“Сучасны свет дыктуе свае ўмовы — працэсы інфарматызацыі закранулі практычна ўсе сферы жыцця цывілізаванага чалавека. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі змянілі не толькі ўяўленне чалавека аб адукацыі, але і саму адукацыю ў корані. Але мы не будзем разважаць аб карысці ці шкодзе такіх глабальных працэсаў, а паспрабуем іх разгледзець праз прызму магчымасцей, якія яны даюць сучаснаму педагогу”, — звярнуўся да ўдзельнікаў семінара намеснік дырэктара гімназіі № 2 Ваўкавыска Аляксандр Анатольевіч Лічык.
У гэтай навучальнай установе сабраліся спецыялісты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, метадысты раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, каб абмеркаваць пытанні комплекснага падыходу да інфарматызацыі ва ўстанове адукацыі.
У рабоце семінара прынялі ўдзел Алег Рыгоравіч Рахунок, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Ларыса Пятроўна Губіч, галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Жанна Мікалаеўна Навуменка, начальнік аддзела Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Размова атрымалася насычаная.
У межах рэгіянальнай канцэпцыі
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэта Таццяна Аляксандраўна Газізава спынілася на дзейнасці ўстаноў адукацыі свайго рэгіёна ў кантэксце рэалізацыі напрамкаў Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года.
— У нашым раёне дзейнасць у галіне інфарматызацыі накіравана на стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы не толькі асобна ўзятай установы адукацыі, а, перш за ўсё, у маштабах раёна. У нас функцыянуюць 31 стацыянарны і 3 мабільныя камп’ютарныя класы, 21 лінгафонны кабінет, 21 інтэрактыўная дошка, мультыборд, ёсць 963 асобныя камп’ютары, з якіх 640 выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, 139 — у рабоце адміністрацыі школы, 31 — у дзейнасці сацыяльна-псіхалагічнай службы, 57 — у інфармацыйна-бібліятэчных цэнтрах і бібліятэках. Ва ўстановах адукацыі раёна ўстаноўлены 233 камп’ютары ў прадметных кабінетах.
Паспяхова абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў дашкольнай адукацыі, 100% устаноў забяспечаны камп’ютарнай тэхнікай, у чатырох установах адукацыi ўстаноўлены інтэрактыўныя дошкі. Папаўняюцца камп’ютарнай тэхнікай і ўстановы дадатковай і спецыяльнай адукацыі. На базе 18 бібліятэк раёна функцыянуюць інфармацыйна-бібліятэчныя цэнтры. Апошняе наша набыццё — мультыборд у гімназію № 2 Ваўкавыска, — паведаміла Таццяна Аляксандраўна.
Акрамя таго, яна падкрэсліла, што цяпер усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі раёна маюць праграмнае забеспячэнне для падтрымкі выкладання вучэбных прадметаў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі, для аўтаматызацыі дзейнасці бібліятэк, усе ўстановы адукацыі забяспечаны праграмнымі сродкамі для аўтаматызацыі кіраўніцкай дзейнасці, падтрымкі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў.
На базе раёна штогод рэалізоўваюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты рэспубліканскага ўзроўню па розных напрамках адукацыйнага працэсу. У прыватнасці, у шасці ўстановах ідзе рэалізацыя інавацыйных праектаў, у аснову якіх пакладзена выкарыстанне ІКТ. Напрыклад, у Краснасельскай пачатковай школе і сярэдняй школе Росі рэалізоўваецца праект “Укараненне мадэлі навучання з выкарыстаннем індывідуальных электронных прылад ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. У дапаможнай школе-інтэрнаце працуюць над “Укараненнем методыкі фарміравання вымяральных і вылічальных уменняў у вучняў IX—X класаў з лёгкай ступенню інтэлектуальнай неда-статковасці на аснове выкарыстання электроннага трэнажора ва ўмовах міжпрадметнай інтэграцыі”. Праект “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” рэалізоўваецца ў дзіцячым цэнтры ранняга развіцця № 11 і яслях-садзе № 2 Ваўкавыска.
Тры праекты педагогаў раёна былі ўдастоены прызавых месцаў на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Гімназія № 1 Ваўкавыска выстаўляла два праекты — “Школа святлафора” (дыплом І ступені) і “Вясёлкавае святло” (дыплом ІІІ ступені). У пачатковай школе пасёлка Краснасельскі за сеткавы камунікацыйны праект “Падарожжа ў краіну слоўнікавых слоў” настаўніца атрымала дыплом ІІІ ступені.
Існуючае ў раёне і ўстановах адукацыі інфармацыйнае асяроддзе, а таксама абгрунтаванае і эфектыўнае выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе дазваляюць атрымаць значныя адукацыйныя вынікі навучэнцаў. За апошнія пяць гадоў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды атрыманы 134 прызавыя месцы (12 па інфарматыцы), на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды — 43 прызавыя месцы (3 па інфарматыцы).
