Педагагічны дэбют

II Міжнародная студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя “Спецыяльная педагогіка: прафесійны дэбют” прайшла ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. У ёй прынялі ўдзел студэнты, магістранты, навучэнцы педагагічных класаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Арменіі і Узбекістана — 163 прадстаўнікі з 23 устаноў адукацыі.

Падчас сустрэчы маладыя людзі абмяркоўвалі інавацыйныя падыходы да работы з дзецьмі з АПФР, шляхі ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, сем’яў і грамадскіх арганізацый па пытаннях навучання і выхавання дзяцей з абмежаваннямі, праблемы іх прафесійнай арыентацыі, магчымасці працоўнай падрыхтоўкі і сацыяльнай адаптацыі. Юныя даследчыкі расказвалі пра спецыяльныя ўмовы, якія неабходна ствараць для дзяцей з АПФР ва ўстановах адукацыі, прафесійныя кампетэнцыі педагогаў, якія працуюць ва ўмовах інклюзіі. Юнакі і дзяўчаты прадставілі вынікі ўласных даследаванняў, якія былі праведзены з дзецьмі з абмежаваннямі, пры падтрымцы навуковых кіраўнікоў. Удзельнікі канферэнцыі выступалі на пленарным пасяджэнні, на тэматычных секцыях, наведалі майстар-класы.

“Сёння ў Беларусі адсутнічае ўніфікаваная праграма педагагічнай дыягностыкі ўзроўню развіцця зрокавага ўспрымання дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннямі зроку, — заўважыла студэнтка БДПУ імя Максіма Танка Марыя Апанасевіч. — Большасць праграм дыягностыкі, якія выкарыстоўваюцца, грувасткія, разрозненыя і па некаторых аспектах неэфектыўныя. На аснове вывучэння вопыту дыягностыкі зрокавых парушэнняў намі на кампетэнтнаснай аснове была распрацавана праграма ацэнкі развіцця зрокавага ўспрымання дашкольнікаў з парушэннямі зроку”.

Пра асаблівасці фарміравання фінансава-эканамічнай дасведчанасці навучэнцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення расказаў студэнт БДПУ імя Максіма Танка Аляксей Барэхаў. Ён прапанаваў навучэнцам выканаць тэставыя заданні, якія ўключалі тэарэтычныя пытанні і практычныя заданні: задачы на вызначэнне сумы, якую неабходна выплаціць па крэдыце, а таксама лепшай рэальнай зарплаты і найбольш выгаднага варыянта набыцця паслугі і інш. У даследаванні прынялі ўдзел навучэнцы 9—10 класаў. Больш за 70% дзяцей паказалі нізкі і фармальны ўзровень сфарміраванасці фінансава-эканамічнай дасведчанасці. Астатнія вучні выканалі заданні на базавым і высокім узроўнях. У вучняў узніклі цяжкасці з вызначэннем паняццяў “грошы”, “акцыя”, “вексель”. Яны не зусім разумелі валютныя аперацыі (разглядалася купля 50 долараў ЗША за беларускія рублі), а таксама падлік сумы асноўнага доўгу і працэнтаў па крэдыце. Пры гэтым арыфметычныя дзеянні ў задачах былі падабраны такім чынам, каб у меншай ступені стаць прычынай няправільнага рашэння, напрыклад, патрабавалася вызначыць 20% ад 1000 рублёў.

Малады чалавек парэкамендаваў вучыць дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення азам фінансава-эканамічнай дасведчанасці падчас заняткаў: вучэбных — “Грамадазнаўства”, “Матэматыка”, “Геаграфія” — і карэкцыйных — “Сацыяльнае арыентаванне”, “Сродкі масавай камунікацыі”, а таксама на пазакласных мерапрыемствах. Былі вылучаны кірункі такой работы: фарміраванне агульных фінансава-эканамічных ведаў, эканамічнага кругагляду, засваенне аптымальных спосабаў дзейнічаць у розных эканамічных сітуацыях.

