Пазнаём родны край

- 14:46Нам пішуць

Працуючы з дзецьмі па тэме “Выхаванне любові да роднага краю” ў Ялуцавіцкім дзіцячым садзе — пачатковай школе, педагогі вучылі кожнае дзіця любіць і паважаць свой родны край. Гэтай мэты немагчыма дасягнуць без дапамогі і падтрымкі сям’і, таму быў праведзены бацькоўскі сход на тэму “Выхаванне ў дзяцей цікавасці і любові да свайго роднага краю”.

Былі пастаўлены наступныя задачы: падвесці бацькоў да разумення таго, што дзяцей трэба знаёміць з роднай вёскай, з назвамі вуліц, з прадпрыемствамі і ўстановамі. Прапанаваны бацькам экскурсійныя паездкі “Адпачываем усёй сям’ёй”. Гэта паездкі на мерапрыемствы, прысвечаныя вызваленню Зэльвеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на мерапрыемствы, прысвечаныя 760-й гадавіне пасёлка Зэльва і наведванне Ганненскага кірмашу. Паездкі дапамаглі і дапамогуць шматлікім сем’ям правесці выхадныя дні разам, гуляючы па знаёмым і любімым месцам, удакладніць і замацаваць веды дзяцей аб родным краі. Была распрацавана памятка для бацькоў па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў. У ходзе работы прапаноўвалі бацькам схадзіць з дзецьмі да помнікаў, у лес, разгледзець тыя ці іншыя аб’екты вёскі. Раілі бацькам, якія кнігі можна прачытаць з дзецьмі, якія вершы развучыць. Такія формы работы даюць магчымасць прадэманстраваць, якія веды ў дзяцей ёсць аб родным краі, што гэтыя веды неабходны для фарміравання асноў патрыятычнага выхавання.

Ва ўстанове адукацыі з пачатку года былі запланаваны выхаваўчыя мерапрыемствы з дзецьмі, прысвечаныя Году малой радзімы па тэме “Пазнаю свой родны край”. Дзіцячы сад наведваюць выхаванцы з 13 вёсак. І таму знаёмства з гісторыяй назвы вёскі з’яўляецца безумоўным. Была створана карта падарожжа па родным краі, на якой адзначаны вёскі, з якіх прыязджаюць дзеці. На занятках дзеці ў гульнявой і займальнай формах знаёміліся з паходжаннем назвы вёсакі, яе гістарычным мінулым, са знакамітымі землякамі. Дзецям прапанавалася распытаць сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў пра месцы іх працы і пражывання, версіі паходжання назваў вёсак.

З выхаванцамі была праведзена экскурсія па вёсцы Ялуцавічы і знаёмства з яе гісторыяй, экскурсія ў музей школы-сада, дзе яны змаглі пазнаёміцца з прыладамі працы, з вырабамі сваіх прабабуль і прадзядуляў.

Ва ўстанове прайшлі гутаркі і прэзентацыі да дня вызвалення Зэльвеншчыны. Педагогі нагадалі дзецям імёны герояў, якія вызвалялі пасёлак Зэльва, у гонар якіх названы яго вуліцы. Таксама наведалі помнік у вёсцы Крамяніцы Дольнай, усклалі кветкі землякам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Многа было праведзена мерапрыемстваў з дашкольнікамі па знаёмстве са святамі і народнымі рамёствамі нашых продкаў (ткацтва, вышыўка, саломапляценне і інш.).

Выхавальнікамі былі зроблены дыдактычныя гульні “Падарожжа па Зэльве”, “Збярыце карцінку”, “Герб Зэльвы”. У групе аформлены куток патрыятычнага выхавання, у якім знаходзяцца фотаматэрыялы, ілюстрацыі, якія знаёмяць з гісторыяй роднага краю, аформлены тэматычныя папкі “Знакамітыя землякі”, “Зэльва на цуды багатая вельмі”, альбомы “Памяць”, “Прырода нашага краю”.

Праца па азнаямленні дашкольнікаў з малой радзімай дае станоўчыя вынікі: узбагаціўся і актывізаваўся слоўнікавы запас дзяцей, сфарміравалася цікавасць да даследавання роднага краю.

Данута ЗАЯЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Ялуцавіцкага
дзіцячага сада — пачатковай школы.