Пазнаём, даследуем, ствараем

Летам у Макараўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Бераставіцкага раёна ўдзялялася вялікая ўвага развіццю дзіцячых ініцыятыў, якое дазваляе сфарміраваць у дзяцей узаемавыручку, міласэрнасць, адказнасць, пачуццё патрыятызму.

У сувязі з рэспубліканскай акцыяй “Малая радзіма: эстафета карысных спраў” і Годам малой радзімы мы звярнулі ўвагу вучняў на ініцыятывы па добраўпарадкаванні малой радзімы, стварэнні спрыяльных умоў для вывучэння, захавання яе традыцый. Дэвізам летніх канікул сталі словы “Пазнаём, даследуем, ствараем”.

Адзін з напрамкаў работы — валанцёрская дзейнасць, што фарміруе ў дзяцей адказныя адносіны да працы і адпачынку. Дзеці прынялі ўдзел у такіх справах, як працоўнай круіз “Сцежка добрых рук”, экалагічны дэсант “Жывыя крыніцы”, працоўны дэсант па добраўпарадкаванні тэрыторый “Працаваць, гаспадаром быць — Радзіму любіць” і інш. Падчас правядзення мерапрыемстваў навучэнцы аказвалі дапамогу ветэранам працы, добраўпарадкоўвалі прышкольную тэрыторыю, помнікі і абеліскі.

Фізічнай актыўнасці, умацаванню здароўя дзяцей спрыялі спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы.

Кожны дзень на школьным стадыёне можна было пазаймацца на турніках, пакатацца на роліках і прыняць удзел у спаборніцтвах па футболе паміж дваровымі камандамі. А велапрабег “Па сцяжынках роднага краю” дапамог вучням даведацца пра гісторыю вёсак, што раней былі на тэрыторыі нашага мікрараёна. Дзеці спаборнічалі ў спрыце, эрудыцыі, кемлівасці падчас правядзення квест-гульні “Спартыўныя сцяжынкі малой радзімы”, якая праходзіла ў рамках фестывалю “Лета — пара спартыўная”. Спартыўная гульня-эстафета “Сцежка выпрабаванняў” (у рамках абласнога марафону актыўнага адпачынку “Лета дзень за днём”) аб’яднала дзяцей агульным жаданнем жыць актыўна!.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Ганарымся Беларуссю, любім Беларусь, падарожнічаем па Беларусi” вучні наведалі Гродна, пагранічную заставу № 8, аквапарк “Азёрны”, турыстычную базу “Прывал”.

Асаблівая ўвага ўдзялялася вывучэнню роднага краю. Паход “Ёсць на свеце такі куток” дапамог вывучыць частку экалагічнай сістэмы ракі Уснаркі, Лішкаўскага парку. Рухаючыся па распрацаваным маршруце, навучэнцы пазнаёміліся з рознымі аб’ектамі прыроды, якія знаходзяцца ў нашым мікрараёне. Распрацаваны маршрут дазволіў перадаць вучням веды пра натуральныя з’явы і аб’екты, стварыць перадумовы для экалагічнага выхавання і прыродаахоўнага мыслення. У квест-гульні “Мая малая радзіма” дзеці паказалі свае веды пра прыроду роднага краю, даведаліся пра традыцыі малой радзімы. На кожнай станцыі ўдзельнікаў чакалі выпрабаванні на кемлівасць, хуткасць, згуртаванасць і фізічную падрыхтоўку.

Так разнастайна і карысна мы правялі летнія канікулы.

Алена БУДНІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.