“Зараз актуальным з’яўляецца не толькі фарміраванне камунікатыўных уменняў у дзяцей з маўленчымі парушэннямі, але і навыку выкарыстання гэтых уменняў у розных сацыяльных сітуацыях, гэта значыць камунікатыўных стратэгій паводзін, — падкрэсліла студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Дзіяна Букатовіч. — Эксперымент па выяўленні ўзроўню сфарміраванасці камунікатыўных стратэгій у трэцякласнікаў з ЦПМ паказаў, што навучэнцы адчуваюць цяжкасці ў міжасабовых узаемаадносінах. З гэтай мэтай былі распрацаваны дыдактычныя сцэнарыі карэкцыйных заняткаў, накіраваныя на фарміраванне камунікатыўных стратэгій паводзін у навучэнцаў, і абгрунтавана неабходнасць іх выкарыстання”.

Дыдактычны сцэнарый уяўляе сабой тэкставае апісанне ўрока, у ім вылучаюцца спецыяльна створаныя сітуацыі (як у літаратурным, так і ў кінатэатральным сцэнарыі), для кожнага вучня прадугледжваецца свая роля, а ўзаемаадносіны паміж удзельнікамі ўрока загадзя плануюцца. У адрозненне ад традыцыйнага плана-канспекта заняткаў дыдактычны сцэнарый урока больш шматгранны і дэталізаваны.

Праблемы развіцця прасторавых уяўленняў у дзяцей з парушэннямі інтэлектуальнага развіцця акрэсліла студэнтка Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта Кацярына Кірсанава. “Дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця і з разумовай адсталасцю часта размяркоўваюць у адну дашкольную групу і вучаць па адной праграме, — адзначыла Кацярына. — Але да кожнай катэгорыі дзяцей патрэбен дыферэнцыраваны падыход, які ўключае свой асаблівы змест, свае метады і прыёмы карэкцыйна-развіццёвай работы”.

З мэтай вывучэння ўзроўню сфарміраванасці прасторавых уяўленняў у дзяцей з парушэннямі інтэлектуальнага развіцця дзяўчына правяла эксперыментальнае даследаванне на базе дзіцячага сада камбінаванага віду Масквы. У эксперыменце ўдзельнічалі дзесяць дзяцей 5—6 гадоў (пяць дзяцей з ЗПР і пяць — з лёгкай ступенню інтэлектуальнай недастатковасці). Даследаванне выявіла, што ў дзяцей з ЗПР сярэдні ўзровень сфарміраванасці прасторавых уяўленняў, а ў дашкольнікаў з інтэлектуальнай недастатковасцю — нізкі. У некаторых дзяцей былі парушэнні з разуменнем і слоўным вызначэннем прасторавых уяўленняў. У кагосьці ўзнікалі цяжкасці з разуменнем правільнага размяшчэння прадметаў у прасторы. Але літаральна ўсе дашкольнікі адчувалі цяжкасці з разуменнем і пабудовай фраз аб размяшчэнні прадметаў у прасторы. У дзяцей з парушэннямі інтэлектуальнага развіцця ўзровень сфарміраванасці прасторавых уяўленняў да школьнага ўзросту відавочна адстае ад нормы. Можна зрабіць выснову, што дзеці з разумовымі парушэннямі і ЗПР патрабуюць розных падыходаў да працэсу навучання і развіцця і неаднолькавага падбору комплексаў карэкцыйных заданняў. У аснове такога навучання павінна быць перш за ўсё назапашванне пачуццёвых ведаў аб прадметах навакольнага свету і іх размяшчэнні ў прасторы. Чым раней пачаць карэкцыйную работу, тым больш высокім будзе ўзровень развіцця прасторавых уяўленняў у дзіцяці.

