Пазнанне класікі праз акцёрскае майстэрства

Як данесці навучэнцам веды пра культурнае гістарычнае мінулае і прывіць ім любоў да класічнай музыкі? У Гомельскім дзяржаўным абласным ліцэі знайшлі свой падыход.

Ужо на працягу 10 гадоў напрыканцы навучальнага года навучэнцаў і настаўнікаў ліцэя збірае ў вялікай зале творчая вечарына. “Творы, народжаныя любоўю” — эксклюзіўны адукацыйна-творчы праект, аўтарам і рэжысёрам якога з’яўляецца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Л.У.Герасіменка.

Гэта вялікая канцэртная праграма, асаблівасць якой у тым, што пабудавана яна на спалучэнні тэатралізаванага паказу, выканання класічных твораў і сучасных знаёмых і любімых моладдзю песень. У ролі артыстаў і спевакоў — ліцэісты. Яны пераўвасабляюцца ў знакамітых людзей мінулага, з’яўляюцца на сцэне ў касцюмах тых часоў, у якія жылі гэтыя персанажы, і расказваюць свае гісторыі кахання. Шчаслівыя ці сумныя яны, але менавіта ў гэтых перажываннях нарадзіліся знакамітыя творы Баха і Чайкоўскага, Ясеніна і Пушкіна.

Сёлета хлопцы і дзяўчаты даведаліся пра Бетховена і Джульету Гвічардзі, Мікеланджэла і Віторыю Калону, Пушкіна і Ганну Керн і многіх іншых. Складаныя творы для фартэпіяна і ўрыўкі з аперэт выканалі артысты гомельскай філармоніі, з якімі ў ліцэя даўняе супрацоўніцтва.

— Усе нашы дзеці таленавітыя, але ж іншы раз ролі даюцца ім нялёгка, — расказвае Людміла Герасіменка. — Можа, таму, што сярод маіх акцёраў — філолагі і фізікі, матэматыкі і хімікі. Затое яны такія мэтанакіраваныя, спрабуюць, пакуль не атрымаецца выдатна.

Самі ліцэісты, сёлетнія выпускнікі, адзначаюць, што творчыя вечарыны Людмілы Уладзіміраўны для іх — адзін з самых запамінальных момантаў ліцэйскага жыцця, тым больш што многія паспрабавалі сябе ў ролі акцёраў і спевакоў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.