Пазнаць сябе і свой край

- 14:47Нам пішуць

Цікавымі і змястоўнымі мерапрыемствамі сустрэлі ў сярэдняй школе № 45 Магілёва традыцыйны тыдзень славянскіх моў, які праходзіў у школе з 19 па 26 лютага 2018 года. Віктарыны, інтэлектуальныя гульні, конкурсныя праграмы, этнаграфічныя турніры — усё, што чарговы раз расказала вучням і гасцям пра родную Беларусь, яе гісторыю, мову, людзей; усё, што паказала: беларусам ёсць чым ганарыцца, ёсць што прадэманстраваць іншым народам і што перадаць у спадчыну нашчадкам.

Так, 20 лютага настаўнікі беларускай мовы і літаратуры В.П.Лунькова і рускай мовы і літаратуры А.М.Каваленка правялі для вучняў 9-х класаў інтэлектуальную віктарыну “Чароўны квадрат”, каб пашырыць уяўленне пра значэнне роднай мовы, падтрымаць цікавасць да гісторыі і культуры беларускага краю і народа, народнай спадчыны, сродкамі гульні паспрыяць выхаванню пачуцця патрыятызму і павагі да мовы беларускага народа.

Пазнавальнымі аказаліся заданні намінацый “Дзяржава і яе сімвалы”, “Забытыя рэчы”, “Помнікі”, “Майстры слова”, “Народныя традыцыі”, “Роднае слова”, якія расказалі навучэнцам пра сімвалы беларускай дзяржавы і значэнне кожнай дэталі гэтых сімвалаў, пра традыцыйныя святы і абрады беларусаў, пра забытыя побытавыя рэчы нашых продкаў, далі магчымасць прыгадаць помнікі, якія ўслаўляюць наша гераічнае і слаўнае мінулае.

Немалаважным падчас гульні стала і ўменне працаваць у камандзе, якое прынесла пачуццё задавальнення ўсім удзельнікам гульні.

Правядзенне тыдня славянскіх моў спрыяе выхаванню патрыятызму падрастаючага пакалення, абуджае цікавасць да вывучэння гісторыі і культуры роднага краю.

Вольга ЛУНЬКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 45 Магілёва.