Пазнанне, інавацыі, вопыт

У гэтыя дні ўсе рыхтуюцца да новага навучальнага года. Школьнікі збіраюць свае партфелі, запаўняючы іх рознымі канцылярскімі прыладамі. Рыхтуюцца і педагогі — яны таксама папаўняюць свае прафесійныя партфелі, толькі не рэчамі, а ведамі, уменнямі, вопытам. На Дзяржыншчыне каторы год запар ладзяцца спецыяльныя кірмашы. Вось і сёлета прайшоў чарговы адкрыты адукацыйны кірмаш сацыяльна-педагагічных інавацый “Пазнанне, інавацыі, вопыт”.

Кірмаш гасцінна прымала сярэдняя школа № 1 Фаніпаля. Сюды завіталі педагогі не толькі з Дзяржынскага раёна, але і з усёй вобласці, а таксама госці з Іванаўскага раёна Брэстчыны. Вітаючы гасцей, Галіна Уладзіміраўна Гапанькова, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама, адзначыла, што такія мерапрыемствы садзейнічаюць развіццю сацыяльнага партнёрства, спрыяюць удасканаленню прафесійных узаемаадносін.

Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з надзвычай багатым вопытам калег — увазе былі прадстаўлены больш за 80 работ, праведзены 15 майстар-класаў. І вопыт гэты надзвычай разнастайны: свае напрацоўкі прадставілі розныя катэгорыі педагагічных работнікаў (кіраўнікі, настаўнікі пачатковых класаў, настаўнікі-прадметнікі, дэфектолагі, выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі). На кірмашы можна было бліжэй пазнаёміцца з работай вядучых устаноў адукацыі вобласці на выставе-прэзентацыі “Складнікі поспеху” ўстаноў — пераможцаў конкурсу “За дасягненне высокіх вынікаў работы ў 2018 годзе”. Акрамя таго, на памяць можна было набыць разнастайныя карысныя вырабы на кірмашы школьных бізнес-кампаній устаноў адукацыі Дзяржынскага раёна. Карыснай для наведвальнікаў была і выстава-продаж друкаванай прадукцыі выдавецтваў.

На кірмашы адбылася стэндавая прэзентацыя аўтарскіх работ педагогаў, дзе кожны мог не толькі даведацца пра цікавыя распрацоўкі і здабыткі, але і задаць пытанні стваральнікам работ. Напрыклад, педагогі Данілавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы прадставілі адразу некалькі праектаў. “Планета дзяцінства твайго” раскрывае зацікаўленасць установы адукацыі ў пазітыўнай сацыялізацыі навучэнцаў праз фарміраванне асноў ландшафтнага дызайну, развіццё творчых здольнасцей, а праект “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу” накіраваны на павышэнне вучэбнай матывацыі. У гэтай рабоце сабраны матэрыял па стварэнні ва ўстанове адукацыі псіхалагічнага клімату, які садзейнічае паспяховаму ажыццяўленню працэсу навучання.

Калегі з гімназіі Дзяржынска падзяліліся вопытам выкарыстання інтэрв’ю ў якасці элемента ўрока і сродку рэалізацыі камунікатыўнага падыходу ў навучанні замежнай мове, а яшчэ прэзентавалі вопыт работы па фарміраванні ў падрастаючага пакалення фінансавай дасведчанасці і прадставілі мадэль сацыяльна-інклюзіўнага праекта “Усім тут рады”. Прадстаўнікі сярэдняй школы № 2 Дзяржынска расказалі пра цьютарскае суправаджэнне прафесійнага самавызначэння вучняў, іх калегі з сярэдняй школы № 4 — пра стварэнне экадружалюбных сем’яў. Зацікавіў удзельнікаў мерапрыемства Scratch-праект “Размаўляй са мной па-беларуску”, які прадставілі педагогі сярэдняй школы № 1 Старых Дарог, электронны дапаможнік “Падрыхтоўка да ЦТ: з арфаграфіяй на ты”, распрацаваны ў гімназіі Клецка, і мабільныя дадаткі навучальнай накіраванасці з выкарыстаннем тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, якія прадставілі супрацоўнікі сярэдняй школы № 22 Барысава. І ўсё гэта толькі маленькая частка таго, што можна было ўбачыць і ўзяць на ўзбраенне.

Прадстаўленыя на кірмашы работы — не проста тэорыя, усе яны маюць пэўны матэрыяльны вынік, выраблены прадукт, які можа быць выкарыстаны педагогамі. Гэта, напрыклад, электронныя дапаможнікі, каталогі, аўтарскія метадычныя распрацоўкі і інш. Удзельнікі кірмашу пакідалі Фаніпаль, поўныя новых ідэй і ў добрым настроі ад прафесійных зносін з творчымі, натхнёнымі і цікавымі калегамі.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 1 Фаніпаля.