Аднак, па меркаванні Т.А.Газізавай, для атрымання больш значных вынікаў неабходна вырашэнне шэрагу праблем. У прыватнасці, сучасны педагог і вучань павінны мець пастаянны доступ да электронных адукацыйных рэсурсаў і паслуг. З гэтай мэтай неабходна паўсюднае ўкараненне высакаскораснага, бесправаднога доступу ў сетку інтэрнэт, а таксама ўцягванне ў сферу спажывання інфармацыйных прадуктаў камп’ютарных і мабільных прылад (ноўтбукі, планшэты, смартфоны, гаджэты), якія належаць навучэнцам, бацькам, педагогам.
Сеткавае ўзаемадзеянне
Намеснік дырэктара гімназіі № 1 Ваўкавыска Алена Мікалаеўна Аскірка падзялілася вопытам работы па арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння ў адукацыйным працэсе:
— Кіраванне метадычнай работай у гімназіі ўяўляе трохузроўневую сістэму: першы ўзровень — адміністрацыя, другі — метадычныя фарміраванні, трэці — педагог. Такі падзел тлумачыцца наяўнасцю ў гімназіі прафесійных фарміраванняў, якія маюць не толькі значную прадметна-метадычную, але і кіраўнічую самастойнасць у вырашэнні метадычных задач, у выбары траекторыі прафесійнага развіцця, вызначэнні інавацыйнага поля дзейнасці педагогаў.
Тры гады ў гімназіі функцыянуюць прафесійныя сеткавыя супольнасці рознай накіраванасці: “Настаўніцкая”, “Метадычны савет гімназіі”, “Школа IT-кампетэнтнасці” і інш. Гэтыя супольнасці аб’ядноўваюць кіраўнікоў усіх метадычных фарміраванняў, спецыялістаў СППС і членаў адміністрацыі, педагогаў. Стварэнне сеткавых супольнасцей у гімназіі дазваляе вырашыць шматлікія метадычныя задачы.
Кадравы аналіз педагогаў (удзельнікаў розных прафесійных супольнасцей) пераканаўча паказвае, што адкрытае сеткавае ўзаемадзеянне — гэта ўзаемадзеянне настаўнікаў рознага кваліфікацыйнага ўзроўню: вопытных педагогаў і маладых спецыялістаў, што дазваляе выбудаваць асаблівую сістэму цьютарства ў сетцы, якая ўключае ў сябе шматлікія майстар-класы, кансультатыўныя лініі, прэзентацыі вопыту, экспертызу матэрыялаў калег, аўтарскія курсы павышэння кваліфікацыі. Выкарыстанне такіх рэсурсаў і магчымасцей дазваляе кожнаму ўдзельніку сеткавых прафесійных супольнасцей выбраць уласную траекторыю прафесійнага росту.
Для зніжэння папяровага дакументаабароту, аказання аператыўнай кансультатыўнай дапамогі кіраўнікам метадычных фарміраванняў, выпрацоўкі адзіных падыходаў да планавання і арганізацыі метадычнай работы ў нас функцыянуе сеткавая супольнасць “МС (метадычны савет) гімназіі”, праходзяць віртуальныя пасяджэнні метадычнага савета.
Дзіцяча-дарослае супрацоўніцтва
Намеснік дырэктара гімназіі № 2 Ваўкавыска Ірына Васільеўна Пятрова пазнаёміла з інфармацыйна-адукацыйным асяроддзем гімназіі як фактарам развіцця ўдзельнікаў гімназічнай супольнасці, а Аляксандр Анатольевіч Лічык, яшчэ адзін намеснік дырэктара гэтай гімназіі, расказаў аб дзіцяча-дарослым партнёрстве ў сетцы як ключы да развіцця і падтрымкі ініцыятыў удзельнікаў гімназічнай супольнасці.
— Укараненне ІКТ у практыку работы педагога дазваляе па-іншаму арганізоўваць адукацыйны працэс, а менавіта з пазіцый: “Я сам!”, “Я — у камандзе!”, “Для іншых”. Але каб стаць сапраўдным профі ў сферы ІКТ, трэба мець адпаведную адукацыю.
Усё пачалося з навучання на дыстанцыйным курсе, арганізаваным кампаніяй ADOBE ў рамках праграмы “AVY — голас маладых за ўстойлівае развіццё”, мэтай якога з’яўлялася навучанне педагогаў, якія працуюць з моладдзю, практычнай арганізацыі дзейнасці падлеткаў па стварэнні маладзёжных медыя. На сённяшні дзень у гімназіі створаны і працуе цэнтр маладзёжных медыя, у практыцы выхаваўчай работы гімназіі — відэакросінг, анлайн-агляд і г.д., — пачаў свой аповед Аляксандр Анатольевіч.
