Пазнавальная экскурсія

Навучэнцы сярэдняй школы № 3 г. п. Зэльва наведалі Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Ужо хутка яны пачнуць вызначацца з будучай прафесіяй, і для таго, каб дапамагчы сарыентавацца ў выбары, супрацоўнікі акадэміі і педагогі школы арганізавалі пазнавальную экскурсію ў сталічную акадэмію.

Фота да матэрыяла: Пазнавальная экскурсія.Пытанне аб правядзенні экскурсіі паўстала не спантанна. Ужо другі год у рамках заключанага дагавора аб супрацоўніцтве акадэмія і сярэдняя школа № 3 праводзяць работу па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў на міліцэйскія спецыяльнасці, па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. У школе створаны прававы клас, менавіта яго вучні выступілі ініцыятарамі правядзення экскурсіі ў акадэмію МУС.

У самым пачатку знаёмства з акадэміяй вучні паглядзелі фільм, падрыхтаваны да 60-годдзя навучальнай установы, у якім распавядалася пра будні курсантаў.

Затым экскурсію правёў кіраўнік групы прафарыентацыйнай работы Валерый Страмбурскі. Хлопцы наведалі галоўны корпус акадэміі, аўдыторыі, у якіх праходзяць лекцыі і семінары, цэнтральную бібліятэку. У спартыўнай зале і стралковым ціры заняткі былі ў самым разгары. Школьнікі з цікавасцю назіралі за курсантамі і за тым, як цікава ім падаюць навучальны матэрыял, агледзелі трэнажоры і абсталяванне.

Школьнікам расказалі аб новых методыках і тэхнічных распрацоўках, аб маладзёжных праектах, што тут рэалізоўваюцца. На базе акадэміі праходзяць маштабныя мерапрыемствы, у тым ліку міжнародныя. З тых, што адбудуцца хутка, — міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях “Шчыт і меч”, які пройдзе з удзелам зборных каманд з Беларусі, Расіі і Украіны. Цікавасць выклікала знаёмства з умовамі пражывання курсантаў і арганізацыяй іх побыту.

Каля мемарыяла Акадэміі МУС “Алея памяці, гонару, славы” навучэнцам распавялі пра памятныя знакі комплексу, прысвечаныя супрацоўнікам ВНУ: ветэранам Вялікай Айчыннай вайны; тым, хто загінуў падчас выканання службовага абавязку; удзельнікам ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І, вядома, нашы вучні з цікавасцю разглядалі скульптуру курсанта, які трымае ў руках дыплом выпускніка і лейтэнанцкія пагоны.

З зэльвенскімі школьнікамі сустрэўся і кіраўнік ВНУ генерал-маёр міліцыі Уладзімір Бачыла.

Кацярына ІГНАТАВЕЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 г. п. Зэльва.