Педагагічная майстэрня творцаў

- 14:32Людзі адукацыі

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 95 Мінска Лідзія Іосіфаўна Яршова амаль 30 гадоў працуе на адміністрацыйных пасадах — спачатку педагогам-арганізатарам, потым дырэктарам школы, намеснікам дырэктара. Але ўсе гэтыя гады педагог застаецца верным выкладчыцкай дзейнасці — праводзіць урокі і факультатыўныя заняткі па сваёй любімай рускай мове і літаратуры і не ўяўляе сябе без гэтага. Лідзія Іосіфаўна — уладальніца прэміі і гранта Мінгарвыканкама, паспяхова рыхтуе вучняў да навукова-даследчых канферэнцый і прадметных алімпіяд. Работы яе вучаніц Таццяны Ларыёнавай і Настассі Клейманавай адзначаны дыпломамі Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ. Пра тое, як павысіць чытацкую культуру сённяшніх школьнікаў, як зрабіць урок літаратуры цікавым, пазнавальным і эфектыўным, — у нашай гутарцы з Л.І.ЯРШОВАЙ.

— Лідзія Іосіфаўна, як вы прыйшлі ў педагогіку? Чаму сталі менавіта настаўніцай рускай мовы і літаратуры?
— Я нарадзілася і вырасла ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці ў вёсцы Паўлава, і выбар прафесіі быў для мяне невыпадковым. Я з дзяцінства ведала, што буду менавіта настаўніцай. Па-першае, узорам для пераймання для мяне былі школьныя настаўнікі. Хаця яны былі намнога маладзейшымі за аднасяльчан, але ўсе іх вельмі паважалі, прыслухоўваліся да іх меркавання, ішлі за парадай. А мы, хлопчыкі і дзяўчынкі, імкнуліся быць падобнымі да сваіх педагогаў, пераймалі іх паходку, голас. Вялікім шчасцем для нас было прынесці партфель настаўніка дамоў ці з дому суправаджаць педагога ў школу. Па-другое, мае бацькі — простыя людзі, якія ўсё жыццё працавалі на зямлі, марылі, каб трое іх дзяцей атрымалі адукацыю. Яны вельмі хацелі, каб мы з сястрой сталі настаўнікамі. Пасля заканчэння васьмі класаў я паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча, потым — у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Праўда, пасля перавялася на філалагічны факультэт БДУ. Так атрымалася, што класным кіраўніком у школе, дзе я вучылася, і ў педвучылішчы былі менавіта настаўнікі рускай мовы і літаратуры, якія захапілі прадметам, неаднаразова прыцягвалі мяне да падрыхтоўкі ўрокаў. Заўсёды з вялікай удзячнасцю і цеплынёй успамінаю сваіх настаўнікаў — Марыю Іванаўну Міхайлаву, Людмілу Мікалаеўну Чаркес і Тамару Данілаўну Паграбную. Першым месцам работы была сярэдняя школа № 81 Мінска, у якой я пачала працаваць з 1978 года настаўніцай пачатковых класаў. Сёння з удзячнасцю ўспамінаю і сваіх настаўнікаў, якія дапамагалі рабіць першыя крокі ў прафесіі, і сваіх першых вучняў, якіх я добра памятаю.

