Пазнавальная вандроўка

- 9:55Выхаванне, Выхаваўчая работа

Патрыятызм і любоў да радзімы можна выхоўваць у тым ліку праз развіццё адукацыйнага турызму.

Сваім вопытам у гэтым кірунку, а таксама магчымасцямі выкарыстання гістарычна-культурнага кампанента ў развіцці адукацыйнага турызму па­дзяліліся ўстановы адукацыі Чэрвеньскага раёна падчас Рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Адукацыйны турызм як эфектыўны рэсурс выхавання грамадзянскасці і патрыятызму”. 

“З Мінска, ад Кастрычніцкай плошчы, з даўніх часоў ішлі 4 паштовыя тракты, адзін з якіх праз Ігумен, — сёння гэта Чэрвень, — звярнулася да гісторыі начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Змачынская.— Таму не дзіўна, што турыстычны маршрут бярэ свой пачатак тут, у Чэрвеньскім раёне. Сёння мы раскажам, як інтэгруем культуру і гісторыю ў адукацыю ў падарожжы па Ігуменскім тракце”.

Першай установай адукацыі на карце турыстычнага маршруту стаў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна, у прыватнасці, арт-цэнтр “Вулей”, які дзейнічае ўжо амаль 6 гадоў.

“У цэнтры прахо­дзяць выставы работ не толькі вядомых мастакоў, але і нашых выхаванцаў, —  расказала дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна Ала Лаўрыновіч. — “Вулей” — гэта ўнікальная творчая прастора, дзе рэалізоўваюцца розныя адукацыйныя, у тым ліку Steam-праекты. Мы ганарымся тым, што даём дзецям не толькі класічную мастацкую адукацыю. Тым, хто вучыцца ў арт-цэнтры, прадастаўляецца ўнікальная магчы­масць наведваць арт-аб’екты, помнікі архітэктуры і мастацтва ва ўсіх абласцях нашай краіны. Так, за апошнія 5 гадоў мы пабывалі з выхаванцамі ў многіх мястэчках, пазнаёміліся са шматлікімі гістарычнымі аб’ектамі. Веданне гісторыі роднага краю дае магчы­масць нашым навучэнцам паспяхова высту­паць на розных конкурсах. Кожны месяц у іх запланаваны майстар-класы, творчыя сустрэчы з мастакамі, архітэктарамі, скульп­тарамі і мастацтвазнаўцамі. Эфектыўным спосабам прасоўвання творчасці выхаванцаў “Вулея” з’яўляецца заахвочванне іх актыўнага ўдзелу ў нацыянальных і міжнародных конкурсах мастацкага майстэрства, дзе работы юных талентаў адзначаюцца разнастайнымі ўзнагародамі”.

Асноўная мэта арт-цэнтра — выяўленне і развіццё мастацкіх здольнасцей навучэнцаў. Акцэнт, безумоўна, робіцца на іх творчай дзейнасці. Дарэчы, назва “Вулей” выбрана невыпадкова. Менавіта так называлася камуна маладых мастакоў, дзе жылі і тварылі вялікія Мадыльяні, Суцін, Цадкін.

“Дзейнасць цэнтра цесна звязана з работай музея “Прастора Хаіма Суціна”, — звярнула ўвагу А.Лаўрыновіч. — Вывучэнне жыцця і творчасці вялікіх мастакоў Парыжскай школы, ураджэнцаў Смілавіч Хаіма Суціна і Шрагі Царфіна, дае магчымасць паглыбляцца ў атмасферу творчасці. У цэнтры працуюць 18 аб’яднанняў па інтарэсах, музей, які складаецца з 3 залаў, і выставачная зала, дзе праходзяць майстар-класы вядомых творцаў і ладзяцца выставы. У 2021/2022 навучальным годзе ў нас навучаліся 680 дзяцей, якія былі задзейнічаны ў рэалізацыі многіх адукацыйных праектаў. Мы ганарымся сваімі выпускнікамі і ведаем: яны будуць дастойнымі прадаўжальнікамі мастацкіх традыцый”.  

“Вулей” — гэта ўнікальная творчая прастора, дзе рэалізоўваюцца розныя адукацыйныя, у тым ліку Steam-праекты.

Наступны прыпынак адукацыйнага маршруту “Ігуменскі тракт” — сярэдняя школа № 1 Смілавіч, дзе ўдзельнікі рэспубліканскага савета заклалі алею ў гонар двух праведнікаў народаў свету. 

“Наша школа займаецца пытаннямі ўвекавечвання памяці, вывучэннем Халакоста,— расказала гасцям навучальнай установы дырэктар сярэдняй школы № 1 Смілавіч Ірына Батура. — Гэтая тэма цікавая як для педагогаў, так і для дзяцей і з’яўляецца сёння вельмі актуальнай. Ведаць падзеі мінулага, таго, што адбывалася на тэрыторыі малой радзімы і краіны ў цэлым, важна ў першую чаргу для таго, каб наша гісторыя не была скажоная, каб мы памяталі пра ўсё тое, што падчас вайны адбывалася на тэрыторыі Беларусі. Мы даведаліся, што дзве настаўніцы нашай школы — Феадосія Халадзінская і Аляксандра Лубачкіна — падчас Вялікай Айчыннай вайны хавалі яўрэяў. Дзякуючы ініцыятыве нашага педагагічнага калектыву, Феадосіі Халадзінскай і Аляксандры Лубачкінай было прысвоена званне праведнікаў народаў свету. Дарэчы, каб увекаве­чыць гісторыю, сёлета мы вырашылі распрацаваць праект “Укараненне мадэлі грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі з дапамогай гісторыка-краязнаўчага даследавання Халакоста на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна”. У рамках праекта вывучаем гісторыю школы, Смілавіч і ўсяго раёна. Так, дзякуючы даследаванням, стала вядома, што на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна былі створаны 2 гета і адно месца масавага расстрэлу. У новым навучальным годзе навучэнцы школы і педагогі працягнуць даследчую работу, будуць выву­чаць малавядомыя факты, а таксама наведаюць месцы пахавання ахвяр Халакосту не толькі ў раёне, але і па ўсёй краіне”.

Адукацыйны маршрут “Ігуменскі тракт” праходзіў таксама праз Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй і праз сярэднюю школу № 2 Смілавіч, у якой дзейнічае адзіны ў краіне Музей гісторыі мануфактуры Беларусі. 

“Музей гісторыі мануфактуры Беларусі наведваюць усе навучэнцы Чэрвеньскага раёна,— звярнула ўвагу педагог дадатковай адукацыі турысцка-краязнаўчага цэнтра Чэрвеньскага раё­на Людміла Вацлаваўна Драпеза. — Гэта дае магчымасць паглы­біць веды па гісторыі Беларусі. Таксама ў наш музей прыходзяць дзеці, якія наведваюць факультатыў “Ігуменазнаўства”. 

Завяршылася падарожжа па Ігуменскім тракце ў не менш знакавым для Смілавіч месцы— адзіным у свеце музеі імя Станіслава Манюшкі. Тут госці рэспубліканскага савета не толькі паглядзелі экспазіцыю, але і азнаёміліся з творчасцю вялікага кампазітара, стваральніка беларускай нацыянальнай оперы. 

Наталля САХНО.
Фота аўтара.