Пазнаём Ашмяншчыну разам

- 12:11Планёрка ў рэгіёне

На працягу апошніх пяці гадоў Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці займае прызавыя месцы ў рэгіянальным конкурсе на лепшую арганізацыю работы аддзелаў адукацыі па развіцці рэгіянальных сістэм адукацыі, прычым два гады запар — 1-е месца. Аб самых значных дасягненнях у сферы адукацыі, якімі ганарыцца раён, расказвае начальнік упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Святлана Мікалаеўна Баркоўская.

— У гэтым годзе навучэнцы Ашмяншчыны атрымалі чатыры 100-бальныя вынікі падчас цэнтралізаванага тэсціравання, дыпломамі І і ІІ ступені ўзнагароджаны калектыў ясляў-сада № 3 Ашмян на Міжнародным конкурсе метадычных распрацовак “Мастацтва выхавання” ў Маскве, вучань сярэдняй школы № 1 Арцём Скароль атрымаў дыплом ІІ ступені на XXVII Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У 2015/2016 навучальным годзе навучэнка сярэдняй школы № 2 Кацярына Кунц узбагаціла скарбонку перамог раёна бронзавым медалём Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды.

Мы, педагогі, разумеем, што такія высокія вынікі адзінкавыя, не кожнае дзіця можа стаць алімпіяднікам, пераможцам рэспубліканскага або міжнароднага конкурсу. У Ашмянскім раёне пражывае 6 тысяч дзяцей, і ўсе яны жадаюць быць паспяховымі і запатрабаванымі. Наша задача — стварыць умовы для таго, каб кожнае дзіця развівалася з самага ранняга ўзросту.

— Наколькі аптымізавана сетка ўстаноў адукацыі ў раёне?

— Лічу, што на сёння сетка ўстаноў адукацыі Ашмяншчыны аптымальная: дзейнічаюць 14 школ і 10 устаноў дашкольнай адукацыі. Усе адукацыйныя ўстановы размешчаны ў аграгарадках. Іх напаўняльнасць дазваляе меркаваць аб тым, што ў найбліжэйшыя гады аптымізацыя не спатрэбіцца. Ажыццяўляецца падвоз 717 дзяцей з 89 населеных пунктаў.

— Ці ў дастатковай ступені ўстановы адукацыі забяспечаны маладымі кадрамі? Што садзейнічае іх прафесійнаму развіццю?

— У 2018 годзе ў Ашмянскі раён прыбылі 39 маладых педагогаў: 26 выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, 13 — сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З іх 26 спецыялістаў — ураджэнцы раёна, 22 — мэтавікі. Кожны год супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі раёна актыўна працуюць над заключэннем мэтавых дагавораў з выпускнікамі. Гэта добрае выйсце для такіх невялікіх раёнаў, як Ашмянскі. У бягучым навучальным годзе па мэтавых накіраваннях вучацца 14 маладых людзей, у мінулым — іх было 24.

Павышэнню прафесійнага ўзроўню выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі садзейнічае філіял кафедры прыватных методык факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі ІПКіПК БДПУ імя Максіма Танка, які адкрыты на базе ясляў-сада № 7 Ашмян. Працуе ў раёне і школа маладога спецыяліста, адзін раз у 2 гады праводзіцца конкурс “Адкрыццё”.

— Як у вас арганізавана профільнае навучанне? Што праводзіцца з мэтай прафарыентацыі школьнікаў?

— З 1 верасня 2018 года 52% вучняў III ступені агульнай сярэдняй адукацыі вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Дзейнічаюць пяць профільных класаў, акрамя таго, профільныя педагагічныя групы ў сярэдніх школах №№ 2, 3 райцэнтра. Адна профільная група аграрнага кірунку ёсць у Гальшанскай сярэдняй школе. 44% вучняў 10-х класаў атрымліваюць прафесійную падрыхтоўку на базе Ашмянскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

У вучняў 5—8 класаў сярэдніх школ ёсць магчымасць вывучаць прадметы на павышаным узроўні. У сярэдняй школе № 1 Ашмян вывучаецца замежная мова ў 6 класе, а ў сярэдняй школе № 2 — матэматыка ў 8 класе. Ва УВА сёлета паступілі 55,9% нашых выпускнікоў, з іх 70,5% — на бюджэтную форму навучання.

