Пазнаём прыроду з Бабуляй Шышкай

- 12:21Навіны рэгіёнаў

Амаль з самага нараджэння дзеці актыўна даследуюць навакольны свет. У дашкольным узросце гэтаму дапамагаюць эксперыменты, якія развіваюць мысленне, стымулююць пазнавальную актыўнасць і цікавасць. Але многія дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення не праяўляюць інтарэсу да заданняў. Каб гэтага не было, у нашай групе з’явілася “Лабараторыя прафесара Чудакова”, дзе створаны неабходныя ўмовы для сумеснага і самастойнага эксперыментавання.

У лабараторыі можна знайсці празрыстую і непразрыстую пасудзіну рознай канфігурацыі і аб’ёму (пластыкавыя бутэлькі, шклянкі, коўшыкі, міскі і інш.), прыродны (каменьчыкі, пер’е, ракавінкі, шышкі, насенне, арэхавыя шкарлупіны, кавалкі кары, пакеты/ёмістасці з зямлёй і глінай, лісце, галінкі) і непрыдатны (папера рознай фактуры і колеру, кавалкі скуры, паралону і футра, дрот, коркі, каробкі) матэрыял, схемы-алгарытмы і інш. Але самым, бадай, цікавым прадметам з’яўляецца роставая лялька Бабуля Шышка, якая шмат ведае пра прыроду, любіць вясёлыя гульні, доследы і эксперыменты. Нават знешні выгляд лялькі выклікае ў дзяцей цікавасць да свету прыроды, бо яе капялюшык выраблены з шышак, а ў кошыку штодзень можна знайсці штосьці незвычайнае і вартае ўвагі.

Бабуля Шышка ахвотна чытае выхаванцам экалагічныя казкі перад сном, расказвае пра сартаванне смецця, эканомію вады і іншыя важныя рэчы. У лялькі ёсць памочнікі — экалагічны патруль, які сочыць за станам раслін у групе і прыродай на тэрыторыі ўстановы. Быць удзельнікам патруля вельмі ганарова. Бабуля Шышка заўсёды заахочвае дзяцей ці то букецікам з сухацветаў, ці то блакнотам з кукурузнага лісця, ці то закладкай з выявай жывёлы-чырванакніжніцы. Гэта даволі добра пашырае ўяўленні юных даследчыкаў пра разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету нашай краіны.

Пад кіраўніцтвам Бабулі Шышкі дзеці правялі шэраг доследаў і эксперыментаў у лабараторыі, дзе самі стваралі даследчыя сітуацыі, аналізавалі іх і прыходзілі да пэўных высноў.

Каб падтрымліваць у выхаванцаў пазнавальную цікавасць, тэмы для эксперыментавання выбіраюцца зыходзячы з іх зацікаўленняў. Тэма абавязкова павінна быць арыгінальнай, з элементамі нечаканасці і незвычайнасці, а вырашэнне праблемы — прыносіць карысць даследчыкам, якая заключаецца ў атрыманні новых уяўленняў, авалоданні пэўнымі ўменнямі і навыкамі.

Дзякуючы сістэмнай рабоце, дашкольнікі ўжо могуць расказаць, чаму снег мяккі, але неядомы, як склеіць аркушы паперы з дапамогай гарбуза, як з дапамогай дзюбы адрамантаваць пяро і інш. Падчас эксперыментаў з самастойна вырабленым гігрометрам з шышкі выхаванцы даведаліся, як вызначыць вільготнасць паветра, практычным шляхам устанавілі залежнасць паміж жывой і нежывой прыродай: птушкі адлятаюць увосень, бо ім няма чым харчавацца, паколькі на вуліцы становіцца холадна, а насякомыя хаваюцца. Акрамя таго, дзеці вывучылі ўласцівасці вады (празрыстая, без формы, паху і смаку), адшукалі паветра ў навакольнай прасторы з дапамогай поліэтыленавага пакета, саломінкі і слоіка з вадой, гумавай грушы і іншых прадметаў.

Вызначаючы ўласцівасці магніта, дашкольнікі выяўлялі матэрыялы, якія ўзаемадзейнічаюць з ім. Цікавыя доследы атрымаліся са снегам і лёдам. Так, дзеці закопвалі тры пасудзіны з вадой у снег на рознай глыбіні і вызначалі, дзе вада хутчэй замерзне і чаму.

Эксперыменты дапамаглі выхаванцам пераканацца ў шкодзе ўжывання некаторых напіткаў і прысмакаў. Так, апусціўшы яркія рознакаляровыя цукеркі ў ваду, дзеці ўбачылі, што яна афарбавалася ў розныя колеры вясёлкі, пасля чаго стала бурай.

Сёння дашкольнікі праводзяць эксперыменты і назіранні, каб даведацца, ці можна вырасціць садавіну не толькі ў звычайным агародзе.

Кожны дзень у садку прыносіць хлопчыкам і дзяўчынкам новыя адкрыцці, якія выклікаюць у іх захапленне і задавальненне ад выкананай работы. Выхаванцы вядуць дзённікі і схемы назіранняў, якія запаўняюць з дапамогай простых прадметна-графічных сімвалаў. Гэта дазваляе праводзіць доўгатэрміновыя назіранні і ўстанаўлі­ваць прычынна-выніковыя сувязі і залежнасці паміж аб’ектамі і з’явамі прыроды, фармуляваць правілы ўзаемадзеяння з навакольным светам.

Эксперыменты з Бабуляй Шышкай павышаюць пазнавальную актыўнасць дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, дапамагаюць развіваць звязнае маўленне, фарміруюць уменне аналізаваць і знахо­дзіць праблему, знаходзіць яе вырашэнне, рабіць аргументаваныя высновы, бачыць і разумець прыгажосць прыроды. Радуе, што эксперыменты зацікавілі і бацькоў, якія ў дамашніх умовах праводзяць з дзецьмі элементарныя доследы, абменьваюцца цікавымі відэа ў бацькоўскім Viber-чаце.

Алена ГРЭЧКА,
Алена ПЯТРОЎСКАЯ,
выхавальніцы ясляў-сада № 3 Драгічына.