Выдатнай платформай для ўдзелу педагога ў арганізаваных сеткавых супольнасцях, з вопыту А.А.Лічыка, з’яўляецца адукацыйны партал “Мой універсітэт”, які дае магчымасці не толькі для праходжання прапанаваных дыстанцыйных курсаў, арганізацыі ўласных, але і ўдзелу ў розных прадметных конкурсах і фестывалях.
Наступным крокам можа стаць далучэнне да iEARN (Міжнароднай акадэмічнай адукацыйнай сеткі) — самай вялікай некамерцыйнай глабальнай сеткі ў свеце. Яна дазваляе настаўнікам і маладым людзям выкарыстоўваць інтэрнэт і іншыя тэхналогіі, каб супрацоўнічаць у рамках праектаў, якія павялічваюць вучэбную матывацыю і маюць значэнне ў свеце. Указаны рэсурс англамоўны, але пры ўмелым падыходзе і жаданні педагога можа стаць выдатнай падмогай для арганізацыі якаснай адукацыйнай практыкі.
— Выкарыстанне ІКТ у практыцы педагога цікавае яшчэ і тым, што, прыцягваючы вучняў у гэты працэс, кожны з удзельнікаў па-свойму вучыцца. З пазіцыі адукацыйнага працэсу дзіцяча-дарослае сеткавае партнёрства — гэта адзін з перспектыўных напрамкаў адукацыйнай практыкі. Напрыклад, сумесна з навучэнцамі 9 класа мы арганізавалі ўдзел другакласнікаў гімназіі ў праекце “Прыгажосць звяроў”, самі сталі ўдзельнікамі дыскусій у рамках праекта “Свет, у якім мы жывём”, “Мішка Тэдзі”, “Адзін дзень міру”. У выніку гімназісты атрымалі магчымасць падзяліцца сваімі ўражаннямі з такімі ж дзецьмі, як яны самі, стаць арганізатарамі акцыі “Пасадзі дрэва ў адзін дзень міру” і падзяліцца сваімі вынікамі з сусветнай супольнасцю.
У рамках прадметнага суправаджэння цікавай магчымасцю для нас стала супрацоўніцтва з Яраслаўскім дзяржаўным універсітэтам у рамках прадметнага праекта “Падарожжа ў свет хіміі”. Гэта традыцыйны тэлекамунікацыйны адукацыйны праект, які праводзіцца Яраслаўскім цэнтрам тэлекамунікацый і інфармацыйных сістэм у адукацыі сумесна з Яраслаўскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя К.Д.Ушынскага. Выконваючы заданні праекта, навучэнцы не толькі паказваюць свае веды прадмета, але і акунаюцца ў даследчую працу, вучацца азам самапрэзентацыі. Падобныя прадметныя праекты арганізоўваюцца па біялогіі, геаграфіі, гісторыі і іншых дысцыплінах.
Асаблівае месца ў выхаваўчай сістэме гімназіі займае праект “Гімназія.TV”. У рамках функцыянавання сучаснай установы адукацыі нам, педагогам, хацелася б дапамагчы выхаванцам навучыцца фарміраваць уласнае стаўленне да інфармацыі, якая паступае звонку, навучыцца адбіраць карысную для сябе і для іншых. Сумесна з навучэнцамі мы стварылі гімназічнае тэлебачанне дзеля арганізацыі канструктыўнага баўлення часу дзяцей. Сёння наша гімназія мае свой інтэрнэт-канал, а таксама інтэрактыўны хол з магчымасцю трансляцыі відэапрадукту ўдзельнікаў гімназічнай супольнасці, — адзначыў Аляксандр Анатольевіч.
* * *
Акрамя таго, у рамках семінара педагогі Ваўкавыскага раёна правялі майстар-класы і фрагменты ўрокаў. У прыватнасці, настаўнік французскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска Юрый Юр’евіч Кавалевіч падзяліўся вопытам работы па выкарыстанні ІКТ у практыцы настаўніка на прыкладзе праграмнага забеспячэння “Дыялог Нібелунг”, Жанна Мікалаеўна Навуменка і Алена Мікалаеўна Аскірка правялі майстар-клас па арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска Святлана Юльянаўна Шыбайла паказала фрагмент урока беларускай мовы з выкарыстаннем ЭСН. Настаўніца гісторыі гімназіі № 2 Ваўкавыска Маргарыта Рыгораўна Апановіч прадэманстравала магчымасць правядзення ўрока гісторыі з выкарыстаннем інтэрактыўнай мышкі ў рамках праграмы Mouse Mischief. Настаўніца хіміі гімназіі № 1 Ваўкавыска Алена Мікалаеўна Лебядзевіч правяла фрагмент урока хіміі з выкарыстаннем “воблачных тэхналогій”.
Настаўніца Краснасельскай пачатковай школы Ірына Мікалаеўна Карпічэнка пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з сеткавым камунікацыйным праектам “Падарожжа ў краіну слоўнікавых слоў”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.