Педагагічная палітра лета

- 12:22Адукацыйныя праекты

Пасяджэнне Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі “Дзейнасць устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў перыяд летніх канікул: тэндэнцыі, вопыт, перспектывы” прайшло 12— 13 чэрвеня на Віцебшчыне.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома адзначыў, што развіццё сістэмы дадатковай адукацыі ў вобласці з’яўляецца адным з прыярытэтаў. Асноўныя напрамкі дзейнасці ўстаноў адукацыі ў летні перыяд — забеспячэнне пераемнасці і бесперапыннасці адукацыйнага працэсу, стварэнне ўмоў для адпачынку і аздараўлення дзяцей і моладзі, арганізацыя карыснай занятасці і пазітыўнага адпачынку. Іх рэалізацыя ажыццяўляецца праз прадастаўленне шырокага спектра праграм аб’яднанняў па інтарэсах, адукацыйных, адпачынкавых і сацыяльна значных паслуг аздараўлення і адпачынку дзяцей і моладзі з улікам патрэбнасцей, інтарэсаў і запытаў бацькоў.

Найпершы клопат — бяспека дзяцей. Скаардынаваная работа ў гэтым напрамку праводзіцца разам з упраўленнямі ўнутраных спраў і аховы здароўя аблвыканкама, абласным упраўленнем МНС, грамадскімі арганізацыямі. У кожным раёне вобласці працуюць профільныя аздараўленчыя лагеры, у арганізацыі якіх актыўна задзейнічаны сацыяльныя партнёры. Навучэнцам — сярод іх і цяжкія падлеткі (дарэчы, колькасць непаўналетніх, што знаходзяцца на розных формах прафілактычнага ўліку, за апошняе дзесяцігоддзе скарацілася практычна ў 5 разоў), і дзеці, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, — нязменна цікава дзейнасць сілавых ведамстваў. Выхаваўчы момант бясспрэчны і вельмі моцны, а для партнёраў, напрыклад, сілавых ведамстваў, гэта выдатны прафарыентацыйны рэсурс.

У вобласці арганізавана работа 59 аздараўленчых лагераў для 5,5 тысячы навучэнцаў, з якіх 24 — з кругласутачным знаходжаннем. Па паказчыках аздараўлення дзяцей і моладзі ў лагерах з дзённым знаходжаннем Віцебшчына традыцыйна займае лідзіруючыя пазіцыі. Прычым калі раней акцэнт быў зроблены толькі на чэрвень, цяпер тэндэнцыя зрушылася: лагеры праводзяцца і ў ліпені — жніўні. Праграмы профільных лагераў носяць комплексны характар, спалучаюць спартыўна-аздараўленчыя і адпачынкавыя мерапрыемствы, даследчую, сацыяльна значную дзейнасць, прафесійную арыентацыю. Апошнім часам у моладзі карыстаюцца папулярнасцю лагеры працы і адпачынку.

Сярод лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей значная частка знаходзіцца ў падпарадкаванні сістэмы адукацыі. Самы буйны з іх — “Ізумрудны” Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка. Дзякуючы актыўнай рэкламнай кампаніі, сёлета ў лагеры будуць адпачываць дзеці з 10 раёнаў і гарадоў Віцебскай вобласці, Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Клайпеды, а таксама Ізраіля і Германіі. Другі год функцыянуе аздараўленчы лагер “Арыён” Гарадоцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі з вяровачным паркам і двума палігонамі для гульні ў лазертаг, заняткамі па скалалажанні на адным з лепшых у краіне скаладромаў і па турыстычна-прыкладным мнагаборстве на спецыяльна абсталяванай эталоннай дыстанцыі для спаборніцтваў.

