Педагагічная мабільнасць — аснова набыцця прафесійных кампетэнцый

- 11:22Адукацыйная прастора, Рознае

— Сённяшнім работадаўцам патрэбны спецыялісты, якія ўмеюць выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, прымаць нестандартныя рашэнні, валодаюць прафесійнай культурай, — гаворыць педагог-псіхолаг Вольга Аляксандраўна Стасюк з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. — Сучаснаму грамадству неабходны прафесіяналы, адкрытыя для ўсяго новага, здольныя хутка адаптавацца ў складаных умовах сацыяльнай і прафесійнай рэчаіснасці, гатовыя да самастойнай работы і адказнасці, арыентаваныя на поспех і пастаяннае самаўдасканальванне.

Мэта падрыхтоўкі педагагічных кадраў заключаецца ў тым, каб стымуляваць вучняў да практычнага выкарыстання атрыманых ведаў. Гэта дазволіць выпускнікам у далейшым набыць канкурэнтаздольнасць, сацыяльную абароненасць, прафесійную мабільнасць, усебаковую кампетэнтнасць і навыкі творчага самаразвіцця. Змена месца, відаў ці ўмоў дзейнасці з’яўляецца выдатнай магчымасцю для самаадукацыі і самаўдасканальвання. Прафесійная мабільнасць дазваляе пераадолець псіхалагічныя бар’еры, якія перашкаджаюць прафесійнай самарэалізацыі, навучыцца прымаць самастойныя нестандартныя рашэнні, накіраваныя на павышэнне прафесіяналізму, хутка асвоіць новае адукацыйнае, сацыяльнае і культурнае асяроддзе. Асаблівую ролю ў гэтым адыгрывае матывацыя.

— Найбольш актуальнай у станаўленні прафесіяналізму педагогаў з’яўляецца культурная, прафесійная і педагагічная мабільнасць, — адзначае В.А.Стасюк. — Культурная мабільнасць — гэта здольнасць самастойна, свабодна і крытычна мысліць, творча ўспрымаць праграмы вучэбных дысцыплін і прапанаваную інфармацыю, знаходзіць нестандартныя рашэнні ў новых сітуацыях, прадбачыць характар і ход змен у пэўнай галіне і грамадскім развіцці ў цэлым. Педагагічная мабільнасць — гэта здольнасць педагога арганізаваць сумесную дзейнасць з іншымі суб’ектамі адукацыйнага працэсу (вучнямі, іх бацькамі, калегамі, адміністрацыяй) у адпаведнасці з мэтамі і задачамі сучаснай адукацыі, каштоўнасцямі сусветнай і нацыянальнай культуры. Прафесійная мабільнасць як частка сацыяльнай мабільнасці ўяўляе сабой рух па кар’ернай лесвіцы і павышэнне ўласнага прафесійнага майстэрства. Зразумела, што мабільнасць у чалавека хутка не фарміруецца, таму актуальнай праблемай з’яўляецца мэтанакіраваная работа з будучымі спецыялістамі па фарміраванні ў іх мабільнасці як важнай асабістай якасці. Прафесійная мабільнасць абапіраецца на педагагічную культуру і прафесійную кампетэнтнасць у розных галінах дзейнасці.

З мэтай паспяховай інтэграцыі маладых спецыялістаў у працоўны калектыў у 20-й школе дзейнічае школа маладога настаўніка, якая дазваляе моладзі не толькі набыць вопытных куратараў, але і праявіць актыўнасць у самастойным пошуку, раскрыць свой інтэлектуальны і творчы патэнцыял. Мэта аб’яднання — псіхалагічнае суправаджэнне маладых спецыялістаў падчас адаптацыі да працоўнага калектыву.