— Якія прынцыпы ляжаць у аснове вашай работы з дзецьмі?
— Яшчэ Б.Шоу сцвярджаў, што адзіны шлях, які вядзе да ведаў, — гэта дзейнасць, таму асноўны з прынцыпаў работы — дзейнасны. Многія ісціны, пра якія гаворыцца ў школе, могуць застацца для навучэнца абстрактнымі, калі ён сам не прыйдзе да іх сваім шляхам, праз уласны пошук, свае адкрыцці, прасвятленні і няўдачы. Ні адзін настаўнік не ў стане даць навучэнцам усе тыя веды, якія патрабуе жыццё, але прывіць дзецям самаадукацыйныя навыкі, навучыць прымяняць веды на практыцы — выканальная задача.
Вельмі важным мне падаецца прынцып свабоды выбару. Ён заключаецца ў тым, каб даваць навучэнцам права самім вызначаць, якое заданне яны будуць выконваць (выразнае чытанне ўрыўка, слоўнае маляванне, ілюстрацыя эпізоду, напісанне эсэ і інш.). Таксама неабходна ствараць вучню на ўроку сітуацыю поспеху: каб дзіця адчувала сябе жаданым, упэўненым. Яшчэ адзін прынцып — прынцып зваротнай сувязі. Настаўніку важна ведаць не толькі, як дзіця засвоіла вучэбны матэрыял, але і з якім настроем адыходзіць з урока, ці цікава яму было працаваць. Дзеці прыходзяць на ўрок розныя: усхваляваныя і ўзбуджаныя, шумныя і крыклівыя, пасля фізічнай культуры, пасля кантрольнай работы, часам незадаволеныя, і так важна знайсці тую струну, якая дазволіць уключыць кожнага ў работу. Гэта можа быць верш, прытча, маленькі аповед з асабістага жыцця. І яшчэ адным прынцыпам з’яўляецца прынцып супрацоўніцтва: важна, каб дзіця бачыла ў табе суаўтара, калегу, які разам з табой творыць урок. Толькі так я ўспрымаю вучняў на ўроку. Пры наяўнасці такіх узаемаадносін ствараецца спрыяльны мікраклімат, які ўплывае на развіццё індывідуальнасці дзіцяці, садзейнічае яго сацыялізацыі.

Лідзія Іосіфаўна, якім, у вашым разуменні, павінен быць сучасны ўрок літаратуры? Назавіце складнікі паспяховага ўрока.
— Кожны педагог думае над тым, як зрабіць урок цікавым, каб дзецям на ім не было сумна, каб яны не паглядвалі на гадзіннік і не чакалі, калі празвініць званок. Няма стандартнага тыпу паспяховага ўрока, які б настаўнікі ўзялі на ўзбраенне і ў якім дакладна было б прапісана, якія этапы гэтага ўрока, якая іх паслядоўнасць. Кожны настаўнік — гэта творца. Кампазітар піша музыку, жывапісец выкарыстоўвае фарбы, а настаўнік творыць урок разам са сваімі вучнямі.