— У цэлым мы выйшлі на добрыя вынікі і будзем рады іх паказаць, — адзначыў Дзмітрый Леанідавіч. — Пераканаўчым пацвярджэннем таго, што знаходзімся на правільным шляху, стала выступленне каманды вобласці на Рэспубліканскім конкурсе па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkills Belarus. Нашы ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі маюць унікальны вопыт і каштоўныя традыцыі. Разам з тым час дыктуе пашырэнне спектра магчымасцей і пошук новых форм работы. Для гэтага неабходна адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база, і мы прыкладаем усе намаганні, каб абласныя, гарадскія, раённыя ўстановы адпавядалі сучаснаму ўзроўню. Так, 1 чэрвеня пасля рэканструкцыі расчыніў дзверы Палац дзяцей і моладзі Наваполацка, 1 верасня пасля капітальнага рамонту адкрыецца асноўны корпус Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Пры гэтым самай галоўнай умовай поспеху застаецца чалавечы фактар: калі ёсць веды і зацікаўленасць, справа робіцца з душой — усё заўсёды атрымліваецца.

Больш падрабязна аб рабоце рэгіянальнай сістэмы дадатковай адукацыі па арганізацыі летняга адпачынку навучэнцаў праінфармаваў дырэктар Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Дзмітрый Андрэеў. На Віцебшчыне функцыянуюць 29 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, чатыры з якіх аднапрофільныя. У летні перыяд іх наведваюць больш за 40 тысяч навучэнцаў, працуюць 2614 аб’яднанняў па інтарэсах. У сістэме адукацыі дзейнічае абласная праграма “Канікулы”, накіраваная на ажыццяўленне рэгіянальнай адукацыйнай палітыкі ў сферы летняга аздараўлення і адпачынку дзяцей і моладзі. Кожны год у дапамогу арганізатарам летняга адпачынку выдаецца зборнік метадычных рэкамендацый і сцэнарных распрацовак. Створаны электронны банк праграм аб’яднанняў па інтарэсах і метадычных матэрыялаў, арганізавана работа пастаянна дзеючых метадычных выстаў і інфармацыйна-каардынацыйных пунктаў, праводзяцца дні ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў аздараўленчых лагерах. У сістэме дадатковай адукацыі — 8 лагераў з кругласутачным знаходжаннем для амаль 4,5 тысячы навучэнцаў.

Запатрабаванымі з’яўляюцца аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем мастацкага, эколага-біялагічнага, ваенна-патрыятычнага, тэхнічнага і сацыяльна-педагагічнага профіляў; традыцыйна папулярныя палатачныя лагеры з кругласутачным знаходжаннем.

Яркая старонка маладзёжнага лета — удзел у рэспубліканскіх і абласных акцыях, рэгіянальных святах і фестывалях. Больш за 500 навучэнцаў будуць задзейнічаны ў канцэртных праграмах і правядзенні майстар-класаў у рамках горада майстроў на міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Сёлета акцэнт зроблены на вывучэнні і захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны, атрыманні і сістэматызацыі ведаў аб малой радзіме.

На пасяджэнні круглага стала удзельнікі савета абмяняліся арыгінальнымі напрацоўкамі і абмеркавалі праблемныя пытанні арганізацыі летняга адпачынку. Вопытам работы падзяліліся дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Святлана Скрабец, кіраўнікі абласных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Алена Уладзіміраўна асобна адзначыла, што другі год запар Віцебшчына прымае мерапрыемствы Саюзнай дзяржавы: летась у Аршанскім раёне адбыўся турзлёт, а неўзабаве на базе Бярэзінскага біясфернага запаведніка будзе праводзіцца злёт юных эколагаў Беларусі і Расіі.

Падзяліліся сваім вопытам і рэгіёны. Так, на Гомельшчыне дзейнічаюць лагеры для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у кожным раёне ёсць лагеры для дзяцей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Па словах дырэктара Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святланы Якіменка, “фішка” сезона — прафарыентацыйныя лагеры для навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Візітная картка палаца — праект “Прафесійныя канікулы”, дзелавая гульня “Бізнес-квест: лета профі”, гульня “Энкаўнтар”, удзел у абласных акцыях.

