“Пазнай Кобрын” — унікальная з’ява для нашай краіны. Падобнага праекта, прысвечанага асобнаму раёну, у Беларусі пакуль няма.
Адметна, што праект створаны настаўнікамі і вучнямі сярэдняй школы № 6 Кобрына без усялякай матэрыяльнай і інфармацыйнай падтрымкі. Усё прыйшлося рабіць самім — ад стварэння да прасоўвання. Праект адказвае на пытанне, як можна прапагандаваць турыстычную прывабнасць рэгіёнаў.
Аўтары праекта прытрымліваюцца гістарычнай праўды, расказваюць пра тыя старонкі мінулага, якія нельга забываць і на якіх трэба выхоўваць маладое пакаленне.
Ён змяшчае шэраг віртуальных маршрутаў па горадзе. Загрузіўшы яго мабільную версію, пры знаёмстве з горадам можна абыходзіцца без экскурсавода, тым больш што такіх спецыялістаў у Кобрыне няшмат. Можна наведваць віртуальна і гарадскія музеі, што асабліва актуальна ў практыцы інклюзіўнай адукацыі.
У рабоце над праектам выкарыстоўваліся пажаданні супрацоўнікаў Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава, мясцовых краязнаўцаў і настаўнікаў раёна. Навучэнцы і жыхары горада атрымалі магчымасць вывучаць гісторыю Кобрыншчыны са смартфонам у руках. Распрацаваная платформа дазваляе ствараць такія праекты і для іншых населеных пунктаў. Ці возьмецца хто за гэта?
Адыходзяць пакаленні. Адыходзяць апошнія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Адышлі навекі многія прафесіі, абрады, звычаі, традыцыі. Забыты многія песні… Многае ўжо не вярнуць. Хто азнаёміць моладзь са страчанай спадчынай? Нельга страціць сувязь пакаленняў, сувязь часоў.
Праект дае магчымасць школьнікам, студэнтам, людзям усіх пакаленняў паглыбіцца ў свет культурна-гістарычнай спадчыны Кобрыншчыны. Дзякуючы ўстанаўленню цесных сувязей з Кобрынскім ваенна-гістарычным музеем імя А.В.Суворава, аддзелам культуры Кобрынскага райвыканкама, раённай бібліятэкай, мясцовымі краязнаўцамі, праект не толькі стаў своеасаблівай энцыклапедыяй і візітоўкай Кобрыншчыны, але і з’яўляецца крыніцай інфармацыі для правядзення мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці, краязнаўчай работы, класных і інфармацыйных гадзін ва ўстановах адукацыі.
На старонках газет друкуюцца многія матэрыялы праекта. Асабліва папулярныя артыкулы, прысвечаныя творчасці А.Мартынава і праваслаўнай гісторыі Кобрыншчыны. З дапамогай праекта ўдалося вярнуць слаўныя імёны свяшчэннамучанікаў зямлі Кобрынскай — айца Антонія Катовіча і протаіерэя Мікалая Пісканоўскага, архітэктара Сямёна Сідарчука, геніяльнага матэматыка Оскара Зарыскага…
Прыйшоў час актывізаваць работу па выхаванні падрастаючага пакалення не толькі ў школе і сям’і. Выдатна было б распрацаваць адзіную дзяржаўную зручную платформу, якую, падобна школьным сайтам, маглі б напаўняць зместам у рэгіёнах. Кіраўніцтву раёнаў варта садзейнічаць такой рабоце. Для размяшчэння ўсіх гэтых парталаў неабходна знайсці месца на добрых серверах і абсалютна бясплатна.
У праекта шмат падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Іх колькасць перавысіла палову мільёна! Артыкул аб праекце “Пазнай Кобрын” з’явіўся і на Вікіпедыі.
Жыццё паказвае важнасць патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. А любоў да сваёй краіны пачынаецца з любові да малой радзімы. І не выкарыстоўваць нашу багатую спадчыну, традыцыі, слаўныя старонкі мінулага проста злачынна. Трэба памятаць, што няма будучыні ў таго народа, які не любіць, не шануе і не памятае сваю гісторыю.
Віктар ЛАГВІНОВІЧ,
настаўнік матэматыкі
сярэдняй школы № 6 Кобрына.