— Фарміраванне педагагічнай мабільнасці маладых настаўнікаў пачынаецца з удзелу ў пасяджэнні “Раскажы пра сябе”, — расказвае В.А.Стасюк. — Навык паспяховай самапрэзентацыі развіць складана, але неабходна, бо ўяўленне пра маладога педагога абумоўлівае эфектыўнасць супрацоўніцтва з іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

На пасяджэннях аб’яднання праводзіцца ранняя прафілактыка прафесійнага выгарання маладых педагогаў з мэтай іх падрыхтоўкі да будучых цяжкасцей. Кожны навучальны год пачынаецца з круглага стала “У новы навучальны год — з новымі творчымі планамі, ідэямі, магчымасцямі”. Удзел у пасяджэнні “Арганізацыя работы з бацькамі” дапамагае арганізаваць узаемадзеянне з бацькамі вучняў, правільна скласці план работы і прадугледзець магчымыя праблемы і шляхі іх вырашэння ў калектыўнай дзейнасці. Пасяджэнне “Круглы стол: малады настаўнік вачыма школьніка” дапамагае многім педагогам “убачыць” сучасных дзяцей і даведацца пра іх уяўленне аб сучасным настаўніку.

— З першых дзён работы ў школе за маладым спецыялістам замацоўваецца куратар, — працягвае В.А.Стасюк. — Менавіта ён дапамагае правільна скласці каляндарна-тэматычнае планаванне і эфектыўна правесці сучасны ўрок, падказвае пералік неабходнай метадычнай літаратуры і г.д. Рэгулярна адбываецца шчыры дыялог куратараў і маладых педагогаў, падчас якога першыя ацэньваюць дасягненні другіх.

В.А.Стасюк упэўнена, што педагог можа плённа супрацоўнічаць з іншымі людзьмі і быць шчаслівым толькі тады, калі валодае развітой камунікацыйнай культурай. Развіццё камунікацыйнай культуры асобы настаўніка прадугледжвае развіццё крытычнага мыслення, навыкаў сістэмнага аналізу, фармулявання ўласнай пазіцыі і мастацтва аргументацыі. Актыўнае выкарыстанне тэхналогіі “Педагагічныя дэбаты” садзейнічае вырашэнню гэтай задачы. Форма дэбатаў стымулюе развіццё камунікацыйных кампетэнцый, прымушаючы маладых педагогаў аргументавана выказваць свае меркаванні, глядзець на сітуацыю з розных пунктаў гледжання, прымаць пазіцыю супрацьлеглага боку. Магчымасць абагаціць мову і набыць камунікацыйныя навыкі ў гэтым выпадку больш важная за перамогу.

У школе стаў традыцыйным тыдзень педагагічнага майстэрства, у рамках якога кожныя 2 гады праводзіцца конкурс “Малады настаўнік года”. Удзельнікі спаборніцтва даюць адкрытыя ўрокі і мерапрыемствы, вызначаюць лепшых падчас трох выпрабаванняў. Так, педагогі рыхтуюць крэатыўную і запамінальную самапрэзентацыю, паспяхова вырашаюць складаныя праблемныя сітуацыі і выказваюць свой погляд на школу будучыні. Прафесійны конкурс накіраваны на фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці маладых спецыялістаў, іх патрэбы ў самаадукацыі і развіцці творчага патэнцыялу, на падтрымку настаўніцкай ініцыятывы.

— Сёння надзвычай востра адчуваецца важнасць прафесійнай мабільнасці як рухальнай сілы развіцця асобы, — адзначае В.А.Стасюк. — Мабільнасць дазваляе маладым педагогам упэўнена ўдзельнічаць у розных семінарах і канферэнцыях, кампетэнтна абагульняючы і прэзентуючы свой вопыт. Каб выгадаваць з маладога спецыяліста вопытнага настаўніка, неабходна распрацоўваць план прафесійнага станаўлення маладога педагога і нястомна працаваць над развіццём і ўдасканаленнем культурнай, педагагічнай і прафесійнай мабільнасці як асноўнай якасці асобы настаўніка новай школы. Гэта не толькі дазволіць пастаянна павышаць кваліфікацыю, але і пасадзейнічае творчаму развіццю педагога.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.