У маім разуменні сучасны ўрок рускай літаратуры — гэта ўрок, на якім камфортна педагогу і вучню, урок, які адпавядае сучасным патрабаванням, урок, дзе вучань знаходзіцца ў актыўным творчым пошуку і пастаянна развіваецца. На гэтым уроку мяняюцца функцыі настаўніка. Ён кансультант, арганізатар супрацоўніцтва. Акрамя таго, урок рускай літаратуры — гэта асаблівы ўрок, гэта ўрок чалавеказнаўства, урок фарміравання асобы, грамадзяніна сваёй краіны, урок фарміравання маральных каштоўнасцей. Таму вельмі шкада, што ў 10—11 класах рускай літаратуры толькі адна гадзіна на тыдзень. Радуе, што больш гадзін адведзена на вывучэнне такіх твораў, як “Злачынства і пакаранне” Ф.М.Дастаеўскага, “Вайна і мір” Л.М.Талстога. Разам з тым сумна, што з праграмы выключаны тэмы па вывучэнні лірыкі А.А.Фета.
На маю думку, паспяховы ўрок — гэта той урок, які дасягнуў сваёй мэты, на якім была створана сітуацыя поспеху для кожнага вучня, умовы для развіцця яго творчага патэнцыялу, выкарыстаны метады, прыёмы, сродкі навучання, якія дазволілі кожнаму дзіцяці засвоіць змест вучэбнага матэрыялу. Канечне, у кожнага настаўніка ёсць свая метадычная скарбонка, свой арсенал метадычных прыёмаў і сродкаў. Ёсць асаблівыя прыёмы і ў мяне. Гэта асацыятыўны эксперымент (напрыклад, пры вывучэнні аповесці “Капітанская дачка” А.Пушкіна прапаную падабраць асацыяцыі да слова “гонар” альбо пры вывучэнні верша М.Някрасава “Плач дзяцей” — да слова “дзеці”), пераблытаныя лагічныя ланцужкі, мазгавая атака, прыём зігзаг, прыём, калі кожны навучэнец можа паспрабаваць сябе ў ролі крытыка (напрыклад, вывучаючы п’есу М.Астроўскага “Навальніца”, вучням даецца заданне падрыхтаваць пытанні для правядзення дыскусіі паміж Пісаравым і Дабралюбавым). Прыём прагноз садзейнічае развіццю інтуіцыі: чаму так зрабіў герой, пры якіх умовах кожнае з пэўных дзеянняў героя будзе вельмі карысным і шкодным, якія магчымыя прычыны падзеі, якія наступствы? Часта вучням прапаноўваю праблемныя пытанні. Напрыклад: “Якая фраза п’есы “Навальніца” будзе вычарпальнай формулай цёмнага царства?” Гэты прыём прымушае кожнага зазірнуць у кнігу. Адказ на гэтае пытанне ляжыць на паверхні: “Жорсткія норавы ў нас”, — гаворыць адзін з персанажаў п’есы. Альбо ставіцца праблемнае пытанне: “Каго даўжэй за ўсіх, не перапыняючы, слухае Кабаніха?” Паміж вучнямі пачынаецца дыскусія. Яны аргументуюць свае адказы, пацвярджаюць іх прыкладамі з тэксту. І прыходзяць да высновы, што Кабаніха слухае даўжэй за ўсё, не перапыняючы, саму сябе. Такія адкрыцці пошуку ісціны выклікаюць радасць. А гэта і ёсць залог паспяховага ўрока.

