанні пра Беларусь, у той час як юныя беларусы адказвалі на такія ж, толькі пра Кітай — у рамках медыяквеста “Пазнай Беларусь. Пазнай Кітай”.  Акрамя таго, усе хлопчыкі і дзяўчынкі прымалі ўдзе­л у майстар-класах па вырабе беларускіх традыцыйных лялек, упрыгажэнняў з фаамірану, паштовак у тэхніцы скрапбукінг.

У рамках мерапрыемства госці з Паднябеснай знаёміліся з сістэмай адукацыі цэнтральнага рэгіёна Беларусі, гутарылі ў нефармальнай абстаноўцы са школьнікамі з Беларусі і вывучалі культуру нашай краіны. Таксама на памяць аб гэтай падзеі кожнаму госцю быў падораны сувенір: васілёк — сімвал Рэспублікі Беларусь. Маленькія сябры з Кітая былі вельмі рады гэтаму падарунку.

“Гэта вельмі значная падзея для Мінскай вобласці і для ўсёй педагагічнай грамадскасці, мы пашыраем адукацыйную прастору. Сюды, у Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, прыехалі навучэнцы з Паднябеснай, тыя, хто захапляецца музыкай, харэаграфіяй, тыя, хто з нецярпеннем чакаў сустрэчы з беларускімі школьнікамі, якія ў гэтую пятніцу адправяцца ў Кітайскую Народную Рэспубліку. І гэта правільна, гэта важна, бо дзеці аб’ядноўваюць усіх і ўсё. Навучэнцы з Маладзечна, Барысава, Смалявіч, Мядзела сёння раскажуць пра беларускую культуру, падзеляцца цудоўнай меладычнай беларускай мовай. Ну а дзеці з Паднябеснай раскажуць пра гісторыю свайго горада”, — расказвае пра мерапрыемства начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч.

Як жа праходзіў адбор для паездкі ў Кітай? Безумоўна, было вельмі важна, каб дзеці маглі ўстанаўліваць кантакты адно з адным, таму ў іншую краіну накіруюцца школьнікі, якія вывучаюць кітайскую мову на ўроках у школе, на факультатыўных занятках. Калі гаварыць шырэй, то сёння больш за тысячу школьнікаў выву­чаюць кітайскую мову ў 11 установах адукацыі рэгіёна. Іх падрыхтоўкай займаюцца педагогі-валанцёры з Кітайскай Народнай Рэспублікі.

“Сёння ў дэлегацыі Мінскай вобласці прадстаўлены 30 чалавек — гэта дзеці, іх бацькі і педагогі. Калі казаць аб дэлегацыі Кітая, то гэта 15 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыехалі са сваімі выкладчыкамі, педагогамі па вакале і бацькамі”, — заўважае Таццяна Валянцінаўна.

Марыя Патапчык, якая скончыла 9 клас гімназіі Смалявіч, з усмешкай на твары расказвае пра тое, што яна і яе сябры падрыхтавалі для кітайскіх дзяцей: “Мы прымаем дзяцей з Кітая, якія прыехалі пазнаёміцца з нашай краінай, яе культурай і традыцыямі. Мы ж будзем на іх месцы, калі самі накіруемся ў Кітай 12 ліпеня. Хочацца ўжо туды паехаць, каб хутчэй убачыць гэтую дзівосную краіну, наладзіць узаемаадносіны з іншым народам. Я чакаю вельмі многага ад паездкі, таму што гэта іншая краіна, іншая мова, новыя эмоцыі і забаўныя сітуацыі. Мы едзем на 10 дзён, падарожжа будзе складацца з пераезду паміж трыма гарадамі Кітайскай Народнай Рэспублікі: Пекін, Харбін, Далянь”.

“Я вельмі рада таму, што палячу ў Кітай, бо гэта, несумненна, велізарная магчы­масць лепш вывучыць мову! — дзеліцца эмоцыямі Ясенія Вайткевіч, вучаніца 9 класа гімназіі Смалявіч. — Мае бацькі паставіліся да гэтай навіны станоўча, яны былі вельмі рады таму, што я палячу ў Кітай. Сёння мы прадстаўляем нашу краіну, паказваем нашу культуру, асабіста я расказваю верш “Калі ласка” Петруся Броўкі. Спадзяюся, што дзецям спадабаецца!”

21 школьнік Мінскай вобласці адправіцца з візітам у адказ у Кітай для ўдзелу ў летнім лагеры, які арганізоўваецца для беларускіх дзяцей з 13 па 22 ліпеня. Дзеці, безумоўна, у захапленні, яны ўжо сабралі рэчы і, можна сказаць, цалкам гатовы да візіту дружбы.

Лізавета КАСТЭНКА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.