Педагагічная сям’я папоўнілася

- 12:01Навіны рэгіёнаў

У Чыгуначным раёне Гомеля ёсць добрая традыцыя: вось ужо колькі гадоў запар на пачатку новага навучальнага года тут праводзяць сустрэчы з маладымі спецыялістамі, якія прыйшлі на працу ва ўстановы адукацыі.

Якія пачуцці і эмоцыі ахопліваюць настаўніка, калі ён трапляе на першае працоўнае месца? Адны ўпэўнены ў сваіх сілах, другія прыходзяць разгубленымі, адны лёгка ладзяць з калегамі, іншыя з цяжкасцю ўліваюцца ў калектыў. Акрамя таго, у маладога спецыяліста ўзнікае нямала пытанняў наконт працоўных адносін, нейкіх грашовых выплат і г.д. На сустрэчы якраз агучваюцца многія аспекты. Ды і сустрэчы ладзяцца ўжо тады, калі навабранцамі зроблены першыя рэальныя крокі ў прафесіі, а значыць, яны могуць вырашаць канкрэтныя праблемы.

Як паведаміла старшыня раённай арганізацыі галіновага прафсаюза Таццяна Стрыжак, пры падрыхтоўцы да мерапрыемства было праведзена анкетаванне маладых педагогаў з мэтай высвятлення магчымых цяжкасцей і праблем.

— Дзелячыся цяжкасцямі ў рабоце, 12% апытаных зазначылі пачуццё ўласнай няўпэўненасці і столькі ж — складанасці з арганізацыяй дзіцячага калектыву, 21% маладых педагогаў прызналіся ў недахопе прафесійных ведаў для таго, каб павесці навучэнцаў, — расказала Таццяна Фёдараўна.

Але ёсць таксама шмат прыемнага. Так, усе ўдзельнікі апытання адзначылі, што на працы яны былі прыстаўлены да больш вопытнага настаўніка, ад якога атрымалі неабходныя кансультацыі і пры неабходнасці працягваюць звяртацца па дапамогу. Таксама ўсе рэспандэнты адзначылі, што іх задавальняе нагрузка і графік.

— Мы лічым апраўданай такую традыцыю правядзення сустрэчы з маладымі спецыялістамі тады, калі зроблены першыя рэальныя крокі ў прафесіі, паколькі так малады настаўнік можа задаць канкрэтныя пытанні, з якімі ён сутыкнуўся ў працэсе сваёй дзейнасці, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чыгуначнага раёна Гомеля Ірына Казімірава.

Штогод Ірына Раманаўна нязменна прымае ўдзел у сустрэчы. У гэтым ёсць свой сакрэт: яна бліжэй знаёміцца з кожным педагогам, углядаецца ў іх вочы. Як вопытны кіраўнік іскрынку бачыць адразу і ніколі не памыляецца.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць аддзел адукацыі, спорту і турызму і раённы камітэт галіновага прафсаюза, лідар якога таксама ніколі не прапускае магчымасць блізка пагутарыць са сваімі падапечнымі. Акрамя таго, у Таццяны Стрыжак ёсць свае задачы. Яна знаёміць маладых спецыялістаў з сістэмай калектыўна-дагаворнай дзейнасці, дадатковымі гарантыямі для маладых спецыялістаў, якія ўнесены ў раённае пагадненне і ўсе калектыўныя дагаворы. Напрыклад, у Чыгуначным раёне ўсталяванна мінімальная надбаўка ў памеры 10—20% акладу на працягу трох гадоў працы ва ўстанове.

Абавязковым госцем на сустрэчы з маладымі настаўнікамі з’яўляецца прадстаўнік цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела адукацыі, які знаёміць з інфармацыяй аб фарміраванні фондаў заработнай платы, умовах, якія ўплываюць на памер заробку.

Сёлета педагагічную сям’ю ўстаноў адукацыі раёна папоўнілі 60 маладых спецыялістаў — настаўнікаў, педагогаў дадатковай адукацыі, выхавальнікаў. Зразумела, для кіраўніцтва аддзела адукацыі і адукацыйнай сферы горада ўвогуле вельмі важна, каб моладзь улілася ў калектывы, каб першыя працоўныя крокі не пазбавілі жадання заставацца ў прафесіі і, канечне, каб тэрмін адпрацоўкі скончыўся, а гэтыя шэсць дзясяткаў прыгожых хлопцаў і дзяўчат засталіся ў сваіх установах.

Наталля ЛУТЧАНКА.