— Вы згодны з тым, што сучасныя дзеці мала чытаюць і што чытацкая культура падае? Якім чынам вы імкняцеся зацікавіць вучняў чытаннем?
— Размовы аб падзенні цікавасці да чытання мастацкай літаратуры вядуцца ўжо даўно. На жаль, сур’ёзная кніга перастала быць кодам адукаванасці і інтэлігентнасці. Нашы вучні — разумныя, дапытлівыя, думаючыя, толькі, на жаль, сталі чытаць намнога менш. Па веды яны звяртаюцца не ў бібліятэку, а ў інтэрнэт. Гэта насцярожвае. Яны ніяк не могуць дачытаць “Вайну і мір”, не чулі многіх прозвішчаў вядомых пісьменнікаў. І не таму, што слухаюць цэлымі днямі музыку і ганяюць у футбол, а проста яны любяць больш хуткасці, дакладную інфармацыю, а мастацкая класіка для іх марудная і вельмі суб’ектыўная. Інфармаванасць для сучаснага чалавека часта важнейшая за глыбокія веды, навыкі аналізу, здольнасць да суперажывання, таму нас, філолагаў, не можа не турбаваць гэта. А сфарміраваць сапраўднага чытача мы можам толькі на ўроках літаратуры. І пачынаць гэта важна нават не з 5 класа, а з 1-га. Плюс вялікай падмогай павінны стаць дамашнія ўмовы. Бацькі павінны паклапаціцца, каб у руках дзіцяці была кніга. Я, можа, падамся чалавекам старых поглядаў, аднак прашу дзяцей, каб на ўрок яны прыносілі кнігу ў папяровым варыянце з закладкамі, паметкамі, пытаннямі. Для мяне важна, каб дзіця ў любы момант змагло знайсці пэўную цытату, расказаць, чым яна яго зацікавіла, над чым прымусіла задумацца, з чым яно не згодна, каб на ўроку былі жывое абмеркаванне, дыскусія.
Мае выхаванцы на кожную чвэрць атрымліваюць спіс літаратуры для дадатковага чытання. Яны вядуць чытацкі дзённік, пішуць анатацыі на прачытаныя творы. Часта выкарыстоўваю ролевыя гульні. Напрыклад, “Я — крытык” (вучням прапаноўваецца ўзяць інтэрв’ю ў пісьменніка альбо літаратурнага героя). Школьнікі выступаюць у ролі экскурсаводаў. Напрыклад, здзяйсняюць віртуальнае падарожжа ў сядзібу Ларыных альбо завочную экскурсію па Пецярбургу Ф.Дастаеўскага. Прапаноўваю дзецям пабыць у ролі аўтара і паведаміць, якім можа быць працяг той альбо іншай гісторыі. І гэтыя сітуацыі прымушаюць вучня ўзяць кнігу. Вельмі падабаецца дзецям складанне крыжаванак па прачытаным творы. У сярэднім звяне прывіццю цікавасці да кнігі садзейнічае тэатралізацыя. Так, мы з вучнямі паставілі казку “Дванаццаць месяцаў” С.Маршака, а зараз працуем над казкай “Чырвоная Шапачка” Я.Шварца. З якой ахвотай і жаданнем удзельнічаюць дзеці ў гэтых пастаноўках! Тут і акцёры, і рэжысёры, і дэкаратары, і асвятляльнікі. У кожнага свая роля і кожны можа самавыявіцца, раскрыцца з зусім нечаканага боку.

