Педагагічны алімп

“Мір — дзецям”, “За вернасць прафесіі”, “На ўсе 100”, “Яркі свет дзяцінства — рукамі прафесіянала!” і “Хутчэй! Вышэй! Мацней!” — гэта намінацыі рэгіянальнага конкурсу “Педагагічны алімп — 2021”, які праводзіцца на Гомельшчыне.

Мір — дзецям

Амаль усе яго пераможцы працуюць у галіне адукацыі вобласці. Сёлета выключэнне — Цімафей Глушакоў, кіраўнік абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. Дарэчы, яго на вечарыне да Дня настаўніка ўшанавалі першым. Як гавораць тыя, хто яго ведае блізка, Цімафей Іванавіч умее бачыць і разумець сэрцам праблемы сучаснасці, цяжкасці і боль людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. І — зрабіць усё для вырашэння праблем. Менавіта таму да яго, як парасткі да сонца, цягнуцца дзеці. Акцый, якія праводзяцца пад яго кіраўніцтвам, безліч. Толькі пералік зойме некалькі старонак газеты.

Па ініцыятыве і з удзелам Беларускага фонду міру на працягу 2020—2021 гадоў, нягледзячы на складаныя эпідэмічныя ўмовы, арганізавана і праведзена больш за 120 значных мерапрыем­стваў і акцый. У іх прымала ў­дзел у першую чаргу моладзь. Так, сярэдняя школа № 27 Гомеля з 2012 года мае ганаровы міжнародны статус “Школа міру”. Ёсць дагаворы пра міратворчае і адукацыйнае супрацоўніцтва з сямю школамі розных гарадоў Расійскай Федэрацыі. Штогод сумеснымі намаганнямі праводзяцца міжнародныя дзіцячыя лагеры міру і сяброўства, маршы міру, міратворчыя форумы, конкурсы і фестывалі ў Смаленску, Арле, у Курскай вобласці, ва Уладзікаўказе Рэспублікі Паўночная Асеція—Аланія…

Міжнародны дзіцячы лагер “Крынiчка” на працягу амаль трыццаці гадоў прахо­дзіць у Рагачоўскім раёне. Ён штогод збірае больш як 300 падлеткаў з Беларусі, Украіны, рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Дзеці вучацца жыць адной сям’ёй і захоўваць дружбу. Сёлета ў студзені на Гомельшчыне стартавала новая міратворчая акцыя “Наш класны — самы класны!”. Актыўная работа міратворцаў Гомельшчыны сёння ідзе сумесна з усімі структурамі с­істэмы адукацыі.

За вернасць прафесіі

Адзін запіс месца работы ў працоўнай кніжцы мае былы дырэктар Жлобінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Мікалай Алейнік. Нездарма ён адзначаны ў намінацыі “За вернасць прафесіі”. Мікалай Віктаравіч пачынаў майстрам вытворчага навучання, затым 10 гадоў працаваў намеснікам дырэктара, а пасля 22 гады на пасадзе кіраўніка. Калегі заўсёды цанілі не толькі прафесіяналізм, талент педагога, але і душэўную цеплыню, чуласць, цярпенне і невычэрпную энергію. 42 гады ён быў верны справе ўсяго свайго жыцця.

Дзякуючы ініцыятыве і настойлівасці Мікалая Віктаравіча, у 2007 годзе на базе ўстановы адукацыі адным з першых у краіне быў створаны рэсурсны цэнтр па сельскагаспадарчай вытворчасці. У каледжы больш за 100 гектараў ворных земляў, гадавальнікі лекавых культур і дэкаратыўных кветак. За гады працы Мікалая Алейніка падрыхтавана звыш 15 тысяч высока­прафесійных спецыя­лістаў для аргарна-эканамічнага комплексу не толькі Гомельшчыны, але і ўсёй краіны.

На ўсе 100

“На ўсе 100” — гэта не толькі намінацыя, але і вынік работы настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Алы Ліс. У яе вучняў — 11 дыпломаў на трэцім этапе, 4 дыпломы на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Грамадазнаўства” і “Гісторыя”. А яшчэ штогод — перамогі навучэнцаў на рэспубліканскай прававой алімпіядзе “Феміда”. У скарбонцы Алы Мікалаеўны пяць 100-бальных сертыфікатаў. Тры з іх атрыманы сёлета.

— Калі мы ўспамінаем пра сваю адукацыю, — адзначае педагог, — у першую чаргу думаем пра настаўнікаў. Не пра метады і прыёмы, якія ён выкарыстоўваў на ўроку, а пра яго асобу. Калі ў педагога гараць вочы, яму цікава, дзеці гэта счытваюць і самі натхняюцца. Што тычыцца майго прадмета, калі ты разумееш механізм гістарычных працэсаў, становяцца зразумелымі многія рэаліі жыцця. Сучасныя школьнікі зацікаўлены ў развіцці сваёй дзяржавы, цікавяцца палітыкай, падрабязна знаёмяцца не толькі з правамі, але і з абавязкамі. Мяне захапляюць сучасныя тэхналогіі, навуковыя адкрыцці, глыбокае разуменне важных працэсаў. Менавіта настаўнік можа пазнаёміць дзяцей з гэтымі дасягненнямі і падштурхнуць на новыя.

Яркі свет дзяцінства — рукамі прафесіянала

Людміла Явар — зорны метадыст у галіне дашкольнай адукацыі Гомельскай вобласці. Яна працуе ў Светлагорскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце. Педагога са Светлагорска неаднаразова запрашалі ў сталіцу, а яна застаецца вернай Гомельшчыне. Калегі з Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі гавораць, што прозвішча Явар стала сёння брэндам сістэмы дашкольнай адукацыі. Яна ўзнагароджана ў намінацыі “Яркі свет дзяцінства — рукамі прафесіянала!”. Людміле Мікалаеўне ўласцівы не толькі прафесіяналізм, але і абаянне, крэатыўнасц­ь, імкненне пераадолець цяжкасці, давесці справу да бліскучага завяршэння.

Людміла Явар 23 гады працуе ў сістэме дашкольнай адукацыі Светлагорскага раёна. На працягу апошніх 13 ву­чыць калег працаваць з дзецьмі. Пра калейдаскоп метадычных ідэй Людмілы Мікалаеўны ведаюць у кожным раёне Гомельскай вобласці. Толькі за апошнія тры гады яна правяла больш за 20 выязных адукацыйных майстар-класаў. Яна выдала 9 аўтарскіх метадычных дапаможнікаў.

Хутчэй! Вышэй! Мацней!

Намінацыя “Хутчэй! Вышэй! Мацней!” аддадзена выкладчыку фізвыхавання Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледж­а Алене Понька. 25 яе падапечных толькі сёлета сталі пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў: Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь, летніх мнагаборстваў “Абаронца Айчыны”, “Здароўе” і інш. Усяго ў скарбонцы педагога 53 перамогі яе вучняў. Менавіта яе выхаванцам даверана адстойваць гонар нашай краіны ў 2021 го­дзе на спартакіядзе Саюзнай дзяржавы сярод навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Мы выбіраем спорт!”.

Трэнер, гавораць калегі, вельмі перажывае і радуецца за сваіх спартсменаў. Алена Сяргееўна мае багаты вопыт, назапашаны за многія гады работы. Дарэчы, ён знайшоў увасабленне ў аўтарскіх праграмах па валейболе, баскетболе, настольным тэнісе, атлетычнай гімнастыцы, міні-футболе і іншых відах спорту. Алена Понька ўмее вызначыць галоўны кірунак у сваёй педагагічнай дзейнасці і паказаць вектар поспеху, які прыводзіць на алімп.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.