Педагагічная прафесія як лад жыцця

Выхавальніца ясляў-сада № 137 Мінска Наталля Мікалаеўна Карповіч — прадстаўніца педагагічнай дынастыі. Яе бабуля і цётка працавалі настаўніцамі малодшых класаў, мама — настаўніца гісторыі і замежных моў, старэйшая сястра — настаўнік-дэфектолаг. Але Наталля Карповіч пасля заканчэння Каменналаўскай сярэдняй школы  Шклоўскага раёна атрымала спецыяльнасць “Рэжысура клубных мерапрыемстваў” у Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Веды і навыкі, набытыя тут, вельмі спатрэбіліся ў педагагічнай рабоце. Не адзін дзясятак казачных персанажаў яна ўвасобіла для сваіх выхаванцаў падчас святочных мерапрыемстваў. 

У дашкольную сферу Наталля Мікалаеўна трапіла амаль выпадкова: уладкавала дачку ў дзіцячы сад вёскі Палыкавічы і ўладкавалася сама, спачатку памочнікам выхавальніка. Настолькі захапілася работай з маленькімі дзецьмі, што вырашыла закончыць педвучылішча (сённяшні сацыяльна-гуманітарны каледж МДУ імя А.А.Куляшова) і стала выхавальнікам. Па сямейных абставінах пераехала ў Мінск, дзе адразу было няпроста, бо прыйшлося цалкам змяніць сваё жыццё. Але дапамагла любімая работа, маленькія выхаванцы.

“Дзіцячы свет своеасаблівы, — гаворыць Наталля Мікалаеўна. — Кожную раніцу ты бачыш перад сабой вочкі выхаванцаў, якія глядзяць на цябе з цікаўнасцю і ўважліва слухаюць кожнае тваё слова. Дзеці прызнаюцца табе ў любові і абдымаюць сваімі маленькімі ручкамі. У якой прафесіі яшчэ такое сустрэнеш!? Я жыву ў краіне дзяцінства, настолькі добрай, што не перадаць словамі. Часам адчуваю сябе, нібы тая дзяўчынка, вось толькі ўнучкі ўжо называюць бабуляй. Мая ўнучка-дашкольніца з нецярпеннем чакае сустрэчы са мной. “Толькі ты, бабуля, можаш пагуляць са мной у даганялкі і ў коніка”, — з упэўненасцю канстатуе малышка. Быць выхавальнікам для мяне — гэта не проста прафесійны абавязак, гэта лад жыцця. Адпачынку ў такой высакароднай справе ў мяне не бывае. Але і ўявіць сябе на іншым месцы працы не магу, бо без дзяцей, як тая расліна без вады і паветра, зачахну.

Мой прынцып у рабоце з дзецьмі, іх бацькамі і калегамі — супрацоўніцтва і ўзаемапавага. Добразычлівы тон, уменне выслухаць і неназойліва ў карэктнай форме патлума­чыць сваю пазіцыю, прапанаваць розныя варыянты вырашэння таго ці іншага пытання. Прафесію педагога я магу параўнаць з акцёрскай. Кожны раз, калі іду да дзяцей, адчуваю пэўны ўнутраны страх, быццам рыхтуюся да выхаду на сцэну. Але як толькі мы з дзецьмі павітаемся, паглядзім адно аднаму ў вочы, усміхнёмся, як толькі ў групе з’явіцца агульны станоўчы настрой, я супакойваюся, і заняткі ідуць сваім ходам”.

Не сакрэт, што асобаснаму развіццю дзяцей садзейнічаюць адукацыйныя тэхналогіі, якія прымяняе педагог. Наталля Карповіч выкарыстоўвае пераважна тэхналогію ТРВЗ і гульні В.У.Васкабовіча (мае сертыфікат аб праходжанні адпаведных курсаў). Вячаслаў Уладзіміравіч Васкабовіч прызнаны адным з першых аўтараў шматфункцыянальных і крэатыўных развіццёвых гульняў (дапаможнікі “Фіялетавы лес”, “Цуда-соты”, “Цуда-крыжыкі” і г.д.). Яго гульні фарміруюць творчы патэнцыял дзіцяці, развіваюць сенсорыку і псіхічныя працэсы, уяўленне і лагічнае мысленне, вучаць чытанню і г.д. Наталля Мікалаеўна вядзе гурток “Пазнайка”, дзе ў рабоце з дашкольнікамі выкарыстоўвае гульні В.У.Васкабовіча. 

У мінулым годзе педагогі ясляў-сада № 137 Мінска прымалі ўдзел у конкурсе на атрыманне прэміі Мінгарвыканкама “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” з адукацыйным праектам “Сэнсарны інтэрактыўны планшэт як адзін са сродкаў развіцця пазнавальнай актыўнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту”. У рамках праекта Наталля Мікалаеўна разам з групай ініцыятыўных педагогаў займалася стварэннем мабільных інтэрактыўных планшэтаў для развіцця пазнавальнай актыўнасці выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту, а таксама з мэтай далучыць іх да турыстычна-краязнаўчай і эколага-біялагічнай дзейнасці. Педагогі з захапленнем выраблялі адпаведныя фігуркі з фетру, якія прымацоўваюцца з дапамогай ліпучак на вялікі экран (фон на аснове тканіны), лёгка трансфармуюцца, таму з імі можна стварыць любы казачны сюжэт, разгледзець тэмы (расліны, жывёлы, транспарт), якія дзеці праходзяць па праграме.  

З 2013 года яслі-сад № 137 Мінска з’яўляецца філіялам кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі факультэта дашкольнай адукацыi БДПУ імя Максіма Танка. З 2018 года ўстанова стала рэсурсным цэнтрам па “зялёных школах” у рамках праекта “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэння кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні” (“Экаманіторынг”). Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь у 2018—2022 гг. Усе педагогі ўстановы ў той ці іншай ступені працуюць у згаданых кірунках.

Наталля Карповіч расказала, што вельмі любіць беларускую мову. З маленства бацькі прывівалі ёй любоў да роднай мовы, размаўлялі па-беларуску дома, чыталі казкі, спявалі народныя песні. У школе ёй вельмі пашанцавала з настаўнікам беларускай мовы. У пачатку мінулага навучальнага года з выхаванцамі сваёй беларускамоўнай групы Наталля Мікалаеўна рэалізоўвала праект “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”. Важнай часткай праекта была работа з бацькамі ў рамках мерапрыемстваў “Не пусцім мову на звод, бо мы беларускі народ”, “У госці да нас Каляда прыйшла”, а таксама пры арганізацыі выстаў-экспазіцый “Прадметы побыту беларусаў” і “Адкуль хлеб на стол прыйшоў”.

Н.М.Карповіч цікавіцца педагагічнымі навінкамі, шукае новыя грані ў сваёй педагагічнай дзейнасці. Зараз, напрыклад, яе хвалюе работа з дзецьмі з АПФР, ёй хочацца спа­знаць усе тонкасці ўзаемадзеяння з імі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.