— Апошнім часам у продажы можна знайсці кнігі са сціслым пераказам класічных твораў, рашэбнікі не толькі па мове, але і па літаратуры. Як вы адносіцеся да такіх выданняў?
— Я катэгарычна супраць іх. Рашэбнікі адвучваюць дзяцей думаць. І ўвогуле, калі прапаноўваюцца гатовыя рашэнні, дзіця не навучыцца само рашаць і адказваць на пытанні. Акрамя таго, гэтыя выданні часта з вялікай колькасцю памылак — у іх няправільна пададзены прозвішчы герояў, імёны, паслядоўнасць падзей. На маю думку, чытанне ў скарочаным варыянце — самы прымітыўны від чытання. Вельмі проста праверыць, наколькі ўважліва вучань прачытаў той ці іншы твор. На пачатку ўрока я прапаноўваю тэставую работу на хвілін 5—7 па змесце твора, у якой пытанні патрабуюць дэталёвага ведання тэксту. Напрыклад, якое дрэва было талісманам у дзяцінстве Базарава. І калі вучань чытаў тэкст у кароткім выкладанні, то не адкажа на гэтыя пытанні.

— Якія педагагічныя тэхналогіі вы лічыце найбольш эфектыўнымі на літаратуры?
— На маю думку, найбольш эфектыўнымі на ўроках рускай літаратуры з’яўляюцца тэхналогіі французскіх педмайстэрань, развіцця крытычнага мыслення, даследчай дзейнасці, дыялогавага ўзаемадзеяння, гульнявая тэхналогія (асабліва ў сярэднім звяне) і праектная дзейнасць. Яшчэ ў канцы 90-х гадоў мне пашчасціла стаць удзельніцай майстар-класа па выкарыстанні тэхналогіі французскіх педмайстэрань, праведзенага выкладчыкамі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Яны паказалі, як на практыцы кожнае дзіця можна ўключыць у самастойны пошук ведаў. Педагогі дэманстравалі фрагменты ўрокаў гісторыі, а я падумала, як можна перанесці гэтую тэхналогію на ўрокі рускай славеснасці. І зараз з задавальненнем мы працуем па гэтай тэхналогіі. Тэхналогія французскіх педмайстэрань прыцягвае тым, што для кожнага дзіцяці ствараецца сітуацыя поспеху: гэта тэхналогія безадзнакавая і не прадугледжвае ацэньвання дзяцей. Кожны вучань адчувае сябе ўпэўнена, кожны мае права на памылку, можа арыгінальна, нестандартна выказаць свае думкі, якія ідуць у разрэз з меркаваннем большасці. Важным момантам у педагагічнай майстэрні з’яўляецца рэалізацыя ідэі дыялогу, бо адбываецца абмен меркаваннямі паміж удзельнікамі майстэрні.
Вынікам работы ў майстэрні становіцца не толькі рэальнае веданне і ўменне, але і працэс спасціжэння ісціны, стварэння творчага прадукту. Майстэрня — гэта арыгінальны спосаб арганізацыі дзейнасці навучэнца ў складзе малой групы пры ўдзеле настаўніка-майстра. Групавое навучанне вучыць зносінам, уменню слухаць, прызнаць пункт гледжання, працаваць для дасягнення агульнай мэты. Урокі ў рэжыме майстэрні — гэта ўрокі адкрыцця: умееш маляваць — малюй, хочаш спяваць — спявай, любіш танцаваць — танцуй, падабаецца тэатр — пішы сцэнарый, рэжысіруй, іграй. Стыль работы на такім уроку — дэмакратычны, дзіця становіцца суб’ектам адукацыйнага працэсу. Такія ўрокі праводзяцца адзін раз у месяц, бо падрыхтоўка да іх вельмі сур’ёзная: важна прадумаць, як выклікаць дзяцей на шчырую размову, падабраць адпаведныя заданні, вызначыць канчатковы прадукт, на які дзеці павінны выйсці, выкарыстаць іншыя віды мастацтва.
Акрамя таго, перспектыўным з’яўляецца і выкарыстанне на ўроках ІКТ. Яны эканомяць час на занятках, напаўняюць іх новым зместам, развіваюць творчы падыход да навакольнага свету, дапытлівасць, фарміруюць элементы інфармацыйнай культуры. Дарэчы, сёлета з настаўнікам гісторыі Віктарам Сяргеевічам Дэйчам мы пачалі рэалізоўваць праект “Развіццё пазнавальнага інтарэсу навучэнцаў на ўроках гісторыі і літаратуры сродкамі флэш-анімацыі”.

— Лідзія Іосіфаўна, вы часта наведваеце ўрокі літаратуры маладых педагогаў. Якія памылкі яны часцей за ўсё робяць?
— Наведваючы ўрокі маладых спецыялістаў, заўважаю, што самай галоўнай памылкай з’яўляецца, па-першае, ператварэнне ўрока ва ўрок-лекцыю. Малады педагог лічыць, што толькі ён у стане патлумачыць той ці іншы матэрыял. Урок часам ператвараецца ў тэатр аднаго акцёра, а дзеці — у пасіўных слухачоў, што не садзейнічае засваенню ведаў. Па-другое, з аднаго боку, маладыя педагогі імкнуцца паказацца вельмі строгімі, патрабавальнымі, дзесьці назіраецца заніжэнне адзнак або, наадварот, педагогі прадстаўляюцца за панібрата, як сябры альбо сяброўкі, і абсалютна неправамерна завышаюць адзнакі. Сваім маладым калегам я часта гавару і пра тое, што не віна вучня, калі вы ім не прапанавалі заданні пятага ўзроўню і не абгрунтавана знізілі адзнаку. Яшчэ адна праблема — няўменне пачынаючых настаўнікаў размеркаваць час на ўроку. Калі-нікалі атрымліваецца, што праверка дамашняга задання займае большую частку часу, а на засваенне новых ведаў яго не застаецца.
Прыемна тое, што маладыя педагогі — людзі творчыя, актыўныя, яны падабаюцца дзецям, вучні цягнуцца за імі. Хочацца пажадаць ім не спыняцца на дасягнутым, рухацца наперад, бачыць перспектыву. Усё ў іх абавязкова атрымаецца!

Гутарыла
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.