— Раскажыце, калі ласка, пра новыя формы дашкольнай адукацыі.

— У садах адкрыты 57 груп (адаптацыйныя, выхаднога дня, мацярынская школа, гульнявая і сезонная пляцоўкі, група вячэрняга знаходжання). У тым ліку на платнай аснове дзейнічаюць 48 груп, што дазволіла дадаткова ахапіць дашкольнай адукацыяй 445 малышоў ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў. Пашыраны спектр сацыяльна-адукацыйных паслуг для дзяцей ранняга ўзросту, якія атрымліваюць дашкольную адукацыю ва ўмовах сям’і, дзякуючы арганізацыі гувернёрскіх паслуг.

Папулярнасцю ў дашкольнікаў карыстаюцца паслугі эстэтычнага кірунку (73%). Штогод нашы выхаванцы выступаюць з мюзікламі-казкамі (“Царэўна-жабка”, “Марозка” і г.д.) у раённым Доме культуры.

— У кожным раёне, напэўна, складваецца свая мадэль шостага школьнага дня і канікул…

— На Ашмяншчыне большасць дзяцей заняты ў шосты школьны дзень. У мінулым навучальным годзе кожны вучань раёна наведаў не менш за шэсць гістарычных аб’ектаў, у школах праведзена больш за 1000 экскурсій. Рэалізаваны значныя праекты “Пазнаём Ашмяншчыну разам”, “Вядомыя асобы нашага раёна”, “Прыязджайце ў Беларусь”, а таксама шэраг сумесных праектаў з грамадскімі аб’яднаннямі, актыўна развіваюцца школьныя музеі. Сумесны праект у сферы адукацыі, культуры і спорту “Культурная субота” зацікавіў многіх навучэнцаў.

Па-новаму педагогі падышлі да работы цімураўскіх атрадаў. У 37 такіх валанцёрскіх атрадах задзейнічана 514 дзяцей. У раёне пражывае 9 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. За імі замацаваны “цімураўцы”, якія аказваюць ветэранам сістэмную дапамогу ў штодзённых справах. Акрамя таго, валанцёры дапамагаюць 600 пажылым адзінокім людзям.

Разумеючы неабходнасць выхавання сацыяльна актыўных грамадзян, педагогі шукаюць новыя формы работы з навучэнцамі (праз студэнцкае і вучнёўскае самакіраванне). У раёне рэалізавана каля 25 маладзёжных ініцыятыў. У маладзёжнай палаце Ашмяншчыны 15 актывістаў, якімі толькі за 2017/2018 навучальны год праведзена 12 акцый, рэалізавана 6 праектаў. Для актывізацыі лідарскага патэнцыялу плануем стварыць цэнтр маладзёжных ініцыятыў на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

У шосты школьны дзень вялікая ўвага надаецца працоўнай дзейнасці навучэнцаў. Толькі за мінулы год з іх дапамогай у Гальшанскай сярэдняй школе разбіты парк, пасаджаны алеі выпускнікоў, па-новаму аформлены тэрыторыі ўстаноў адукацыі. У бягучым навучальным годзе пачалася рэалізацыя праекта “Зробім край прыгожым” па добраўпарадкаванні тэрыторый адукацыйных устаноў, населеных пунктаў. Фотаздымкі самых прыгожых работ размяшчаюцца на сайтах устаноў адукацыі, друкуюцца ў раённай газеце.

— Якія інавацыйныя праекты рэалізоўваюцца ў Ашмянскім раёне?

— Ва ўстановах адукацыі раёна дзейнічае 14 інавацыйных пляцовак. Акрамя таго, на базе ясляў-сада № 3 райцэнтра рэалізоўваецца цікавы праект “Укараненне мерапрыем-стваў па энергаэфектыўнасці для ўстойлівага развіцця Ашмянскага раёна Беларусі”. Інавацыйную дзейнасць лічу адным са стымулаў у развіцці ўстаноў адукацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА.