Дзесяць гадоў назад гімназіі Жыткавіч было прысвоена імя Аляксандра Аляксандравіча Ліхоты, заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь. Выбар невыпадковы, абдуманы, узважаны.
Аляксандр Аляксандравіч, безумоўна, заслужыў такога высокага гонару, хоць і не дажыў да таго часу, калі ў раёне пачала працаваць гімназія ў будынку, дзе раней быў спецыяльны дзіцячы дом і школа-інтэрнат для дзяцей-сірот. Гэтыя ўстановы і ўзначальваў у свой час вядомы педагог.
Ён пачынаў працоўную дзейнасць у цяжкія пасляваенныя гады. Па ўспамінах былых супрацоўнікаў дзіцячага дома, матэрыяльная база з прычыны абставін была слабая, не хапала нават посуду і бялізны. Дзеці, не прывучаныя да дысцыпліны, часта ўцякалі. Толькі ўвага, цярпенне і пяшчотныя адносіны педагогаў дапамагалі дзецям-сіротам прызвычаіцца да жыцця ў дзіцячым доме.
Аляксандр Аляксандравіч адначасова вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута імя В.П.Чкалава. Стараннага маладога педагога заўважылі і прызначылі намеснікам дырэктара Жыткавіцкай сярэдняй беларускай школы, а ў хуткім часе перавялі на пасаду дырэктара таго самага спецыяльнага дзіцячага дома, дзе ён пачынаў педагагічны шлях.
Аляксандр Аляксандравіч Ліхота нарадзіўся 8 мая 1925 года ў Жыткавічах у сям’і рабочага-чыгуначніка. З 1932 па 1941 год вучыўся ў Жыткавіцкай сярэдняй школе, да вайны паспеў скончыць 9 класаў. З 1945 па 1950 год служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі пайшоў вучыцца ў Жыткавіцкую сярэднюю школу рабочай моладзі, а потым, у 1951 годзе, паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута імя В.П.Чкалава. Адначасова ўладкаваўся на працу ў спецыяльны дзіцячы дом выхавальнікам. З 1958 года займаў пасаду завуча Жыткавіцкай сярэдняй беларускай школы. У 1960-м прызначаны дырэктарам спецыяльнага дзіцячага дома. З 1969 па 1978 год — загадчыкам Жыткавіцкага раённага аддзела адукацыі. У 1978 годзе пераведзены на пасаду дырэктара сярэдняй школы № 2. У 1981-м вярнуўся на пасаду дырэктара школы-інтэрната. Не стала А.А.Ліхоты ў 1995 годзе.
У школе, як часта кажуць настаўнікі, працаваць няпроста, а ў дзіцячым доме, які з цягам часу быў рэарганізаваны ў школу-інтэрнат, клопатаў і праблем непараўнальна больш, бо трэба забяспечыць дзяцей усім неабходным, каб яны адчувалі сябе як дома: апрануць, абуць, накарміць, забавіць. За час работы Аляксандра Аляксандравіча дырэктарам у дзіцячым доме быў пабудаваны склад, свінарнік, стайня, склеп для захавання агародніны, сталовая, на вялікім полі ў некалькі гектараў вырошчвалася садавіна і агародніна. Было запланавана пашырэнне швейнай і сталярнай майстэрняў, будаўніцтва пральні.
Клопатаў у кіраўніка ўстановы было шмат, тым не менш, кіруючыся педагагічнымі ідэямі А.С.Макаранкі, Аляксандр Аляксандравіч гаварыў, што ў калектыве першаснымі павінны быць педагагічныя задачы, а не гаспадарчыя, таму многа працаваў з педагогамі, асабліва маладымі. Часта паўтараў выказванне Антона Сямёнавіча Макаранкі: “Выхавальнік павінен быць выхаваным”. Пра культуру паводзін і зносін Аляксандра Ліхоты з педагогамі і выхаванцамі ў Жыткавічах хадзілі легенды. Ён ніколі не дапускаў грубасці, павышэння голасу, заўсёды ўважліва выслухоўваў чалавека, імкнуўся зразумець.
А.А.Ліхота часта паўтараў выказванне вялікага педагога В.А.Сухамлінскага: “Выхоўваць на ўроках і толькі на ўроках немагчыма”. Таму ён быў ініцыятарам ажыццяўлення разнастайнай пазаўрочнай работы: правядзення школьных вечарын, паходаў, спартыўных спаборніцтваў. Спорту Аляксандр Аляксандравіч удзяляў вялікую ўвагу, пры дзіцячым доме была вялікая спартыўная пляцоўка, закуплялася шмат спартыўнага інвентару.
З 1969 па 1978 год А.А.Ліхота працаваў загадчыкам Жыткавіцкага раённага аддзела адукацыі. Марыя Піліпаўна Рудэнка, якая ўзначальвала райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў той час, успамінае Аляксандра Аляксандравіча як мудрага дарадцу, у самых складаных сітуацыях яна звярталася да яго. Кіраўнік аддзела адукацыі аказваў вялікую дапамогу дырэктарам школ, добра ведаў, як арганізаваны вучэбны працэс ва ўсіх школах, працаваў над удасканаленнем навучання ў школах раёна.
Аляксандр Аляксандравіч разам з жонкай выхаваў двух сыноў. Яўген вучыўся ў Мінскім медыцынскім інстытуце, пасля перавёўся ў ваенна-медыцынскую акадэмію, у адстаўку выйшаў падпалкоўнікам. Другі сын, дарэчы, таксама Аляксандр Аляксандравіч, скончыў факультэт агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н.В.Крупскай, працаваў настаўнікам.
Сын Аляксандра Аляксандравіча дзяліўся ўспамінамі: “У сям’і панаваў культ кніг. У нас была вялікая дамашняя бібліятэка. Бацькі выпісвалі шмат часопісаў і газет. Чытаннем захапляліся ўсе. Настольнай кнігай бацькі была “Педагагічная паэма” А.С.Макаранкі. Яшчэ адным захапленнем бацькі быў футбол. У маладосці ён стаяў на варотах раённай каманды. Пасля сачыў за гульнёй каманды “Меліяратар”.
Добрая памяць пра вялікага педагога раёна, заслужанага настаўніка Беларусі, цудоўнага чалавека жыве ў памяці жыткаўчан, былых калег і выхавальнікаў. Выдатным прыкладам гэтага з’яўляецца наданне імя А.А.Ліхоты гімназіі Жыткавіч. Педагагічны калектыў фарміраваўся на аснове конкурснага адбору. Узначаліла гімназію і да гэтага часу працуе на пасадзе дырэктара Людміла Генадзьеўна Катвіцкая. За гады работы гімназіі яе вучні атрымалі больш за 70 дыпломаў рознай вартасці на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Гімназія рэгулярна становіцца пераможцай конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі раёна.
Таццяна СТРУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Жыткавіч імя А.А.Ліхоты.