Метадычныя шляхі пры рэалізацыі дыферэнцыраванага падыходу ў развіцці звязнага маўлення дзяцей з парушэннем слыху дашкольнага ўзросту акрэсліла студэнтка БДПУ імя Максіма Танка Дар’я Платоненка. Адной з найбольш эфектыўных тэхналогій развіцця дыялагічнага маўлення дзяцей з парушэннем слыху прызнаецца аўдыявізуальны курс вербатанальнага метаду, распрацаваны харвацкім навукоўцам Петарам Губерынам. Дзяўчына распрацавала аўдыявізуальныя комплексы, пабудаваныя па тэматычным прынцыпе, якія ўключаюць наглядны матэрыял, тэксты дыялагічнага і маналагічнага характару і сістэму заданняў да іх. Да тэкстаў-дыялогаў, згодна з патрабаваннямі аўдыявізуальных курсаў П.Губерыны, была створана серыя малюнкаў (да кожнай рэплікі). Да тэкстаў маналагічнага характару распрацоўваліся як серыі карцін (план узнаўлення тэксту), так і карціна, якая адлюстроўвае агульны сэнс, з апорай на якую дзіця павінна ўзнавіць поўны тэкст. Кожная тэматычная распрацоўка з’яўляецца рознаўзроўневай, улічвае неаднолькавы ўзровень развіцця слыхавога ўспрымання і маўлення дзяцей з парушэннем слыху дашкольнага ўзросту. Выкарыстоўваючы такое вучэбна-метадычнае забеспячэнне, настаўнік-дэфектолаг зможа падабраць для кожнага дзіцяці па ўзроўні яго агульнага і слыхамаўленчага развіцця адпаведны дыдактычны і маўленчы матэрыял, а значыць, стварыць для кожнага дзіцяці сітуацыю поспеху, забяспечыўшы тым самым дашкольнікам авалоданне зместам праграмнага матэрыялу.

Гістарычны працэс станаўлення і развіцця лагапедыі як навукі, у прыватнасці ўзаемаўплыў лагапедыі з агульным культурна-гістарычным працэсам ва Украіне і свеце, разгледзела ў сваім даследаванні Юлія Царэнка, студэнтка Кіеўскага ўніверсітэта імя Барыса Грынчанкі. “Парушэнні маўлення вядомы чалавецтву з даўніх часоў, — адзначыла Юлія. — Стаўленне да такіх людзей мянялася ад кпінаў да злараднасці. Парушэнні маўлення станавіліся асновай для мянушак і прозвішчаў. Пазней прыйшло разуменне: людзі з парушэннямі маўлення маюць патрэбу ў спецыяльнай дапамозе. Нарэшце была сфарміравана цэласная сістэма такой дапамогі. Ад зараджэння лагапедыі як навукі ў другой палове XIX стагоддзя і да цяперашняга моманту яна застаецца для грамадства сферай малавядомай. Цэласных даследаванняў праблем узаемнага ўплыву лагапедыі і агульнага культурна-гістарычнага працэсу не праводзілася. Таму гэтыя пытанні вывучаліся мной па наступных кірунках: вылучыць ключавыя сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя і педагагічныя фактары, якія паўплывалі на развіццё лагапедыі XIX—XXI стагоддзяў; вызначыць месца лагапедыі ў мастацтве (літаратуры, кіно, жывапісе), мас- і субкультурах; сабраць і абагульніць матэрыялы аб выдатных гістарычных асобах, якія мелі парушэнні маўлення, але гэта не перашкодзіла ім дасягнуць поспеху”.

Матэрыялы даследавання павінны павысіць цікавасць да лагапедыі, паспрыяць папулярызацыі прафесіі лагапеда, разнастаіць і прадставіць студэнтам у даступнай і цікавай форме вучэбныя матэрыялы курсаў “Уводзіны ў спецыяльнасць”, “Лагапедыя”, “Спецпедагогіка з гісторыяй” і іншых.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *