Пазнаёміцца з сістэмай адукацыі краіны — павучыцца ў ёй

- 11:03Актуально, Апошнія запісы

Сёння ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася ўрачыстая сустрэча міністра адукацыі Ігара Карпенкі з кітайскімі студэнтамі, якія маюць высокія дасягненні ў вучобе, навукова-даследчай і грамадскай дзейнасці. Мерапрыемства прайшло ў межах года адукацыі Беларусі ў Кітаі.

Сустрэча, падчас якой міністр узнагародзіў выбітных маладых людзей, сабрала прадстаўнікоў многіх устаноў вышэйшай адукацыі краіны. Тут прысутнічалі студэнты з БДУ, БНТУ, БДЭУ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, БДПУ імя Максіма Танка, БДУІР, Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і іншых універсітэтаў.

Сёння ў Беларусі атрымліваюць адукацыю больш за тры тысячы кітайскіх студэнтаў. Беларускі бок адправіў на вучобу каля тысячы студэнтаў, і штогод колькасць акадэмічных выездаў у КНР павялічваецца на сто стажыровак.

Па словах міністра, штогод у межах беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ствараюцца сумесныя адукацыйныя пра­грамы, навуковыя праекты, вучэбныя структуры і лабараторыі, заключаюцца дагаворы аб супрацоўніцтве і акадэмічным абмене.

— Сённяшняе мерапрыемства карыснае з двух бакоў. Па-першае, гэта камунікацыя з маладымі людзьмі, магчы­масць абмеркаваць перспектывы падрыхтоўкі кадраў і абмяняцца меркаваннямі па шырокім спектры пытанняў, якія хвалююць і Беларусь, і Кітай. Па-другое, мерапрыемства прымеркавана да Года адукацыі нашай краіны ў КНР. Сімвалічна, што сустрэча са студэнтамі праходзіць у нашай галоўнай скарбонцы ведаў, — звярнуўся да прысутных Ігар Карпенка. — На працягу чвэрці стагоддзя нашы дыпламатычныя адносіны развіваліся і выйшлі на ўзровень даверлівых, сфарміраваны каласальны патэнцыял для двухбаковага агульнавыгаднага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы адукацыі.

Ігар Васільевіч перакананы, што рэалізацыя ініцыятывы правядзення года беларускай адукацыі ў Кітаі дапаможа ў поўнай ступені выкарыстаць агульны патэнцыял кітайска-беларускага тандэма.

— Мы ставім перад сабой задачу па-новаму адкрыць для сябе Кітай, а сучасную Беларусь паказаць Кітаю. Здаўна вядома, што, каб пазнаёміцца з краінай, трэба туды прые­хаць, а каб адкрыць для сябе яе сістэму адукацыі, там трэба павучыцца, — звярнуў увагу Ігар Карпенка.

Ірына ІВАШКА.
Фота БелТА.