Акцэнт на міжведамасным узаемадзеянні, бесперапынным працэсе выхавання і рабоце рэсурснага цэнтра па аздараўленні Магілёўскай вобласці пры галоўным упраўленні па адукацыі аблвыканкама зрабіла намеснік дырэктара абласнога Цэнтра творчасці Святлана Рыськова. Цікавы факт: частымі і жаданымі гасцямі ў аздараўленчых лагерах на Магілёўшчыне з’яўляюцца байкеры. Сяброўства з імі — яркі эмацыянальны момант, які прываблівае моладзь; традыцыя супрацоўніцтва налічвае не ад зін год. Намеснік дырэктара Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Сяргей Малочнікаў расказаў пра адметнасці лета па-сталічнаму і праанансаваў больш блізкае знаёмства з арганізацыяй летняга аздараўлення ў верасні, падчас наступнага пасяджэння рэспубліканскага савета дырэктараў. Не мае патрэбы ў рэкламе ўнікальнае структурнае падраздзяленне палаца — планетарый. У перыяд канікул ён таксама актыўна задзейнічаны. Каштоўны вопыт рэгіёна — летнія школы, якія забяспечваюць дадатковы набор у аб’яднанні па інтарэсах. Выразная асаблівасць Гродзеншчыны — цесная ўзаемасувязь з установамі агульнай сярэдняй адукацыі па прынцыпе “незанятых дзяцей быць не павінна”: кожная ўстанова дадатковай адукацыі мае спісы навучэнцаў, звесткі аб тым, чым кожны з іх збіраецца займацца ўлетку, і ў адпаведнасці з гэтым будуе сваю работу. Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і мола-дзі Леанід Валенцюкевіч паведаміў, што бягучым летам на базе ўстановы адукацыі ўпершыню пачынае працаваць басейн, дзе будуць займацца дзеці з усіх аздараўленчых лагераў горада. Расказваючы аб правядзенні аздараўленчай кампаніі ў рэгіёне, дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Віктар Іваноў адзначыў арганізацыю ІТ-лагера ў аграгарадку Тамашоўка і такі напрамак, як аздараўленне за мяжой дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У Італію, Вялікабрытанію, Германію, Іспанію накіруецца за лета каля 600 юных брэстаўчан. Прарэктар Мінскага абласнога інтытута развіцця адукацыі Святлана Адамовіч праінфармавала аб тым, што ў гэтым годзе на Міншчыне з’явіўся попыт ад спецыялістаў на семінар па аказанні сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі; у сакавіку быў распрацаваны спартыўны пашпарт навучэнца, зараз пачынаецца яго апрабацыя, у тым ліку ў аздараўленчых лагерах.

Гаспадары запрасілі ўдзельнікаў рэспубліканскага савета азнаёміцца з арганізацыяй летняга адпачынку дзяцей і моладзі ў рэгіёне на практыцы. Госці Віцебшчыны наведалі профільны аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей “Юны эколаг” і аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей “Дружныя рабяты” абласнога Палаца дзяцей і моладзі, профільныя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей “Патрыёт” (на базе славутай 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады) і “Лідар” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, перасовачны палатачны лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей “Алімпіец” Аршанскага раённага цэнтра фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, ІТ-акадэмію “КомпАС” і аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей эколага-біялагічнага, мастацкага, тэхнічнага профіляў устаноў дадатковай адукацыі Аршанскага раёна.

— Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі ў летні перыяд — выдатны рэсурс выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, — выказала меркаванне дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка. — Гэта яркая палітра форм і метадаў работы, найперш профільных лагераў, якія дазваляюць забяспечыць максімальныя магчымасці для аздараўлення, фізічнага і асобаснага развіцця дзяцей і падлеткаў. І, безумоўна, гэта вялікая творчая педагагічная лабараторыя, дзе калектывы ўстаноў адукацыі рэалізоўваюць новыя праекты і праграмы і дзякуючы якой выходзяць на больш высокі прафесійны ўзровень. Лета толькі пачынаецца, але ўжо цяпер плануецца работа лета наступнага года. Упэўнена, што многае з пабачанага паслужыць калегам штуршком для новых цікавых ідэй.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.